Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дашкевіч прайшоў мэдычны агляд: зафіксавалі сінякі на галаве і на вуснах


Актывіст мяркуе, што ў адказ на ягоную заяву аб зьбіцьці амапаўцы напішуць сустрэчную заяву.

Сустаршыня «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч зьняў у мэдычнай установе пабоі, якія атрымаў 7 лістапада падчас затрыманьня на адкрыцьці помніка Леніну.

«Зафіксавалі ў мяне кровападцёкі на галаве і на вуснах, але мне даведку на рукі не далі. Самі мусяць адправіць гэты дакумэнт у міліцыю, каб там прыклалі да маёй заявы аб зьбіцьці», — сказаў Зьміцер Дашкевіч.

Актывіст кажа, што ўсе траўмы атрымаў ад амапаўцаў у аўтобусе. Сакратар БРСМ Сяргей Клішэвіч, пра якога ў некаторых мэдыях паведамілі, што ён зьбіў Дашкевіча, удараў яму не наносіў.

«Ён ня біў, толькі падскочыў і вырваў паперу з рук, а потым штурхануў. Але ўдараў, як напісалі, ад яго, здаецца, не было», — сказаў Зьміцер Дашкевіч.

Зьміцер Дашкевіч пасьля падачы заявы пра зьбіваньне падчас адкрыцьця помніка Леніну каля МТЗ 7 лістапада ідзе здымаць пабоі

Зьміцер Дашкевіч пасьля падачы заявы пра зьбіваньне падчас адкрыцьця помніка Леніну каля МТЗ 7 лістапада ідзе здымаць пабоі

Калі адбудзецца суд па ягонай заяве на амапаўцаў, Зьміцер Дашкевіч ня ведае. А вось суд над ім самім паводле трох пратаколаў — за непадпарадкаваньне, хуліганства і ўдзел у несанкцыянаванай акцыі — магчыма, адбудзецца 16 лістапада.

На пытаньне пра магчымы вынік разгляду ягонай заявы на амапаўцаў Зьміцер Дашкевіч сказаў:

«Чаго чакаць? Хутчэй за ўсё, яны напішуць сустрэчную заяву, што гэта не яны, а я іх зьбіваў у аўтобусе. Гэтак заўсёды робіцца».

Зьміцер Дашкевіч падчас затрыманьня

Зьміцер Дашкевіч падчас затрыманьня

Узяць камэнтар у другога сакратара БРСМ Сяргея Клішэвіча, які ўдзельнічаў у канфлікце з затрыманьнем Зьмітра Дашкевіча, пакуль не ўдалося. Службовы тэлефон Сяргея Клішэвіча маўчыць, а ў прыёмнай ЦК БРСМ ня кажуць, ці выйшаў ён сёньня на працу і дзе знаходзіцца.

7 лістапада ў сквэры каля МТЗ быў урачыста адкрыты помнік Леніну, які раней стаяў на тэрыторыі заводу і быў адрамантаваны. Падчас цырымоніі, у якой бралі ўдзел некалькі соцень чалавек, Зьміцер Дашкевіч і яшчэ тры актывісты «Маладога фронту» разгарнулі самаробныя плякаты з цытатамі Леніна пра неабходнасьць рэпрэсіяў. Актывістаў затрымалі і адвезьлі ў міліцыю. Зьміцер Дашкевіч, выйшаўшы зь міліцыі, паведаміў, што амапаўцы моцна зьбілі яго ў аўтазаку. Паводле актывіста, яго білі, зьневажалі і пагражалі яму, сярод іншага, за тое, што маліўся.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG