Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вішнёў: Кнігарня «Галіяфы» скасавана на самым узьлёце, мы выяжджаем у нікуды


Зьміцер Вішнёў

Зьміцер Вішнёў

11 лютага адбудзецца імпрэза-разьвітаньне зь менскай кнігарняй «Галіяфы». Гэтая беларуская кнігарня на вуліцы Валгаградзкай зачыняецца.

Кнігарня беларускамоўнай літаратуры «Галіяфы» пачала працу ў сакавіку летась, але ўжо ў жніўні вымушаная была перастаць прадаваць кнігі. Прычынай сталі праблемы ва ўласьніка памяшканьня, у якога “Галіяфы” арандуюць плошчу пад краму. Пасьля ўступленьня ў сілу 22 ліпеня новай рэдакцыі закону «Аб гандлі» прадпрыемства павінна было перарэгістраваць памяшканьне як гандлёвы аб’ект, але не зрабіла гэтага, таму гандляваць тут стала нельга. Памяшканьне кнігарні дазволілі выкарыстоўваць толькі як офіс альбо для імпрэзаў. «Галіяфам» гэта аказалася не па кішэні.

З дырэктарам «Галіяфаў» Зьмітром Вішнёвым пагутарыў карэспандэнт Свабоды.

— Патлумачце, як мы дажылі да таго, што вымушаныя разьвітацца з кнігарняй «Галіяфы», што здарылася? Чаму зачыняецца кнігарня?

— Здарылася даўно, проста нічога не памянялася. Адбылося гэта яшчэ 28 ліпеня, і мы да апошняга моманту спадзяваліся, што нам усё ж дазволяць гандляваць у гэтым памяшканьні. Але так атрымалася, што арэнда ідзе, а гандаль не аднаўляецца. Таму мы вымушаны сысьці з гэтага памяшканьня, бо нам не дазволяць аднавіць кнігарню. І проста бессэнсоўна трымацца за гэтае памяшканьне, у якое было ўкладзена шмат грошай, сілаў і энэргіі. На жаль, мы ўтрымліваць ня можам, бо для нас гэта вельмі дорага. Арэнда складае мінімум 20 эўра за квадратны мэтар. І гэта непад’ёмныя грошы для маленькага выдавецтва, калі гэта памяшканьне не гандлёвае. Таму мы мусім адмовіцца. Проста праводзіць імпрэзы бяз гандлю кніжкамі — гэта для нас раскоша, мы ня маем такой падтрымкі збоку. Таму мы сыходзім.

— То бок пытаньне з гандлем кнігамі вырашыць немагчыма...

— Відаць, тыя, хто дае нам памяшканьне, не зацікаўленыя ў тым, каб мы там заставаліся. І таму памяшканьне не ўваходзіць у гандлёвыя. І гэтага не адбудзецца. Я не хацеў бы ісьці на прамы канфлікт з гаспадарамі памяшканьня, не хачу іх называць. Але Бог ім судзьдзя. Яны, відаць, больш цікавяцца камэрцыяй, чым культурай.

Зьміцер Вішнёў, архіўнае фота

Зьміцер Вішнёў, архіўнае фота

— Нядаўна мы бачылі, што адбылося з кнігарняй «Логвінаў». Яна не атрымала дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасьці распаўсюдніка друкаванай прадукцыі, яна атрымала вялізны штраф. Тое, што цяпер адбываецца з кнігарняй «Галіяфы», — гэта падзеі з аднаго і таго ж шэрагу?

— Узьнікаюць вялікія пытаньні, калі цягам двух гадоў зьнікаюць з прасторы «Цэх», некалькі разоў перасяляецца «Арт-сядзіба». Я думаю, гэта ўсё з аднаго шэрагу. Да таго, як нас зачынілі, у нас прайшоў шэраг праверак, гэта ўсё ня проста так рабілася. Таму ўсё гэта, на жаль, адбываецца ў адным полі.

Калі мы ўяжджалі ў гэтае памяшканьне, мы зладзілі даволі сур’ёзны рамонт, праразалі праход, мянялі фасад, падлогу, столь, сьцены, набывалі мэблю. Для нас гэта былі вялікія грошы, і мы падпісалі кантракт на тры гады. Як бачым, часта гэтыя кантракты вылятаюць у трубу. Судзіцца мы ня бачым сэнсу, бо мы проста ня выйграем судовую справу. Таму наш кантракт на тры гады для іх нічога ня значыць. Хаця ў кантракце было прапісана даволі зразумела, што мы здымаем менавіта гандлёвае памяшканьне на тры гады, як мінімум на 2015–2016 гады.

— А як уласьнікі тлумачаць сваё рашэньне?

— Гэта настолькі заблытаная гісторыя, столькі ўжо перамыта-перагаворана, столькі было сустрэч. Гэта такая буйная кампанія, зь якой мы ня можам цягацца па судах. Мы проста мусім сысьці. З гэтага будынку выехалі таксама іншыя крамы. Ніхто зь імі ня судзіцца.

— Але чаму так атрымліваецца, што ў краіне Скарыны цяжка жыць беларускім кнігарням?

Новай культурніцкай прасторы мы заснаваць цяпер ня можам. У нас проста нестае на гэта фінансаў

— Нават на расейскамоўныя кнігі, якія трапляюць да нас, расейскія выдаўцы плацяць ПДВ 8%. Мы плацім значна больш. Таму якую канкурэнцыю мы можам скласьці расейскамоўным выдавецтвам нават на сваёй тэрыторыі? Хаця б вось гэта выклікае пытаньні. Такія праекты, як «Логвінаў», як «Галіяфы» — не камэрцыйныя, а культурніцкія. Іх трэба было б неяк падтрымліваць, апекавацца імі. А ў нас гэта выглядае неяк інакш, і гэта вельмі сумна. Ёсьць толькі падтрымка нашых чытачоў. Мы ўжо многа гадоў выдаём кнігі, яны запатрабаваныя. Чытачы маральна нас падтрымліваюць. Але гэта ня можа нас выцягнуць з гэтай багны, і мы адчуваем, што нам даволі цяжка. Мы спадзяёмся, што неяк выправім сытуацыю, у будучым знойдзем іншае памяшканьне пад культурніцкую прастору. Але пакуль мы выяжджаем у нікуды. Бо новай культурніцкай прасторы мы заснаваць цяпер ня можам. У нас проста нестае на гэта фінансаў.

— Які асноўны здабытак вашай справы і што вы зьбіраецеся рабіць далей?

— Далей мы зьбіраемся выдаваць кніжкі, будзем працаваць як выдавецтва. А кнігарня? Мы вельмі шмат рэсурсаў уклалі ў гэтую кнігарню, таму мы іх ня маем. Але гэта добры досьвед, і кнігарня «Галіяфы» застаецца ў гісторыі, бо была праведзена процьма імпрэзаў. Я думаю, што прастора была жывая і запатрабаваная. І яна скасаваная фактычна на самым узьлёце.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG