Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мельянцоў: У адносінах з Расеяй для Беларусі падвышаюцца рызыкі


Дзяніс Мельянцоў

Дзяніс Мельянцоў

У беларуска-расейскіх адносінах назапасілася шмат праблем, якія падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна ў Маскве вырашыныя не былі.

Такое меркаваньне ў інтэрвію Свабодзе выказаў старэйшы аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Дзяніс Мельянцоў.

Між тым Мельянцоў лічыць, што казаць пра крызіс у беларуска-расейскіх адносінах не выпадае, бо «няпісаны кантракт» паміж Масквой і Менскам у асноўным выконваецца.

«З аднаго боку Расея так ці інакш падтрымлівае Беларусь эканамічна — і праз танныя энэрганосьбіты, і праз розныя гандлёвыя прэфэрэнцыі і г. д. Зь іншага боку Беларусь знаходзіцца ў інтэграцыйных праектах Расеі, дэманструе геапалітычную ляяльнасьць, дэманструе, што зьяўляецца верным саюзьнікам Расейскай Фэдэрацыі. Такім чынам, фармальна Беларусь гэтага кантракту таксама прытрымліваецца. То бок пра крызіс казаць не выпадае, але ёсьць шмат назапашаных праблем у беларуска-расейскіх адносінах», — канстатуе экспэрт.

Учорашняя сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна ў Маскве таксама не прынесла вырашэньня праблем двухбаковых адносінаў.

«Калі б было дасягнута пагадненьне адносна крэдыту, то хутчэй за ўсё беларускія дзяржаўныя СМІ пра гэта б вельмі гучна заявілі. Што тычыцца базы, то я б, напэўна, пакуль што не рабіў ніякіх высноваў, таму што нават калі заключана дамова пра авіябазу, то наўрад ці пра гэта будзе вядома ўжо цяпер па факце, таму што гэта вельмі непапулярная мера і публічна пра яе абвяшчаць беларускі бок пастараецца або празь нейкі час, або ўвогуле пытаньне гэта паспрабуе замаўчаць», — кажа экспэрт.

Пры гэтым Мельянцоў лічыць, што само па сабе пытаньне авіябазы не галоўнае для Крамля ў двухбаковых стасунках.

«Хутчэй гэта проста адно з канкрэтных пытаньняў у шэрагу іншых. Калі казаць больш агульна, то Расея незадаволена тым, што Беларусь не дастаткова дэманструе сваю ляяльнасьць як саюзьнік. І гэта ня толькі праз базу, гэта і праз каардынацыю зьнешняй палітыкі, пра тое, каб заявы кіраўнікоў дзяржаў гучалі ва ўнісон, каб выбіраць больш прыязную да Расеі рыторыку. Тут і пытаньня далучэньня да расейскіх антысанкцыяў, чаго б Расея безумоўна хацела б. Ну і шмат чаго яшчэ такога.

Расейскае кіраўніцтва фактычна сёньня знаходзіцца ў стане вайны з Захадам і зараз для іх псыхалягічна ня тыя часы, якія былі раней. Калі раней расейцы маглі закрываць вочы на нейкія рэчы нават рытарычнага пляну, то зараз, адчуваючы сябе ў ваенным стане, яны будуць канечне больш патрабаваць ад свайго заходняга саюзьніка. Гэта азначае, што для Беларусі падвышаюцца рызыкі, гэта азначае, што будзе большы ціск на беларускае кіраўніцтва. Зь іншага боку, Расея таксама не зацікаўлена ў нейкім адкрытым канфлікце, таму што неабходна дэманстраваць, што ў Эўразійскім эканамічным саюзе ўсё добра, там няма канфліктаў, і гэта наагул пэрспэктыўны саюз. Тут ёсьць такое досыць значнае поле для манэўру для беларускага кіраўніцтва», — лічыць палітоляг.

XS
SM
MD
LG