Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З-за падзеньня ўсясьветных цэнаў на нафту і зьмяншэньня закупу беларускіх тавараў Расеяй бюджэт не атрымае тых грошай, на якія спадзяваліся яшчэ напрыканцы 2014 году

Праграма дзеяньня ўраду Беларусі на 2015 год разьлічана з таго, што 1 барэль нафты сёлета будзе ў сярэднім каштаваць 50 даляраў, а 1 даляр — 62 расейскія рублі. Гэтыя лічбы агучыў сёньня ў Палаце прадстаўнікоў прэм’ер-міністар Андрэй Кабякоў, які прадстаўляў дэпутатам урадавы плян дзеяньняў. Між тым усяго два месяцы таму бюджэт краіны на 2015 год прымаўся з зусім іншымі парамэтрамі: 83 даляры за барэль нафты і 43 расейскія рублі за даляр.

Прэм’ер-міністар сказаў, што «у цяжкі крызісны час» перад урадам стаяць тры галоўныя задачы. Першая — нарасьціць экспарт і праз гэта атрымаць дадаткова валюту. Другая — рэфінансаваць даўгі. І ўжо ёсьць папярэдняя дамова з расейскім урадам пра спыненьне гандлёвых войнаў, якую, як спадзяецца Кабякоў, зафіксуюць на пачатку сакавіка Лукашэнка і Пуцін. І трэцяя — скарачаць унутраныя выдаткі. Вырашана больш не даваць крэдытаў тым прадпрыемствам, якія працуюць выключна на склад.

Аднак, як прызнаў кіраўнік ураду, з-за падзеньня ўсясьветных цэнаў на нафту і зьмяншэньня закупу беларускіх тавараў Расеяй бюджэт не атрымае тых грошай, на якія спадзяваліся яшчэ напрыканцы 2014 году.

І цана нафты, і курс замежных валют — гэта вельмі значныя парамэтры беларускага бюджэту, адзначае дырэктар па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўген Прэйгерман:

Яўген Прэйгерман

Яўген Прэйгерман

«Зразумела, што ад той дынамікі, якая будзе назірацца і па цэнах на нафту, і па цэнах расейскага рубля адносна даляра і эўра, будуць зьмяняцца паказьнікі бюджэту нашай краіны. Так адбываецца, дарэчы, амаль штогод. Па выніках пэўных пэрыядаў уносяцца карэктывы, вызначаюцца новыя арыенціры. І сёлета гэта давядзецца таксама рабіць. Але раней гэта не адбівалася на бюджэце так значна.

Праўда, тут рух як бы не ў адзін бок. Таму што адны паказьнікі рухаюцца так, іншыя крыху інакш. Але тыя лічбы, якія заклалі ў бюджэт, безумоўна, не адпавядаюць той рэчаіснасьці, у якой мы сёлета жывём».

Рэжым эканоміі ўводзіцца і на сацыяльныя праекты. Так, сёлета колькасьць жыльля, якое будуецца з дапамогай дзяржавы, «скароціцца працэнтаў на 30», — паведаміў прэм’ер. Ён дадаў, што скарачэньне ня будзе закранаць толькі дзьве катэгорыі насельніцтва — шматдзетныя сем’і і сем’і вайскоўцаў.

Без падобных крокаў абысьціся проста немагчыма, — тлумачыць Яўген Прэйгерман:

«У такой крызіснай сытуацыі трэба будзе і сэквэстраваць бюджэт, і выдаткі скарачаць. Іншага шляху няма. Можна, праўда, паспрабаваць набіраць дадатковыя крэдыты. Аднак іх ня так проста атрымаць. Дый з пункту гледжаньня незалежнасьці і бясьпекі краіны гэта ня самая лепшая рэч.

Так што, безумоўна, будуць скарачацца, і нават у першую чаргу, некаторыя сацыяльныя праграмы. Нават па заробках бачна, што гэта адбываецца. Тут трэба памятаць, што сёлетні год вельмі важны з-за прэзыдэнцкай кампаніі. І таму ўлады вельмі адчувальныя да сацыяльных настрояў. Я думаю, што вельмі далёка яны ня пойдуць. Але трэба рыхтавацца да таго, што ўсё будзе зьніжацца. І нам давядзецца ўціскацца па ўсіх кірунках, дзе гэта толькі магчыма».

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

У цяперашняй сытуацыі ўраду будзе вельмі цяжка забясьпечыць сацыяльную падтрымку насельніцтву. Аднак у год выбараў адмовіцца ад сацыяльных каштоўнасьцяў таксама немагчыма, — лічыць палітоляг Аляксандар Класкоўскі:

«Калі грошай няма, то іх і сапраўды няма. І ніякімі лёзунгамі і дырэктывамі іх не заменіш. Таму ў гэтым сэнсе можна казаць, што урад уяўляе сабою каманду сьмяротнікаў. Думаю, што пасьля выбараў на яго павесяць усіх сабак: не змаглі, ня здолелі забясьпечыць, ну, калі ня рост, то хоць утрыманьне дабрабыту на пэўным роўні.

З другога боку, тут, я думаю, працуе стаўка ўладаў на доўгацярпеньне вось гэтага „народца“, як неяк назваў беларусаў вялікі начальнік. Быў жа ўжо 2011 год зь яго абвалам, гіпэрінфляцыяй. І ніхто ня выйшаў на плошчы. А апазыцыя марна спрабавала арганізаваць нейкія народныя сходы.

Сёлета ўлады зладзілі гібрыдную дэвальвацыю. І народ ня рыпнуўся — бурчаць на кухнях. І ня болей».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG