Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бой за Курапаты. 24 лютага

абноўлена

Удзень 24 лютага на будоўлі каля Курапатаў адбылася бойка паміж праціўнікамі будаўніцтва бізнэс-цэнтру і невядомымі людзьмі ў чорнай вопратцы.

Жывая трансьляцыя

Адзін з удзельнікаў «варты» на будоўлі ля мэмарыяльнага комплексу «Курапаты» Сяргей Пальчэўскі ў другой палове дня паклаўся пад колы грузавіка будаўнікоў і прыкаваў сябе кайданкамі да бампэра.

«Буду ляжаць, пакуль ня здохну», — сказаў Пальчэўскі. Ён дадаў, што ня бачыць іншых шляхоў спыніць будаўніцтва. На месца прыбылі пажарнікі, якія зьнялі кайданкі з Пальчэўскага.

У гэты ж час на будоўлю прыбылі невядомыя людзі ў цывільным, у аднолькавай чорнай вопратцы. Паміж імі і абаронцамі Курапатаў пачалася бойка. Праз 10 хвілін невядомыя адступілі.

Па 20-й гадзіне група невядомых асобаў прайшла за агароджу будоўлі каля Курапатаў, супраць якой пратэстуюць актывісты. Пра гэта паведаміла Свабодзе Ганна Шапуцька, якая ўдзельнічае ў вахце абаронцаў Курапатаў:

«Міліцыянт на маіх вачах прапусьціў за агароджу 5 чалавек, яшчэ прыкладна столькі ж прайшлі раней. Хто гэтыя людзі, чаму яны прышлі на ноч? Мы апасаемся правакацыі», — сказала Ганна Шапуцька і заклікала журпалістаў прыяжджаць да Курапатаў.

​Пальчэўскі паклаўся ляжыць у дажджавіку на мокрай і халоднай зямлі, але пагадзіўся, каб пад яго падклалі гумовы дыванок. Ён адмаўляецца ад іншай дапамогі прысутных, нават цёплай гарбаты.

Зьміцер Дашкевіч узьлез на дах трактара на будпляцоўцы

Ён прапанаваў Сяргею Пальчэўскаму дапамогу, а потым уступіў у спрэчку з рабочымі. Сварка перарасла ў штурханіну. Дашкевіч з крыкам «Вы тут нічога будаваць ня будзеце» пералез праз агароджу і паспрабаваў узьлезьці на трактар, каб яго спыніць.

Рабочыя сьцягнулі яго з трактара і паставілі дадатковую мэталічную сетку, але Зьміцер застаўся на пляцоўцы. Ён узьлез на дах трактара і сеў там. Дашкевіч прамаўляе з трактара. Ён заклікае будаўнікоў не выконваць злачынныя загады.

Прысутныя два супрацоўнікі ў цывільным вядуць апэратыўныя здымкі, але ня ўмешваюцца ў падзеі.

Актывіст Пальчэўскі ляжыць прыкаваны да МАЗа.

Зьміцер Дашкевіч перазаліць цераз плот на будаўнічую пляцоўку
Зьміцер Дашкевіч перазаліць цераз плот на будаўнічую пляцоўку

Зьміцер Дашкевіч на даху трактара
Зьміцер Дашкевіч на даху трактара

Хроніка падзей

«Варта» ў Курапатах трывае пяты дзень. Будаўнічыя працы ля Курапатаў аднавілі, нягледзячы на пратэсты, зварот у КДБ і заявы чыноўнікаў аб магчымасьці спыненьня будаўніцтва.

Увечары 23 лютага жыхары і актывісты правялі масавы сход, дзе распачаўся збор подпісаў супраць будаўніцтва. Таварыства аховы помнікаў накіравала звароты ў КДБ і Галоўбудэкспэртызу наконт сумневаў у законнасьці будоўлі ў Курапатах.

У ноч на 23 лютага на лягер абаронцаў Курапатаў напала група зь 15 невядомых у масках і з драўлянымі бітамі. З крыкамі «Белая раса!» і «Слава Расеі!» тыя разбурылі лягер актывістаў і паранілі аднаго зь іх, Алеся Кіркевіча, — ударылі драўлянай бітай па скроні. Раней на саміх актывістаў склалі сумарна 6 адміністрацыйных пратаколаў. Актывісты зьвярнуліся ў міліцыю — і міліцыя заадно склала пратаколы на іх саміх.

Дырэктар забудоўніка сьцьвярджае, што магчымасьць пахаваньняў рэпрэсаваных на пляцоўцы — гэта падман, а актывісты «зь сякерамі ў колькасьці 30 чалавек накідваюцца на будаўнікоў, крышаць усё сякерамі пры міліцыі». Інвэстар заяўляе, што ня мае канфлікту з пратэстоўцамі: са свайго боку ён дзейнічаў законна, легальна купіў участак, прапанаваны на аўкцыёне дзяржавай.

Дзяржаўныя чыноўнікі тым часам даказваюць, што будаўніцтва законнае. «Экспэрты ў абарону Курапатаў» ужо некалькі гадоў вядуць безвыніковыя суды і зьбіраюцца зьвяртацца ў міжнародныя структуры, а ў храналёгіі падзеяў беларусы знаходзяць неадпаведнасьці.

Ці законная будоўля ў Курапатах? Чыноўнікі даказваюць, што так, архітэктар дэманструе, што не

Гэта ня першы раз, калі Курапаты бароняць ад будаўнікоў. Больш за пятнаццаць гадоў таму моладзевыя актывісты выступілі супраць пабудовы кальцавой дарогі праз урочышча Курапаты. Кругласутачнае дзяжурства ва ўрочышчы доўжылася больш за восем месяцаў — ад 24 верасьня 2001 году да 3 чэрвеня 2002 году. Кругласутачная вахта памяці доўжылася 250 дзён. Усе гэтыя дні Радыё Свабода штодня асьвятляла падзеі ва ўрочышчы. Вынікам гэтага стала кніга аднаго рэпартажу «Дарога праз Курапаты» (PDF).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG