Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нафта «топіць» расейскі рубель, цягнучы на дно і беларускі


Беларускі рубель працягвае абвальвацца на фоне зьвестак пра зьніжэньне нафтавых каціровак. Сёньня абноўлены чарговы гістарычны максымум — 19 864 за даляр (плюс 350 рублёў) і 21 609 за эўра (плюс 412 рублёў). На пачатку тыдня афіцыйны курс Нацбанку прыкметна адрозьніваўся: даляр — 18 752 рублі, эўра — 20 100.

Падзеі на нафтавым рынку ліхаманяць нацыянальныя эканомікі ня толькі нафтаздабыўных краінаў. Шмат гадоў запар беларускі бюджэт стабільна папаўняўся дзякуючы перапрацоўцы расейскай сыравіны з далейшым экспартам нафтапрадуктаў. Аднак бэнзін у Эўропе істотна таньнее, а зьмяншаць цэны на сырую нафту Расея адмаўляецца. У выніку маржа і для нафтаперапрацоўчых заводаў, і для дзяржаўнай казны зводзіцца да мінімуму.

Тым часам сытуацыя разьвіваецца настолькі імкліва, што неўзабаве «чорнае золата» будуць аддаваць за бесцань. Нафта гатункаў Brent і WTI дасягнула парытэту і таргуецца практычна па адным кошце — крыху больш як 30 даляраў за барэль. Ф’ючэрсы на нафту з Аману, якая бярэцца за арыенцір для паставак сыравіны ў Азію, наблізіліся да 25 даляраў, а канадзкая Western Canadian Select — гэткі ж эталён для цяжкіх гатункаў — увогуле абрынулася ніжэй за 15 даляраў.

Пры гэтым аналітыкі брытанскага банку Standard Chartered лічаць, што цэнавыя паказьнікі могуць дасягнуць і 10 даляраў за барэль, перш чым удзельнікі рынку прызнаюць, што ўсё зайшло занадта далёка. Такія прагнозы грунтуюцца перадусім на тым, што ад панядзелка на рынак вернецца Іран, які шмат гадоў заставаўся пад санкцыямі і цяпер, каб заваяваць сабе нішу на рынку, гатовы скідаць свае запасы за хоць якую цану.

Галоўны эканаміст нафтагазавай групы кампаніяў British Petroleum па Расеі і СНД Уладзімер Драбянцоў згодны з тым, што нафтавы абвал нейкі час будзе працягвацца — сыравіны назапашана столькі, што трымаць яе ў сховішчах ужо нявыгадна. Пры гэтым штодня зь нетраў выпампоўваюцца новыя мільёны тон:

Уладзімер Драбянцоў

Уладзімер Драбянцоў

«Што будзе далей — наўрад ці хто ведае. Цяпер нафта захоўваецца ў сховішчах на сушы — за выключэньнем Ірану, дзе з-за санкцыяў яе ўжо трымаюць на танкерах. Справа ў тым, што ўсе гульцы нафтавага рынку — гэта камэрцыйныя кампаніі, якія стараюцца не рабіць стратных інвэстыцыяў. Людзі гатовыя захоўваць нафту цягам нейкага пэрыяду толькі ў адным выпадку — калі разьлічваюць, што за гэты час цана вырасьце настолькі, што гэта кампэнсуе іх выдаткі і яшчэ прынясе прыбытак. Эканоміка простая і працуе досыць стабільна. У сярэднім захоўваньне на сушы абыходзіцца ў 1 даляр за барэль на месяц. То бок, калі вы разьлічваеце сваю нафту прадаць праз год, вам цікава, каб ф’ючэрсны кантракт праз 12 месяцаў быў прынамсі на 12 даляраў вышэйшы за цану, па якой вы купляеце нафту сёньня. Але калі ўлічыць, што вы хочаце прыбытку, заканамернасьць палягае ў тым, што цана па форумных кантрактах павінна быць хоць бы на 15 даляраў вышэйшая. У гэтым выпадку людзі гатовыя захоўваць нафту ў сховішчах. Сёньня падставаў, каб апэраваць такімі лічбамі, няма».

У ліку краінаў, якія найбольш церпяць ад абясцэньваньня нафты, — Расея. Ад пачатку 1990-х тамтэйшая эканоміка падхапіла савецкія традыцыі эксплюатацыі прыродных рэсурсаў, атрымліваючы звышпрыбыткі ад выпампоўваньня і продажу сыравіны. Аднак, сутыкнуўшыся з суровымі рэаліямі, Расея прадэманстравала вузкую арыентаванасьць сваёй эканамічнай мадэлі, практычна абрынуўшы нацыянальную фінансавую сыстэму. Яшчэ нядаўна прывабная для інтэрнацыянальных гастарбайтэраў, Масква разам са сваімі сатэлітамі ператварылася ў месца зь непрадказальным заўтрашнім днём.

Мянчук Віталь Саломін некалькі гадоў адпрацаваў у банкаўскім сэктары расейскай сталіцы і вярнуўся дадому пасьля таго, як страціў у даходах палову — зарабляць у Расеі стала бессэнсоўна:

«З-за агульнай эканамічнай сытуацыі пачаліся праблемы ў канторы, пайшлі скарачэньні, зьніжэньне заробкаў. Гэта, у сваю чаргу, спарадзіла абвастрэньне адносінаў заснавальніка з шэфам — і, як кажуць, пайшло-паехала. У выніку сказалі, што абараніць мяне ня змогуць і скарачаюць. Зрэшты, я ўжо і сам думаў зьбірацца дахаты, бо ніякай мэтазгоднасьці заставацца не было.

Зноў жа, калі я прыехаў у Маскву, у мяне заробак перавышаў 1600 даляраў на месяц. Потым зарплату хоць і падымалі, але, зразумела, не настолькі. У выніку ўсіх гэтых падзеньняў курсу яна абвалілася дзесьці да 800–900.

Ну, і што, жыць на такія грошы ў Маскве і кірэчыцца менш чым за тысячу даляраў? Неяк ужо і несур’ёзна. На жаль, цяпер цяжка знайсьці нармальную працу і ў Беларусі, але атрыманы там вопыт сам па сабе добры. Пакуль выставіў рэзюмэ, шукаю, не адмоўлюся і ад разавых праектаў. Ня тое што паміраю з голаду, грошы ёсьць, але сядзець і пляваць у столь неахвота, хочацца нечым займацца».

Сьледам за расейскім рублём, які ад канца мінулага году абясцэніўся на 15% і напалову — за прамінулы год, валіцца і рубель беларускі. У валютным кошыку беларускія грошы маюць 30-працэнтную прывязку да расейскіх, таму любыя ваганьні на фінансавым рынку Расеі рэзануюць на Беларусі. Ад пачатку году беларускі рубель пасьлядоўна таньнее, працягваючы штодня страчваць пазыцыі. Камэрцыйныя банкі ўжо прадаюць даляры больш як па 20 тысяч і паступова набліжаюць да гэтай лічбы курс куплі. Адметна, што ў асноўных кірунках грашова-крэдытнай палітыкі на 2016 год Нацбанк зафіксаваў зусім іншыя паказьнікі — сярэднегадавы курс даляра на ўзроўні 18 700 рублёў пры цане нафты 50 даляраў за барэль.

Няпэўнасьць на фінансавым рынку ўзмацняе панічныя настроі: растуць чэргі ў абменных пунктах зь ліку ахвотных канвэртаваць рублі, усё больш трымальнікаў банкаўскіх дэпазытаў хочуць дачасна забраць свае ўклады. Замарожаныя заробкі вядуць да таго, што ў валютным эквіваленце сярэднія прыбыткі беларусаў дасягнулі абсалютнага мінімуму за апошнія паўтара дзясятка гадоў.

XS
SM
MD
LG