Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прывід «бэнзінавай» вайны


Беларусь мае намер зьменшыць пастаўкі ў Расею нафтапрадуктаў, найперш бэнзіну. Пра гэта паведамляе расейская газэта «Ведомости». Паводле выданьня, беларуская дэлегацыя на чале зь віцэ-прэм’ерам Уладзімерам Сямашкам сёньня зноў выпраўляецца ў Маскву, каб працягнуць адпаведныя перамовы.

Колькасьць сырой нафты, якую Расея пастаўляе на беларускія заводы, прапарцыйна зьвязаная з колькасьцю нафтапрадуктаў (найперш бэнзіну), якія Беларусь мусіць перадаць на расейскі рынак. Сёлета гэтыя паказьнікі адпаведна выглядаюць так: 23 мільёны тон сырой нафты і 1,8 мільёна тон нафтапрадуктаў. Таму, калі Менск захоча прадаваць меней бэнзіну, Масква можа зьменшыць пастаўкі нафты.

Аргумэнты афіцыйнага Менску наступныя: з-за дэвальвацыі расейскага рубля Беларусь губляе значныя сумы, і таму ёй нашмат выгадней прадаваць бэнзін у іншыя краіны.

«Ці ёсьць у беларускага боку падставы для торгу з расейскім бокам, залежыць ад таго, што дакладна прапісана ў дамове. Але яна — закрыты дакумэнт», — кажа Свабодзе кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук:

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

«Калі ў дамове прапісаныя дакладныя цэны, то тады Менск нічога ня зможа зрабіць. Калі ж гэтага няма, то тады ёсьць падстава для спрэчкі. Бо цяпер адна справа — прадаваць нафтапрадукты на Захад альбо ва Ўкраіну. І зусім іншая — у Расею. Калі прадаваць у Расею на расейскіх умовах пры іхняй дэвальвацыі, то гэта зусім ня той бізнэс, на які разьлічвае беларускі бок».

Свае словы Яраслаў Раманчук падмацоўвае наступнай статыстыкай:

«Сярэдняя цана адной тоны нафтапрадуктаў у 2014 годзе была 723 даляры. Але цана тоны, якая пайшла ў Расею, складала 591 даляр. А адна тона ва Ўкраіну каштавала 924 даляры.

У Расею мы прадалі летась 1 мільён 802 тысячы тон. Калі гэты аб’ём памножыць на цану для Ўкраіны альбо нават на сярэднюю цану, можна падлічыць, колькі дадаткова валюты мела б Беларусь, калі б гандлявала з Расеяй па іншых цэнах».

Паводле расейскай газэты, перамовы ў Маскве правядуць віцэ-прэм’еры Аркадзь Дварковіч і Ўладзімер Сямашка. Аднак, на думку кандыдата эканамічных навук, былога кандыдата на прэзыдэнта Беларусі Віктара Цярэшчанкі, яны толькі «тэхнічныя выканаўцы». Рашэньне пра тое, ці зрабіць Беларусі чарговую саступку, рэальна будзе прымаць Уладзімер Пуцін:

Віктар Цярэшчанка
Віктар Цярэшчанка

«Нам сапраўды хочацца прадаць бэнзін кудысьці ў іншыя краіны па больш выгадных коштах. Справа ў тым, што ў любую краіну прадаць той жа бэнзін больш выгадана, чым вяртаць яго назад у Расею. І мы будзем максымальна адстойваць гэты падыход.

Расея можа крышку пайсьці насустрач, а можа прынцыпова і не пайсьці. Магчыма, Дварковіч і зьменшыць колькасьць нафтапрадуктаў, якія трэба вяртаць. Але толькі тады, калі ён будзе мець такое права».

Расейскія экспэрты адзначаюць: абодва бакі маюць падставы для торгу.

У пратаколе да дамовы нібыта існуе пункт, згодна зь якім, калі цэны на расейскім рынку становяцца значна ніжэйшымі за экспартны парытэт, Беларусь можа ініцыяваць часовае скарачэньне паставак.

У сваю чаргу, у гэтым жа пратаколе нібыта існуе і пункт, згодна зь якім на кожную тону нафтапрадуктаў, якая не дайшла зь Беларусі, Расея можа зьнізіць пастаўкі сырой нафты на пяць тон. Прычым расейцам сёньня такі варыянт нават больш спрыяльны. Нафту, якая ня пойдзе ў Беларусь, яны могуць прадаць іншым краінам па вышэйшых цэнах і папоўніць свой бюджэт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG