Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Анамальная сьмяротнасьць у расейскіх рэгіёнах можа быць зьвязаная з баявымі стратамі ў Данбасе і Сырыі


Расейская грамадзкая актывістка Тацяна Колесава, чыя прафэсійная дзейнасьць зьвязана са статыстыкай, заўважыла анамальную сьмяротнасьць ад вонкавых прычын, зафіксаваную пачынаючы ад вясны 2014 году ў трох расейскіх рэгіёнах. Яна задаецца пытаньнем, ці не хаваюцца за гэтымі лічбамі баявыя страты ў Данбасе і Сырыі.

Тацяна Колесава супрацоўнічае зь некамэрцыйнай арганізацыяй «Назіральнікі Пецярбургу», некалькі гадоў таму яна занялася электаральнай статыстыкай і выявіла там шмат дзіўнага. Цяпер яна зьвярнула ўвагу на дэмаграфічную статыстыку і таксама сутыкнулася з рэчамі, якіх не чакала ўбачыць. Напрыклад, вывучаючы структуру і дынаміку сьмяротнасьці ў розных расейскіх рэгіёнах, яна выявіла, што ў трох зь іх сьмяротнасьць выглядае занадта ўжо вялікай, прычым у адным выпадку яе рэзкі скачок прыпадае на травень 2014 году, у двух іншых пачынаецца зь вясны 2015-га.

Тацяна Колесава

Тацяна Колесава

— Пры рэгістрацыі сьмяротнасьці ад вонкавых прычын паказваюцца чатыры асноўныя прычыны: забойства, самагубства, транспартныя здарэньні і атручаньне алькаголем. Яны паказваюцца ў апэратыўных дадзеных, але я зьвярнула ўвагу, што, калі гэтыя прычыны ўлічаны, звыш таго застаецца яшчэ прыкладна такая самая колькасьць сьмерцяў — і гэтая лічба расьце. Як правіла, з году ў год ад тых самых прычынаў памірае прыкладна аднолькавая колькасьць людзей — зь невялікімі ваганьнямі. Дзесьці бывае перакос у бок транспарту, недзе ў бок алькагалізму, але ўсё ж гэтыя лічбы ў асноўным стабільныя. Што ж тады расьце? Я пачала вывучаць, выдаткавала на гэта вельмі шмат часу, пазнаёмілася ня толькі з апэратыўнымі дадзенымі, але і з выніковымі справаздачамі, зь вялікай колькасьцю крыніц, артыкулаў, падручнікаў. І я выявіла, што ў нас за апошні пэрыяд, крыху менш за тры гады, ад траўня 2014 году, пачалі рэгістравацца дзіўныя або анамальныя лічбы сьмяротнасьці. Атрымліваецца, што сьмерцяў з прычыны забойства, самагубства, транспарту і выпадковага атручаньня алькаголем застаецца столькі сама, а вось гэтая туманная рэшта павялічваецца. І гэты працэс назіраецца ў трох рэгіёнах — Варонескай і Ніжагародзкай абласьцях і Краснаярскім краі. На тое, каб высьветліць гэта, пайшла процьма часу. На мой запыт Фэдэральная служба дзяржаўнай статыстыкі даслала мне архіўныя дакумэнты — справаздачы за мінулыя гады.

— А вы зьвярталіся туды як прыватная асоба?

— Так, у нас паводле закону любы чалавек можа накіраваць запыт хоць у службу статыстыкі, хоць у МУС, хоць у Цэнтральную выбарчую камісію, калі яму не спадабаецца нешта на выбарах. І вось мне даслалі справаздачы за мінулыя гады, і я зрабіла пунктам адліку 2013 год. Усе з гэтай нагоды жартуюць, бо ўсе, хто, як і я, вучыўся ў савецкай школе, прывыклі, што ўсё тады параўноўвалі з 1913-м — апошнім даваенным годам. Вось я і параўноўвала дадзеныя па сьмяротнасьці ў розных рэгіёнах з дадзенымі за 2013 год. Трэба сказаць, што кожны рэгіён мае свой дэмаграфічны партрэт. У яго ўваходзіць колькасьць нараджэньняў, шлюбаў за пэўны час, адзін з самых важных паказьнікаў — сьмяротнасьць, у тым ліку сьмяротнасьць ад вонкавых фактараў, якая ў нашай краіне вельмі вялікая.

Цяпер карціна па сьмяротнасьці ад вонкавых фактараў у цэлым па краіне выглядае добра, але ёсьць тры рэгіёны, дзе гэта ня так: там гэтая сьмяротнасьць расьце. У Краснаярскім краі гэтая зьява пачалася ў траўні 2014 году, у Варонескай і Ніжагародзкай абласьцях — у сакавіку 2015-га і зь некаторымі ваганьнямі працягваецца да гэтага часу. Калі параўноўваць з 2013 годам, дык на кожны з гэтых рэгіёнаў з 2014-2015 году прыпадае больш за 2 тысячы, а ўсяго — 6312 «лішніх» сьмерцяў. Я хачу ўдакладніць, што я кажу менавіта пра зарэгістраваныя сьмерці — гэта ня значыць, што менавіта такая колькасьць людзей памерла.

Натуральна, я глядзела ў СМІ — што ж адбывалася такога асаблівага ў гэтых рэгіёнах, што столькі людзей памерла? Можа, там страшны наркотык сьмяротны распаўсюджваўся або катастрофа нейкая была? Але катастрофы ў СМІ якраз адлюстроўваюцца добра — узяць тую самую авіякатастрофу над Сінаем у 2015 годзе, там узьлёт сьмяротнасьці бачны выразна. Праўда, і тут ёсьць свае дзівацтвы: я чакала, што ахвяры гэтай авіякатастрофы будуць зарэгістраваныя як ахвяры тэракту, але яны зарэгістраваныя ў транспартнай графе. Чаму — гэта таксама вялікае пытаньне. У астатнім жа мы бачым зь месяца ў месяц паўтараюцца лічбы — плюс 100, 200, 300, 150 сьмерцяў у кожным з трох рэгіёнаў — і мы разумеем, што гэта не выпадкова.

Мая асноўная гіпотэза, што ўсе гэтыя людзі загінулі ня ў гэтых рэгіёнах. А ўзьнікненьне анамальнай сьмяротнасьці ў траўні 2014 году я зьвязваю з тым, што значная колькасьць расейцаў удзельнічае ў баявых дзеяньнях на тэрыторыі іншых краін: гэта Ўкраіна і Сырыя.

Паколькі наша краіна адмаўляе свой удзел у ваенных дзеяньнях, але не адмаўляе прысутнасьці там сваіх грамадзян, якія, з майго пункту гледжаньня, займаюцца міжнародным тэрарызмам, то ў мяне ўзьнікае пытаньне. Калі гэтыя грамадзяне загінулі, дапусьцім, на Данбасе, дык чаму органы ЗАГС рэгіструюць іх сьмерці ў некалькіх пэўных рэгіёнах, з чым гэта зьвязана? Хто мог прыняць такое рашэньне — напэўна, кіраўніцтва гэтых рэгіёнаў? І мне незразумела, дзе на самой справе былі зарэгістраваныя гэтыя людзі, а дзе яны памерлі, — кажа Тацяна Колесава.

XS
SM
MD
LG