Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дашкевіча аштрафавалі на 1050 рублёў за тое, што яго зьбілі міліцыянты


Зьміцер Дашкевіч на акцыі 7 лістапада

Зьміцер Дашкевіч на акцыі 7 лістапада

Суд Партызанскага раёну Менска прысудзіў лідэру «Маладога фронту» Зьмітру Дашкевічу штрафы ў 10 базавых велічыняў за «непадпарадкаваньне міліцыі» і 45 базавых велічыняў за «ўдзел у несанкцыянаванай акцыі» падчас санкцыянаванай акцыі ля Менскага трактарнага заводу 7 лістапада. Сумарны штраф — 50 базавых велічыняў альбо 1050 рублёў, бо больш за 50 суд прызначыць ня мае права.

Карэспандэнтку Свабоды выдалілі з суду за фота сьведкаў-АМАПаўцаў, хоць здымкі не забаранялі. Дашкевіч не прысутнічаў на прысудзе — ён паехаў на суд над Уладзімерам Кондрусем.

Зьміцер Дашкевіч сказаў, што прыйшоў на суд, каб даведацца імёны гэтых міліцыянтаў і распавесьці пра іх незаконныя дзеяньні — дзеля таго, каб спыніць падобны гвалт да іншых людзей.

Ён хадайнічаў аб правядзеньні судовага працэсу на беларускай мове і аб праглядзе відэазапісу затрыманьня, аднак судзьдзя адхіліла гэтыя хадайніцтвы, а таксама забараніла фатаграфаваць міліцыянтаў.

Супрацоўнікі АМАП, якія затрымлівалі і зьбівалі Дашкевіча, выступілі супраць яго сьведкамі ў судзе. Яны па чарзе заяўлялі, што не зьбівалі затрыманага, а нібыта ратавалі ад актывістаў-камуністаў, якія пагражалі таго забіць. Паводле іх сьведчаньняў, зафіксаваныя пабоі Зьміцер Дашкевіч атрымаў не ў міліцэйскім аўтобусе, а ў натоўпе. АМАПаўцы прыйшлі ў суд у суправаджэньні сваіх паплечнікаў, і кожны сьведка пасьля выхаду з залі пасяджэньняў узгадняў свае паказаньні зь іншымі. Паказаньні давалі камандзір аддзяленьня АМАП Павал Яфрэмаў, міліцыянты Андрэй Лявонаў і Сяргей Селін.

Падчас суду Зьміцер Дашкевіч нагадаў кожнаму сьведку-міліцыянту, што ілжывыя сьведчаньні ёсьць парушэньнем ня толькі юрыдычных, але і Божых законаў, за што яны будуць адказваць.

***

На акцыі 7 лістапада Дашкевіч з паплечнікамі выкрыквалі «Ганьба!», Дашкевіч трымаў плякат з цытатай Леніна: «Чем большее число представителей духовенства удастся нам расстрелять, тем лучше». На яго з крыкам «Ленін, партыя, камсамол!» накінуўся другі сакратар ЦК БРСМ Сяргей Клішэвіч, затым ён і некалькі чалавек пачалі зьбіваць Дашкевіча. Пасьля Дашкевіча зацягнулі ў мікрааўтобус, дзе, як ён сьцьвярджае, яго моцна зьбілі, зьдзекаваліся, змушалі смактаць дубінку. Мэдыкі зафіксавалі на целе Дашкевіча сьляды зьбіцьця. Дзяржаўныя мэдыя не заўважылі Дашкевіча на адкрыцьці помніка Леніну.

Тым ня меней, судзілі не супрацоўнікаў АМАП, а самаго Дашкевіча. Супрацоўнікі АМАП выступілі сьведкамі і не прызналі, што зьбівалі актывіста.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG