Расея і Кітай у панядзелак, 5 сьнежня, наклалі вэта на рэзалюцыю Рады Бясьпекі ААН, у якой прапаноўвалася ўстанавіць 7-дзённае замірэньне ў Алепа. Прадстаўнік Расеі заявіў, што такое замірэньне дазволіла б праціўнікам рэжыму Асада «перагрупаваць свае сілы».
Расея ў шосты раз наклала вэта на рэзалюцыю Рады Бясьпекі ААН з часу пачатку грамадзянскай вайны ў Сырыі ў 2011 годзе. Для Кітаю гэта стала пятым выпадкам ужываньня права вэта пры галасаваньнях за рэзалюцыі, накіраваныя на спыненьне кровапраліцьця ў Сырыі.
Вэнэсуэла таксама прагаласавала супраць рэзалюцыі, распрацаванае Новаю Зэляндыяй, Эгіптам і Гішпаніяй, Ангола ўстрымалася, астатнія 11 чальцоў Рады Бясьпекі ААН, уключна зь Вялікай Брытаніяй, ЗША, Украінай і Францыяй, прагаласавалі за замірэньне.
Папярэднія перапынкі ў баявых дзеяньнях у Алепа спрыялі даставе для насельніцтва неабходных мэдыкамэнтаў, харчаваньня і прадметаў першай неабходнасьці.