Лінкі ўнівэрсальнага доступу

100 000 чалавек просяць вызваліць Марыю Рымар — расейку, затрыманую ў Беларусі за «тратыл»


Марцыя Рымар

Марцыя Рымар

Пэтыцыю да беларускіх праваахоўнікаў з просьбай вызваліць расейскую праваабаронцу разьмясьціў на сайце change.org яе муж Андрэй Рымар.

«Вызваліце расейку, маю жонку, маці дваіх дзяцей, арыштаваную ў Менску за няўдалы жарт», — піша муж Марыі Рымар у звароце, які на момант 17 жніўня падпісала амаль 105 тысяч чалавек.

4 жніўня ў судзе Кастрычніцкага раёну Менску працягваўся разгляд справы Марыі Рымар. Суд вынес рашэньне толькі датычна паводзінаў Рымар адносна супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Па іх словах, яна адмаўлялася прадстаўляць пашпарт, а таксама аказвала супраціў міліцыі. Жанчына атрымала штраф — 525 рублёў.

«У нас з Марыяй двое дзяцей 6 і 11 гадоў. У яе родным горадзе Самары яе ведаюць і любяць як жывога і шчырага чалавека, заўсёды гатовага дапамагчы. Яна — юрыст, дапамагае людзям, якія трапілі ў цяжкія сытуацыі і засталіся без абароны. У яе дзеяньнях ніколі не было палітыкі — толькі дапамога канкрэтным людзям. І ўжо вядома, яна ніколі не была хуліганкай. Несумненна, яе словы былі вельмі неабдуманыя, але не зразумела, каму стане лепш ад таго, што яна будзе пакараная паводле крымінальнага артыкулу. Дзецям, якія яе чакаюць дома? Іміджу беларускіх праваахоўнікаў і дзяржавы Беларусь? Якую шкоду яна нанесла? Я прашу беларускіх праваахоўнікаў праявіць гуманнасьць і здаровы сэнс і адпусьціць Марыю дадому, да дзяцей», — такімі словамі сканчваецца зварот.

Марыя Рымар зь дзецьмі ў Самары, архіўнае фота

Марыя Рымар зь дзецьмі ў Самары, архіўнае фота

37-гадовую Марыю Рымар затрымалі ў менскім аэрапорце 7 ліпеня за «заведама ілжывае паведамленьне аб небясьпецы». Паводле артыкулу 340 Крымінальнага кодэксу Беларусі жыхарцы Самары пагражае да 5 гадоў турмы. Марыю Рымар трымалі ў СІЗА ў Менску і Жодзіне 12 дзён. 18 ліпеня яе выпусьцілі пад заклад. Цяпер, па словах Марыі, яна жыве ў знаёмых у Менску, бо ня мае права пакуль пакідаць Беларусь.

У інтэрвію Свабодзе Марыя Рымар казала, што ў менскім аэрапорце слова «тратыл» яна паўтарыла за супрацоўніцай, якая праводзіла асабісты надгляд і правярала рэчы ў аэрапорце. «Я супраціўлялася неабгрунтаванаму дадатковаму асабістаму надгляду, — кажа Рымар. — Так правільна казаць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG