Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адліга» пасьля Давыдзькі: БТ заключыла дамову з рэжысэрам фільму «Жоўты пясочак» паводле Быкава


Генадзь Давыдзька, архіўнае фота
Генадзь Давыдзька, архіўнае фота

Фільм Аляксея Туровіча «Жоўты пясочак», зьняты паводле аднайменнага апавяданьня Васіля Быкава, пасьля звальненьня Генадзя Давыдзькі з пасады кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі атрымаў шанец на паказ па тэлевізіі.

Рэжысэр Аляксей Туровіч, архіўнае фота
Рэжысэр Аляксей Туровіч, архіўнае фота

Прэм’ера драмы, прысьвечанай ахвярам сталінскіх рэпрэсій, адбылася летась у верасьні, яго паказалі ў менскім кінатэатры «Масква», а таксама ў некалькіх установах Менскай, Берасьцейскай і Гомельскай абласьцей.

Да беларускіх тэлеканалаў справа не дайшла, хоць аўтар неаднаразова зьвяртаўся ў офіс на Макаёнка, 9, пачынаючы ад кастрычніка 2017 году.

Фільм узялі бясплатна — іншага варыянту не прадбачылася

Як сказаў Радыё Свабода рэжысэр Аляксей Туровіч, ён заключыў дамову з генэральным прадусарскім цэнтрам БТ на шматразовае выкарыстаньне фільму на ўмовах «выключнай ліцэнзіі» на каналах «Беларусь 3» (на тэрыторыі Беларусі) або «Беларусь 24» (на тэрыторыі вяшчаньня спадарожнікавага каналу). Ад імя дзяржаўнай арганізацыі дакумэнт падпісаў генпрадусар Глеб Шульман.

Тэрмін дзеяньня пагадненьня — 5 гадоў, пачынаючы ад 1 сакавіка. Грашовае ўзнагароджаньне пры гэтым не прадугледжана — іншымі словамі, аўтарскі калектыў на ганарар можа не разьлічваць. Калі фільм трапіць у праграму тэлеперадач, на БТ казаць ня сталі, толькі выказалі сумнеў, што гэта здарыцца неўзабаве — але цягам наступнай пяцігодкі пэўна.

Аляксей Туровіч кажа, што вымушаны прыняць ад пачатку нявыгадныя ўмовы, бо інакш атрымаць доступ на тэлеэкраны было немагчыма ў прынцыпе.

«Тэма Курапатаў — як чырвоная ануча для сёньняшніх уладаў: летась у верасьні ўдалося зрабіць прэм’ерны паказ у менскім кінатэатры „Масква“, астатнія ад пракату дружна адмовіліся. Пазьней я дамовіўся зь некалькімі ўстановамі ў рэгіёнах, але лік ішоў на адзінкі», — сказаў ён.

Давыдзька адмаўляўся паказваць — не сасьпеў да тэмы рэпрэсіяў

Паводле рэжысэра, падпісаньню дамовы папярэднічала працяглае ліставаньне з кіраўніцтвам Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі. Адхілены 6 лютага з пасады старшыні Генадзь Давыдзька ў сваіх адказах спасылаўся на «мэдыяпаказьнікі і маркетынгавыя дасьледаваньні», якія нібыта сьведчаць, што гэтая тэматыка не выклікае цікавасьці ў аўдыторыі, і таму няма мэтазгоднасьці набываць правы на паказ.

Клюб былых рэдактараў. Чым запомняцца звольненыя босы дзяржаўных мэдыя

Давыдзька прапанаваў прыгадаць пра Гітлера на 100-годзьдзе БНР

«Ваш зварот адносна прапановы на паказ па каналах Белтэлерадыёкампаніі зьнятага вамі мастацкага фільму „Жоўты пясочак“ разгледжаны на камісіі па набыцьці маёмасных правоў. Камісія прыняла рашэньне адхіліць вашу прапанову», — такі быў вэрдыкт Давыдзькі.

Паводле Аляксея Туровіча, ён быў гатовы пачуць крытыку фільму, рэжысэрскай інтэрпрэтацыі тагачасных падзей, расейскай мовы стужкі, але чуць пра «незапатрабаванасьць у гледачоў і немэтазгоднасьць» — гэта, ягонымі словамі, абраза Васіля Быкава і гістарычнай памяці беларускага народу.

Фільм зьняты за ўласныя грошы — давялося ўзяць крэдыт

Цяпер Аляксей Туровіч разьлічвае на большае разуменьне з боку новага кіраўніцтва БТ. Ён спадзяецца трапіць да новапрызначанага старшыні Белтэлерадыёкампаніі Івана Эйсманта, каб выслухаць ягоны пункт гледжаньня на падзеі 80-гадовай даўнасьці, якія мелі надзвычайныя наступствы для Беларусі.

Туровіч зьняў «Жоўты пясочак» за ўласныя грошы, давялося нават узяць банкаўскі крэдыт. Ён зьвяртаўся па дапамогу ў Міністэрства культуры, прапаноўваў супрацу кінастудыі «Беларусьфільм», аднак паразуменьня не знайшоў.

Калі фільм быў гатовы, аўтар даслаў ліст у Адміністрацыю прэзыдэнта — прасіў паспрыяць паказу стужкі на Беларускай тэлевізіі і ўшанаваць ахвяраў сталінскага тэрору. Адтуль прыйшоў адказ, што кіно прагледзеў першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі Максім Рыжанкоў, аднак падставаў для пазытыўнага адказу не знайшоў і адмовіўся прыняць рэжысэра.

Пасьля прэзэнтацыі ў адрас стваральнікаў карціны загучала крытыка, што героі — селянін, паэт ды іншыя тубыльцы — размаўляюць па-расейску. Туровіч тлумачыць, што беларускі дубляж значыўся адпачатку, але затармазіўся праз брак сродкаў. Тым часам беларускамоўная вэрсія ўжо падрыхтаваная, засталося падмацаваць тэхнічны працэс фінансава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG