Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Індывідуальныя прадпрымальнікі спрачаюцца, на якую плошчу і калі выходзіць


Ілюстрацыйнае фота. Антыкрызісны форум прадпрымальнікаў у Менску. Менск, 11 студзеня 2016 году

Ілюстрацыйнае фота. Антыкрызісны форум прадпрымальнікаў у Менску. Менск, 11 студзеня 2016 году

Тым часам лідэры прадпрымальніцкага руху адзначаюць зьніжэньне пратэстных настрояў.

Полацкі прадпрымальнік Генадзь Бердзянёў не падтрымлівае прапанову грамадзкай арганізацыі «Пэрспэктыва», агучаную на сходзе індывідуальных прадпрымальнікаў 1 лютага — правесьці мітынг на менскай плошчы Бангалор.

Ён заклікае прадстаўнікоў малога бізнэсу з усіх гарадоў Беларусі аб’яднацца, каб разам выйсьці на акцыю пратэсту на галоўнай плошчы Менску. Альтэрнатыўную ініцыятыву Генадзь Бердзянёў патлумачыў Свабодзе:

Сабрацца на плошчы Бангалор — гэта паказаць кукіш у кішэні: ніхто не пачуе і ніхто не пабачыць. (...) А тым часам у людзей заканчваюцца грошы, людзі разгубленыя і могуць апусьціць рукі.

«Падчас сходу індывідуальных прадпрымальнікаў прагучала паведамленьне, што яны зьбяруцца 15 лютага на мітынг на плошчы Бангалор. Людзі, якія прыехалі ў Менск на сход, ініцыяваны „Пэрспэктывай“, — яны прыехалі з розных рэгіёнаў, гарадоў і мястэчак Беларусі. Гэтыя людзі ня маюць уяўленьня, што такое плошча Бангалор. А гэта месца для выгульваньня сабак, а не для сходу індывідуальных прадпрымальнікаў. Гэтак мы губляем пазыцыі, якіх дамагаліся вялікімі высілкамі. Вось гэтыя паходы да раённых, гарадзкіх, абласных выканаўчых камітэтаў — гэтак паступова, крок за крокам мы набліжаліся да Менску, каб арганізавана заявіць пра сябе і выказаць сваю пазыцыю. А сабрацца на плошчы Бангалор — гэта паказаць кукіш у кішэні: ніхто не пачуе і ніхто не пабачыць. Гэтак можна было і ў лесе на пікніку сабрацца. А тым часам у людзей заканчваюцца грошы, людзі разгубленыя і могуць апусьціць рукі. А так не павінна быць, мы павінны змагацца і дамагацца свайго права на працу. Неабходна аб’яднацца ўсім актыўным людзям, і я заклікаю зьвяртацца да мяне на мой асабісты тэлефон, праз сацыяльныя сеткі ў інтэрнэце. У нас ёсьць каардынацыйны цэнтар, і мы будзем раіцца пра нашы далейшыя сумесныя дзеяньні.

Калі Шумчанка зь нейкіх прычын не гатовы весьці людзей на вуліцы, то ёсьць іншыя людзі, якія гатовыя аб’яднаць і вывесьці людзей на галоўную плошчу, бо ўлада нас ня чуе.

Два гады таму я быў на сходзе, арганізаваным „Пэрспэктывай“, і мне вельмі спадабалася. Але прайшло два гады, і як пісалі просьбы-чалабітныя, так і працягваем пісаць. Я не хачу расколу і хачу, каб на ўладу ціснулі з усіх бакоў. „Пэрспэктыва“ — яны робяць сваю справу, але яны крыху памыляюцца. Нам ня трэба Бангалор і ня трэба заводзіць нас у лес. Мы павінны быць у цэнтры, і ўлада павінна нас пачуць. Калі Шумчанка зь нейкіх прычын не гатовы весьці людзей на вуліцы, то ёсьць іншыя людзі, якія гатовыя аб’яднаць і вывесьці людзей на галоўную плошчу, бо ўлада нас ня чуе».

Прадпрымальнік з Баранавічаў Мікалай Чарнавус кажа: у выніку таго, што цэнтраў актыўнай дзейнасьці індывідуальных прадпрымальнікаў утварылася некалькі, на сёньня ў асяродзьдзі дробных бізнэсоўцаў — разьяднанасьць і разлад:

Мікалай Чарнавус

Мікалай Чарнавус

«На нашым сходзе ў Баранавічах мы дамовіліся пайсьці на Карла Маркса 29 студзеня. Прайшоў сход у Віцебску — пераканалі нас далучыцца да такога ж паходу 8 лютага. Прадпрымальніцкі форум „Пэрспэктывы“ вырашыў 15 лютага на Бангалор. Гэтак усё пераносіцца і пераносіцца, а вынікам стане, што нікуды ня пойдзем — прыйшлі ў тупік. А ўсё адбываецца таму, што кожны цягне коўдру на сябе, а самае галоўнае — народ баіцца і запалоханы. Сядзяць яны на сходзе і крычаць: так, пойдзем, спусьцім зь яго скуру. А насамрэч скуру спускаць пойдуць два чалавекі. Народ баіцца, і я пакуль ня бачу выйсьця з гэтай сытуацыі».

Лідэр руху «Разам», менскі індывідуальны прадпрымальнік Аляксандар Макаеў таксама заяўляе пра зьніжэньне пратэстнага настрою сярод дробных бізнэсоўцаў, але не губляе аптымізму:

Аляксандар Макаеў

Аляксандар Макаеў

«Я разумею абурэньне гандляроў, і я таксама абураны тым, што прадпрымальніцкі сход абвясьціў дату мітынгу 15 лютага. Гэта адбылося ў той час, як раней была абвешчаная дата 8 лютага на Кастрычніцкай плошчы Менску, і пра гэта было вядома кіраўніцтву „Пэрспэктывы“. Так, быў добры сход, цудоўныя гучалі прамовы, і ўсё было б добра, каб не зьявілася гэтая дата — 15 лютага. У выніку зараз хваля пратэстаў будзе зьніжаная, хоць гэта і ня значыць, што зьнікне зусім. Прадпрымальнікам будзе цяжэй дасягнуць еднасьці, якую дэкляруюць усе. Бо калі людзі выходзілі да аблвыканкамаў — гэта таксама было пазбаўленьне людзей ад страху. І чыноўнікі таксама бачылі, што людзі гатовыя аб’яднацца і гатовыя на рашучыя дзеяньні. Зараз гэты пратэстны градус зьніжаны, а прадпрымальнікі сталіся падзеленымі чарговы раз. Я лічу, што гэта здрада адносна тых актывістаў, якія гатовыя былі выводзіць людзей на галоўную плошчу краіны. „Пэрспэктыва“ заглушыла гэтую ініцыятыву адносна 8 лютага і закрыла „пад каўпак“ еднасьць прадпрымальнікаў. Тым ня менш я лічу, што зусім ня факт, што на плошчу Бангалор прыйдзе больш індывідуальных прадпрымальнікаў, чым на цэнтральную плошчу краіны. Шанец паяднаць усе прадпрымальніцкія сілы застаецца».

«Ня важна, дзе а важна, колькі» — так тлумачыў рашэньне выйсьці на мітынг у парк Дружбы народаў 15 лютага лідэр грамадзкай арганізацыі «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG