Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рух «За свабоду»: На беларускай мяжы «Начных ваўкоў» чакае фізычны супраціў


Актывіст моладзевага крыла Руху «За Свабоду» Мікіта Семяненка ініцыяваў праз сацыяльныя сеткі кампанію «Не — праезду расейскіх байкераў-тэрарыстаў празь Беларусь!».

Да суполкі далучыліся ўжо больш за 200 чалавек.

Навіна пра тое, што расейскія байкеры маюць намер праехаць па Эўропе з Масквы да Бэрліну, зьявілася на адным з сайтаў «Начных ваўкоў» яшчэ 23 сакавіка.

Паводле інфармацыі арганізатараў акцыі «Не — праезду расейскіх байкераў-тэрарыстаў празь Беларусь!», расклад і маршрут руху «Начных ваўкоў» па Беларусі такі:

«25.04 — Смаленск-Менск, старт а 19:00, дарога зойме 4 гадзіны, прыбыцьцё а 23:00, сустрэча зь менскай філіяй „Начных ваўкоў“ каля Кургана Славы. 26.04 — Менск-Хатынь, старт а 08:00, прыбыцьцё а 09:00. 26.04 — Менск-Берасьце, старт аб 11.00, прыбыцьцё а 16:00, сустрэча зь берасьцейскімі „ваўкамі“, паход на Брэсцкую крэпасьць. 27.04 — а 08:00 старт ад Берасьця на Ўроцлаў (праз памежны пераход „Цярэспаль“)».

Мікіта Семяненка кажа, што ў польскім Цярэспалі расейскіх байкераў «чакае аб’яднаны міжнародны супраціў беларусаў, палякаў, чэхаў, славакаў, аўстрыйцаў, немцаў і ўкраінцаў». Паводле актывіста Руху «За Свабоду», «дзясяткі беларусаў гатовыя фізычна сустрэць зграю „Начных ваўкоў“».

Актывіст заклікае як улады, так і грамадзтва «перашкаджаць праезду „Начных ваўкоў“ ня толькі ў краінах Эўразьвязу, але і празь Беларусь усімі мажлівымі сродкамі».

Ваяжы байкерскага клюбу «Начныя ваўкі» ладзіліся напярэдадні анэксіі Крыму і пачатку ваенных дзеяньняў у Данбасе.

XS
SM
MD
LG