Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Міжнародным кніжным кірмашы ня будзе ні «Логвінава», ні «Кнігазбору», ні «Галіяфаў»


З 11 па 15 лютага ў сталіцы Беларусі пройдзе XXII Менская міжнародная кніжная выстава-кірмаш. Мяркуецца, што на Менскім кірмашы будуць прадстаўленыя кніжныя выдавецтвы 28 краінаў сьвету. Але многіх вядомых беларускіх выдавецтваў там ня будзе. Хтосьці непажаданы, а камусьці проста не хапіла месца. Сёлета Міжнародная кніжная выстава зьмяніла, так бы мовіць, прапіску — праводзіцца ня ў выставачным павільёне «БелЭкспо» на Янкі Купалы, 27, а ў выставачным комплексе на праспэкце Пераможцаў, 14.

На Менскім кніжным кірмашы ня будзе прадстаўлена самае гучнае на сёньняшні дзень выдавецтва «Логвінаў». Адзін з арганізатараў выставы — ТАА «Макбел» — адмовіў выдавецкаму дому, распавёў Ігар Логвінаў:

Ігар Логвінаў

Ігар Логвінаў

«Мы патэлефанавалі арганізатарам. Прычына, на якую спаслаўся дырэктар „Макбелу“, — Міністэрства інфармацыі быццам бы дало загад не пускаць выдавецтва на кніжны кірмаш. На кніжным кірмашы ў Менску мы хацелі прэзэнтаваць нашу чэскую калекцыю, а таксама кніжныя навінкі. Але не атрымалася ў нас».

Кнігарню «Логвінаў» за працу безь ліцэнзіі аштрафавалі на 5,4 мільёна рублёў з канфіскацыяй прыбытку за 2014 год у памеры 961 мільён рублёў. Але, нягледзячы на гэта, выдавецтва мае юрыдычнае права браць удзел у кніжных кірмашах. У бліжэйшых плянах — удзел у міжнародных кніжных кірмашах у Вільні з 19 лютага і ў Ляйпцыгу з 14 сакавіка.

Ня будзе на кніжным кірмашы і стэндаў выдавецтва «Галіяфы», распавёў дырэктар выдавецтва Зьміцер Вішнёў:

Зьміцер Вішнёў

Зьміцер Вішнёў

«Мы ня будзем удзельнічаць у гэтай выставе, бо, калі мы зьвярнуліся, нам сказалі, што, маўляў, ужо позна, не было ўжо месцаў. Але цалкам магчыма, што нашы партнэры будуць прадаваць нашы кнігі, мы на гэта разьлічваем».

Карэспандэнтка: «А як вам кошты?»

«Чатыры мэтры здаюцца за 400 эўра. Для невялікіх прыватных выдавецтваў 400 эўра — гэта даволі вялікія грошы, можа надрукаваць маленькую кніжку за гэтыя грошы. Таму заўсёды паўстае пытаньне: браць удзел ці ня браць у такіх выставах».

Дырэктар выдавецтва «Кнігазбор» Генадзь Вінярскі паведаміў Радыё Свабода:

«Мы ніколі ня ўдзельнічаем. А што там прадстаўляць? Нашы кнігі ўсе ў крамах ёсьць, хто цікавіцца — паглядзяць. Да таго ж дорага па коштах — адзін квадратны мэтар каштуе ад 100 эўра. Там жа новых кантрактаў не падпішаш. Без камэнтароў, як кажуць».

Зьміцер Колас

Зьміцер Колас

Дырэктар выдавецтва «Колас» Зьміцер Колас штогод удзельнічае ў падобных выставах. Сёлета выстаўляе больш за 60 найменьняў кніг свайго выдавецтва. Але кажа, што новае месца кірмашу — выставачны павільён на праспэкце Пераможцаў — ня вельмі зручнае:

«Самая вялікая праблема, аказваецца, што ў Менску няма дастаткова прасторнага выставачнага павільёна, каб праводзіць Міжнародны кніжны кірмаш. Была думка спачатку ў арганізатараў — зрабіць выставу ў двух павільёнах, на Янкі Купалы і на Пераможцаў. Але адлегласьць вялікая. Абмежаваліся адным. У выніку шмат хто, нават маючы фінансавую магчымасьць, не змаглі атрымаць месца. На былым ВДНГ на Янкі Купалы было больш месца. Там, праўда, вузенькія калідорчыкі былі, а тут шырокія. Але, магчыма, з-за таго, што ўсё кругам, немагчыма нармальна разьмясьціць нічога».

У кірмашы бяруць удзел таксама беларускія выдавецтвы ARCHE, «Тэхналёгія», іншыя. Урачыстае адкрыцьцё — 11 лютага а 12-й гадзіне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG