Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта быў ангельскі гумар», — Марыя Рымар не хацела, каб яе «лапалі» ў аэрапорце, і сказала пра тратыл


Марыя Рымар, архіўнае фота

Марыя Рымар, архіўнае фота

У Кастрычніцкім судзе Менску пачаўся працэс над праваабаронцай з Самары Марыяй Рымар, якую абвінавачваюць у заведама лжывым паведамленьні пра небясьпеку ў менскім аэрапорце 7 ліпеня.

Марыя Рымар не прызнае сябе вінаватай.

Пра падзеі 7 ліпеня Марыя Рымар расказала, што той раніцай была вельмі стомленая, бо празь Менск ляцела з адпачынку ў Карпатах да Масквы. Прагледзела перад надглядам на пасадку ролік, у якім пабачыла, што магчымы надгляд бяз вобшуку. А вобшук ёй вельмі не падабаецца.

Пазыцыя падсуднай: «Я пажартавала»

Рымар: «Вельмі не люблю кантактнага надгляду. Таму прыйшла амаль што першай. Паклала на стужку рэчы, і яны паехалі на надгляд, сама таксама без званку прайшла рамку. Але інспэктарка Марус працягнула да мяне рукі, каб зрабіць кантактны надгляд. Я запярэчыла, але інспэктарка настойвала і пачала пералічваць небясьпечныя рэчывы, якія нельга правозіць.

Тады я паўтарыла першае яе слова і сказала „тратыл там“, паказваючы на рэчы, якія ўжо прайшлі рамку. Гэта была такая крытыка яе дзеяньняў, яе спробы кантактнага надгляду, калі ўжо рэчы прайшлі праз рамку. Але інспэктарка мяне перапытала, што я маю на ўвазе, і паклікала міліцыянта. У яго я таксама паспрабавала высьветліць, чаму мяне надглядаюць, калі мае рэчы прайшлі без праблем? Тут Марус зачыніла дзьверы, сказаўшы, што я не прайшла надгляд. Я засталася ў боксе адна.

Потым да мяне прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і аэрапорту, усяго каля 10 чалавек. Супрацоўнік Фэрэнс пачаў на мяне крычаць, калі я паспрабавала зьняць на тэлефон ягоны нумарны жэтон. Крычалі на мяне і іншыя. Потым пачалі прыходзіць адзін за адным супрацоўнікі. Тады я паспрабавала запісаць ягонае прозьвішча ў блякнот, спрабавала высьветліць у іншых акалічнасьці надгляду. Я не адмаўлялася прайсьці надгляд, але спрабавала высьветліць, як гэта зрабіць. На мае пытаньні не адказвалі, мяне перарывалі. Я зразумела, што маё слова пра тратыл зразумелі літаральна. Я спрабавала патлумачыць, што адбылося непаразуменьне, але мяне ня чулі, а інспэктарка Марус нават умешвалася і перарывала мяне, а іншым казала, што я вінаватая.

Тыя, хто падыходзілі, цікавіліся толькі меркаваньнем інспэктаркі Марус, а маіх тлумачэньняў ня слухалі. Мяне палохалі, што я не палячу, хоць да адлёту самалёта была яшчэ гадзіна. Некалькі разоў у мяне спрабавалі нават вырваць з рук пашпарт. Я была спакойная і ўсімі сродкамі спрабавала высьветліць сытуацыю. Пры кожным допыце з супрацоўнікамі я тлумачыла сваю пазыцыю пра надгляд і ад яго не адмаўлялася, але мяне ня слухалі. У выніку міліцыянты ў 9.50 гвалтам мяне вывелі: двое схапілі за рукі, адзін ішоў паперадзе. Мы ішлі праз натоўп пасажыраў, і ў гэты час міліцыянт гучна казаў: „Як вам ня сорамна, грамадзянка!“ Мне было вельмі непрыемна ў гэты момант, я адчувала сябе прыніжанай. Я спрабавала сказаць, што ні ў чым не вінаватая, але мне гэтак заламалі рукі, што я ўжо нічога не магла казаць».

Пракурор: «Чаму замест таго, каб дакладна сказаць, што ў вас няма тратылу, вы сказалі пра тратыл? Проста не сказалі, што ня трэба мяне абмацваць?»

