Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Заробак 300$? — Вельмі добра»: Экспэрты пра чаканьні на 2016 год


Беларусы будуць вымушаныя больш адпачываць на прыродзе, вернуць сваю папулярнасьць бюджэтныя формы адпачынку — намёты, мяч, рыбалка. Людзі будуць больш часу праводзіць зь сем’ямі, зь дзецьмі, а не ў рэстарацыях і боўлінгах. Экспэрты выказаліся пра эканамічныя чаканьні на 2016 год.

Складанасьці ў Беларусі толькі пачынаюцца, заявіў кіраўнік рэгіянальнага прадстаўніцтва Міжнароднай фінансавай карпарацыі ў Беларусі і Ўкраіне Руфат Алімарданаў, ацэньваючы вынікі дзейнасьці арганізацыі ў 2015 годзе і пэрспэктывы на 2016 год.

Паводле словаў прадстаўніка IFC, за 2015 год агульны аб’ём інвэстыцыяў карпарацыі ў Беларусі склаў каля 60 мільёнаў даляраў. Структура ўкладаньняў за год зьмянілася. Калі ў 2014 годзе каля 80% інвэстыцыяў IFC ішло ў банкаўскі сэктар, а астатняе — у рэальны, то ў 2015 годзе карціна супрацьлеглая — 80% сродкаў былі накіраваныя менавіта ў рэальны сэктар эканомікі, перадае «Ежедневник».

Як заявіў Руфат Алімарданаў, макраэканамічная сытуацыя як у краіне, так і ў рэгіёне ў цэлым няпростая. Паводле апошніх дадзеных МВФ, зьніжэньне ВУП Беларусі па выніках 2015 году складзе 3,5%. Гэтыя дадзеныя яшчэ будуць удакладняцца, але ў цэлым карціна ясная. Паводле прагнозаў на 2016 год чакаецца зьніжэньне ВУП усяго на 0,5%, але калі ўлічыць нізкую базу 2015 году, гэта азначае, што сытуацыя і далей будзе пагаршацца.

«Складанасьці ў Беларусі толькі пачынаюцца. Мы больш занепакоеныя тым, што можа адбыцца, чым цяперашняй сытуацыяй», — заявіў прадстаўнік IFC.

Радыё Свабода запытала эканамістаў, якім яны бачаць 2016 год для Беларусі.

Станіслаў Багданкевіч

Станіслаў Багданкевіч

Былы старшыня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч лічыць, што ўзровень стагнацыі эканомікі ў 2016 годзе будзе параўнальны зь леташнім.

«Калі будзе падзеньне ВУП, то ня больш як на 1–2%. Адпаведна, будзе зьніжэньне ўзроўню жыцьця — гэта не выклікае сумневу. Таму што нават улады не прадугледжваюць ніякага росту заробкаў і пэнсіяў, у той час як рост цэн прадугледжваецца на ўзроўні 12%. З гэтага лёгка зрабіць выснову, што ўзровень жыцьця зьменшыцца мінімум на 10%. Мы назіраем падзеньне валютнага курсу, а гэта адаб’ецца на росьце коштаў на энэрганосьбіты, імпартныя камплектуючыя, замежныя лекі. Адным словам, прагноз нэгатыўны, але я ня думаю, што трэба чакаць імгненнага абвалу. Наадварот, будзе вялацякучае зьніжэньне ўзроўню жыцьця».

Станіслаў Багданкевіч адзначае, што такое зьніжэньне, тым ня менш, дазволіць беларусам не эканоміць на харчах, транспарце і мэдыцыне:

«У нас вельмі шмат грошай ідзе на ежу, гэтая тэндэнцыя захаваецца. Надалей будуць зьмяншацца траты на жыльлё, на замежны адпачынак, на вопратку — карацей, на ўсё тое, што можна адкласьці, без чаго магчыма абысьціся».

Яраслаў Раманчук

Яраслаў Раманчук

Эканаміст Яраслаў Раманчук кажа, што ў 2016 годзе працягнецца падзеньне беларускага рубля ў дачыненьні да даляра:

«Калі ведаць тэорыю бізнэс-цыкляў і прыроду беларускага крызісу, то разумееш, што гэта не каньюнктурны крызіс, які скончыцца са зьяўленьнем попыту на беларускія тавары, а крызіс сыстэмы і структуры. Цяпер мы на пачатковай стадыі такога крызісу. Калі яна скончыцца, будзе залежаць ад дзеяньняў ураду. Але тое, што відавочна, — у 2015 годзе рубель дэвальваваўся на 56% у дачыненьні да даляра, і ў 2016 годзе дэвальвацыя будзе працягвацца. Гэта будзе адбывацца ў кантэксьце падзеньня расейскага рубля, да якога прывязана наша эканоміка, падзеньня коштаў на нафту, а таксама беларускай манэтарнай палітыкі, якую праводзіць Нацыянальны банк».

Паводле экспэрта, пагаршэньне эканамічнага стану ў краіне закране пераважную большасьць беларусаў, якім давядзецца сур’ёзна пераразьмеркаваць свой сямейны бюджэт:

«У 2016 годзе заробак 300 даляраў будзе лічыцца вельмі добрым. У пераліку на даляры большасьць беларусаў будзе атрымліваць 200–250 даляраў. Ужо цяпер шмат беларусаў адмовіліся ад высакаякаснай ежы, ад набыцьця вопраткі, ад замежных адпачынкаў. Некаторыя ўвогуле не ідуць у адпачынак, бо ідуць на дадатковую працу, каб пракарміць сям’ю. Будуць праблемы ў тых, хто плянаваў адправіць дзіця на платнае аддзяленьне ў ВНУ. „Прасядзе“ сфэра паслуг — кавярні, рэстараны, тое, што зьвязана з забавамі».

Разам з тым Яраслаў Раманчук знайшоў станоўчы момант, зьвязаны з эканамічным падзеньнем, — беларусы адмовяцца ад кавярняў і больш часу правядуць на прыродзе са сваімі дзецьмі:

«Што добрага можна знайсьці ў эканамічным крызісе? Тое, што людзі будуць вымушаныя больш адпачываць на прыродзе, стануць запатрабаванымі бюджэтныя формы адпачынку, вернуцца забытыя намёты, мячыкі, рыбалка. Я думаю, што людзі будуць больш часу праводзіць зь сем’ямі, зь дзецьмі, а не ў рэстарацыях і боўлінгах».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG