Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Начныя ваўкі» не пытаюцца дазволу ва ўладаў


Начальнік галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы Берасьцейскага аблвыканкаму Аляксандар Мурашкін паведаміў, што расейскія байкеры не зьвярталіся па дазвол для правядзеньня свайго мотапрабегу.

«Калі людзі па „алімпійцы“ праяжджаюць, яны дазволу просяць ці не?! У нас няма іх масавага мерапрыемства. Фуры, людзі едуць па дарогах Беларусі — яны што, просяць дазволу? Тут у нас „Начныя ваўкі“ ніякага байкерскага зьлёту не праводзяць. У нас тысячы людзей прыяжджаюць у крэпасьць, таксама ніхто дазволаў не дае. Усклалі кветкі, наведалі мэмарыял. Я разумею, там жа няма такога, што яны будуць у мэмарыяле праводзіць нейкія мерапрыемствы. Няхай едуць. Калі ў іх ёсьць візы ў Эўразьвяз, пры чым тут мы? Ад чаго іх ахоўваць? Гэта што, масавае мерапрыемства? А раптам іх пяць чалавек едзе? У нас ніхто дазволу не пытаўся на правядзеньне масавага мерапрыемства», — сказаў карэспандэнту Свабоды Аляксандар Мурашкін.

Мотапрабег «Начных ваўкоў» пачнецца 25 красавіка, яны праедуць празь Менск і Берасьце, а далей накіруюцца на Ўроцлаў. Паводле інфармацыі, распаўсюджанай у сеціве, у Берасьці плянуецца сустрэча расейскіх «Начных ваўкоў» зь берасьцейскімі «ваўкамі», паход у Брэсцкую крэпасьць.

Прадстаўнік Берасьцейскага аблвыканкаму Аляксандар Мурашкін адзначыў у размове з карэспандэнтам Свабоды, што ён «ня ведае берасьцейскіх ваўкоў».

У прэс-службе Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі сказалі, што там нічога невядома пра акцыю расейскіх «Начных ваўкоў».

«Тэлефануйце ў выканкамы, дзе яны там будуць ехаць. Мы дазволамі не займаемся», — сказаў начальніку ўпраўленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў МУС Беларусі Канстанцін Шалькевіч.

Алесь Дашчынскі

XS
SM
MD
LG