Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ігар Логвінаў: Дзяржава працягвае зьнішчаць прыватных выдаўцоў


Вярхоўны суд пакінуў у сіле леташняе рашэньне Міністэрства інфармацыі не рэгістраваць кнігарню «Логвінаў» у якасьці распаўсюдніка друкаванай прадукцыі.

Скаргу кнігарні «Логвінаў» на пастанову Мінінфармацыі разглядаў судзьдзя Вярхоўнага суду Аляксандар Поўтаў. Прычынай, дзеля якой чыноўнікі Мінінфармацыі адмовілі кнігарні ў праве самой прадаваць выдадзеныя кнігі, стала тое, што ў заяўцы на рэгістрацыю Ігар Логвінаў пазначыў недакладны індэкс. «Памыліўся ў адной лічбе», — шчыра прызнаў выдавец. Між тым адвакат, які прадстаўляў у судзе інтарэсы кнігарні, мяркуе, што гэтую памылку ня варта браць пад увагу, бо пазначаць індэкс, які толькі ўмоўна ідэнтыфікуе аддзяленьне сувязі, у хатнім адрасе не абавязкова:

«У адпаведнасьці з артыкулам 19 Грамадзянскага кодэксу месцам жыхарства грамадзяніна прызнаецца месцазнаходжаньне, адрас жылога памяшканьня, правы на валоданьне, карыстаньне якім у грамадзяніна ўзьніклі паводле закону. Права на пражываньне Ігара Логвінава ў ягонай кватэры ўзьнікла на той падставе, што ён там пражывае разам са сваёй жонкай. Ані ў рахунку, ані ў тэхнічным пашпарце на гэтую кватэру не пазначаецца індэкс. Таму мы і лічым, што індэкс не зьяўляецца ўказаньнем адрасу».

Прадстаўнік Міністэрства інфармацыі прытрымліваўся іншай пазыцыі. Юрыст спасылаўся на ведамасную пастанову, паводле якой заяўнік на рэгістрацыю прадаўца кніг мусіць падаваць пра сябе толькі дакладныя зьвесткі, у тым ліку і індэкс месца жыхарства:

«У якасьці пазначэньня юрыдычнага адрасу ці месца жыхарства індывідуальнага прадпрымальніка для распаўсюдніка друкаванай прадукцыі вызначаныя наступныя паказьнікі: паштовы індэкс, населены пункт, вуліца, нумар будынку, нумар кватэры».

Адвакат кнігарні «Логвінаў» таксама спасылаўся на закон «Аб адміністрацыйных працэдурах», які абавязвае ведамства не ствараць прадпрымальніцкай структуры штучных перашкод у дзейнасьці. Такую перашкоду кнігарня бачыць у тым, што Мінінфарм раней некалькі разоў адхіляў заяўкі на рэгістрацыю кнігарні, у якіх быў пазначаны гэты самы памылковы індэкс, але тады заўвагаў на гэты конт не было. «Чаму вы адразу не ўказалі на памылку, а цягнулі амаль год і ў шосты раз адмовілі ўжо з-за гэтай памылкі?» — спытаў прадстаўнік кнігарні ў юрыста Мінінфарму.

«Ранейшыя эпізоды не ўваходзяць у прадмет разгляду дадзенай скаргі», — адказаў юрыст.

На мой погляд, ідзе адкрытая барацьба чыноўнікаў з прадпрымальнікамі, асабліва з такімі, як я, якія думаюць і дзейнічаюць па-іншаму

Праз паўгадзіны судзьдзя зачытаў сваё рашэньне: пазоў кнігарні «Логвінаў» да Мінінфарму адхіліць.

Выдавец Ігар Логвінаў сказаў у камэнтары, што, насуперак ранейшаму досьведу, спадзяваўся на станоўчае рашэньне і цяпер не хавае расчараваньня:

«Нібыта ў аснове нашай дзяржавы знаходзіцца чалавек. Вось і Лукашэнка ўчора пра гэта казаў. Але чамусьці вакол чалавека аказваецца вельмі шмат нейкіх законаў, пабораў, чыноўнікаў. Мяне як прадпрымальніка, як выдаўца яны сапраўды скоўваюць. Мала таго, што ў нас самы абсурдны на зямлі закон, паводле якога патрэбны дазвол на продаж сваіх кніг, што мне незразумела, але яшчэ знаходзіцца і шмат чыноўнікаў, якія мне перашкаджаюць атрымаць такое права. На мой погляд, ідзе адкрытая барацьба чыноўнікаў з прадпрымальнікамі, асабліва з такімі, як я, якія думаюць і дзейнічаюць па-іншаму. Мяркую, гэта прывядзе да поўнай дэградацыі кніжнага рынку ў Беларусі».

Абскарджваць сёньняшняе рашэньне Ігар Логвінаў не плянуе, бо ня бачыць ні магчымасьці, ні сэнсу. 10 лютага ў Вярхоўным судзе будзе разглядацца скарга прадпрымальніка на рашэньне Менскага эканамічнага суду аб спагнаньні амаль мільярда рублёў штрафу за дзейнасьць без рэгістрацыі распаўсюдніка кніг. Тым часам ідзе збор дабрачынных сродкаў на пакрыцьцё штрафу. Ігар Логвінаў сказаў, што ўжо сабрана каля 5 тысяч даляраў, і падзякаваў за падтрымку ўсім, хто ахвяраваў кнігарні свае грошы.

XS
SM
MD
LG