Рымар: «Інспэктарка перарывала мае тлумачэньні, яна ўвогуле не хацела мяне чуць. А мяне літаральна трасе ад абмацваньня на надглядзе. Аднойчы я ўжо праходзіла такі прыніжальны надгляд у Менску, тады мне было вельмі непрыемна. Таму я гэтага не хацела зноў. А інспэктарка як пачала з тратылу, гэтак і працягвала мяне падазраваць. Яе цікавіла толькі тое, каб затрымаць чалавека. Я сказала пра тратыл у мяне, каб падкрэсьліць абсурднасьць яе словаў, што, маўляў, тратыл у мяне можа быць гэтаксама, як у тых маіх рэчах, якія ўжо прайшлі праз рамку. Маіх рэчаў ніхто не надглядаў. У тым ліку і потым, цягам наступных 20 гадзін, яны былі са мной і іх ніхто не надглядаў».

«Я нікога не хацела напалохаць»

Марыя Рымар адмовіла пункт абвінавачаньня, паводле якога яна сваім паведамленьнем пра тратыл «заведама хацела напалохаць людзей».

Рымар: «Я нікога не хацела напалохаць. Я глядзела на рэчы, якія былі бясьпечныя, і сваімі словамі хацела гэта падкрэсьліць. І мяне зьдзівіла, што мае словы гэтак патлумачылі. У мяне ў актыўным слоўніку ўвогуле няма такога слова, як тратыл, яго я паўтарыла за інспэктаркай Марус, бо ад яе пачула. Тым больш я была ў стомленым стане і вельмі не хацела абмацваньня пры надглядзе».

Судзьдзя: Вы кажаце ў паказаньнях пра абсурднасьць сытуацыі. А ў чым была гэтая абсурднасьць, на ваш погляд?

Рымар: «Бо я пасьпяхова прайшла надгляд, мае рэчы прайшлі надгляд, таму навошта было пытацца ў мяне пра тратыл? Я раней бачыла на роліку, што мяне не павінны былі надглядаць кантактна, калі мае рэчы прайшлі праверку, а тут раптам паспрабавалі абмацаць. Таму я гэтак сказала і папрасіла патлумачыць, чаму мяне хочуць надглядаць кантактна. Але мне гэта так і не патлумачылі. А потым у мяне пачаліся эмоцыі... Я не выключаю, што інспэктарка гэтак выконвала свае абавязкі».

«Гэта быў такі ангельскі гумар»

Суд прагледзеў відэазапіс падзеі. Пры гэтым судзьдзя дазволіў прысутным журналістам прагледзець запіс разам зь іншымі ўдзельнікамі працэсу. Рымар потым заўважала суду:

«Бачыце, я адразу настойвала на тым, каб мне патлумачылі, чаму мяне зьбіраюцца „лапаць“, калі мае рэчы прайшлі надгляд».

Таксама яна нагадала суду, спасылаючыся на відэазапіс, што на словы супрацоўніка — «Што вы мелі на ўвазе сваёй заявай?» — яна адказала, што ніякай заявы ад яе не было. «Гэта не была заява пра небясьпеку».

Судзьдзя: Чаму вы заявілі пра адсутнасьць у інспэктара пачуцьця гумару? У чым тут гумар?

Рымар: Гэта быў такі ангельскі гумар: маўляў, чаму вы ў мяне шукаеце тратыл, паглядзіце яго там, у рэчах, якія прайшлі надгляд. Але потым я зразумела, што мяне не разумеюць.

Сьведка: «Было дзьве заявы пра тратыл»

Сьведка Тацяна Марус, інспэктарка, якая праводзіла надгляд Марыі Рымар, заявіла:

«Яна адскочыла ад мяне, я не „празьвінела“. „Тратыл? Тратыл у мяне там“, — і паказала на свой багаж. А потым другі раз паўтарыла: „Тратыл у мяне там“. Тады я выклікала міліцыянтаў і супрацоўнікаў і заявіла, што надгляд яна не прайшла. Спачатку я вырашыла, што чалавек жартуе, расстроены. Але сумненьні ў мяне ўзьніклі, калі яна другі раз гэта паўтарыла. Я насьцярожылася, бо зразумела, што рэальна прыйдзецца дзейнічаць».

Паводле Марус, калі чалавек ня можа праходзіць кантактны надгляд, прыкладам, у гіпсе, на гэты выпадак ёсьць рэнтген. Але надгляд праводзяць у любым выпадку.

Чаму сьведка не дала пасажырцы Рымар тлумачэньняў, якіх тая патрабавала, пра неабходнасьць кантактнага надгляду?

«Я ня робат. Можна было заняць 15 хвілін на размову, але ідзе праверка рэйсу. Я ёй сказала, што тратыл таксама не зьвініць».

Ці шукалі тратыл, сьведка ня ведае

Тацяна Марус сказала, што сама не высьвятляла, ці сапраўды быў тратыл у рэчах Рымар.

«Гэта не мая справа, гэтым займаюцца іншыя інспэктары. Калега Сяргей спыніў стужку, калі прагучала заява. Гэта паводле інструкцыі, каб ня даць доступу да рэчаў чалавеку, які зрабіў заяву».

Адвакатка на гэта заўважыла, што насамрэч рэчы выйшлі з «тунэлю» і былі побач з Рымар, яна мела да іх доступ, узяла зь іх тэлефон, што добра бачна на відэа.

«Тады якую небясьпеку ўяўляла пасажырка Рымар? Якія былі ў вас да яе прэтэнзіі?»

«Першая, што яна адмовілася ад надгляду, другая — яе заява пра тратыл. Паводле інструкцыі, калі чалавек не прайшоў надгляд, ён не дапускаецца да рэйсу».

Сьведка нічога не змагла ркасказаць пра тое, ці правяраў хто наяўнасьць у рэчах Рымар тратылу.

На сьведцы ў момант інцыдэнту быў замацаваны відэарэгістратар, на які быў зьняты інцыдэнт. На запісе ёсьць і здымак рэчаў Тацяны Рымар, якія ўжо прайшлі надгляд. Але ў паказаньнях Тацяна Марус сказала, што ня бачыла рэчаў Рымар. Марыя Рымар запытала ў сьведкі: чаму тая кажа, што ня бачыла ейных рэчаў?

«Відэарэгістратар на мне — гэта машына, а я рэчаў ня бачыла».

Спаслаўшыся на сакрэтнасьць, Тацяна Марус адмовілася патлумачыць інструкцыю, паводле якой яна вырашыла правяраць Марыю Рымар з дапамогай «кантактнага надгляду».

«Вы адразу для мяне, як толькі зайшлі, былі падазроным пасажырам», — прызналася Тацяна Марус і спаслалася на свой прафэсійны досьвед. Паводле Марус, яна ўбачыла нэрвознасьць Рымар, калі тая паказвала свае дакумэнты. «Тады для мяне з разраду звычайных вы перашлі ў падазроныя. Таму далей я б зьняла з вас абутак, правяла б кантактны надгляд». — «Чаму ж гэтага не было зроблена?» — «Бо вы не прайшлі надгляд».

Рымар: «Што я ня так паказала, што вы мяне аднесьлі да разраду падазроных?» — Марус: «Я бачыла, што вы разгубленыя, для мяне гэта дастаткова».

Адвакат: «Ці была, на ваш погляд, небясьпека?»

Сьведка Марус: «Так. У сувязі зь неадэкватнымі паводзінамі гэтага чалавека так можна было меркаваць. Ад такіх людзей невядома чаго можна чакаць».

Працэс над Марыяй Рымар працягваецца. Справу Рымар разглядае судзьдзя Аляксандар Сяргей.

Марыю Рымар затрымалі ў менскім аэрапорце, абвінаваціўшы ў заведама лжывым паведамленьні пра бомбу ў багажы. Інцыдэнт адбыўся 7 ліпеня. Толькі праз 11 дзён Марыю Рымар вызвалілі зь СІЗА, але наклалі на яе абмежаваньні ў перасоўваньні, не дазволіўшы ехаць у Расею. Марыі Рымар пагражае да 5 гадоў зьняволеньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG