Лінкі ўнівэрсальнага доступу

19 864 за даляр па Нацбанку: замежныя валюты зноў рэзка вырасьлі да беларускага рубля


Амаль на два адсоткі за дзень падаражэлі асноўныя замежныя валюты — даляр, эўра і расейскі рубель. Беларускі рубель не спыняе падзеньне ад пачатку году.

Па выніках таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы беларускі рубель упаў да асноўных замежных валютаў. Цяпер курсы такія: 19 864 рублі за даляр (+350 рублёў альбо 1,79% да ўчорашняга курсу), 21 609 рублёў за эўра (+412 рублёў альбо 1,94%), 259,75 беларускага рубля за расейскі (+5,17 рубля альбо 2,03%).

За першыя два тыдні 2016 году і даляр, і эўра падаражэлі больш як на тысячу рублёў. Хоць і валютам суседзяў Беларусі прыходзіцца нялёгка, беларускі рубель — лідэр абясцэньваньня нацыянальнай валюты ў дачыненьні да даляра за 2015 год.

На сёньня банкі ў асноўным прадаюць даляр па 19 900, а эўра па 21 620. Але яшчэ ўчора некаторыя банкі пераадолелі псыхалягічны бар’ер і выставілі за даляр цэньнік у 20 тысяч і болей.

Банкі тым часам ўводзяць абмежаваньні на фінансавыя апэрацыі.

XS
SM
MD
LG