Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што гаварылі Пуцін і Лукашэнка


Аляксандар Лукакшэнка гутарыць з Уладзімерам Пуціным

Аляксандар Лукакшэнка гутарыць з Уладзімерам Пуціным

Больш за тры гадзіны цягнуліся перамовы прэзыдэнтаў Беларусі і Расеі Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна. Пытаньне авіябазы не абмяркоўвалася. Магчыма, яно перанесенае на саміт АДКБ, які мае адбыцца 21 сьнежня.

Ваеннае супрацоўніцтва

Беларусь і Расея дамовіліся больш актыўна разьвіваць ваеннае і ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва.

Пуцін паведаміў таксама, што абмеркаваў з Лукашэнкам у тым ліку пытаньні бясьпекі і стабільнасьці з улікам маючага адбыцца 21 сьнежня саміту АДКБ. Вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін лічыць, што на гэтым саміце паўстане пытаньне разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай авіябазы.

Расейская мова

На грамадзянаў Беларусі ня будуць распаўсюджвацца нормы новага расейскага заканадаўства аб неабходнасьці здачы экзамэну па расейскай мове падчас атрыманьня віду на жыхарства.

«Як вядома, з 1 студзеня гэтага году замежныя грамадзяне, якія жадаюць жыць і працаваць у Расеі, павінны пацьвердзіць валоданьне расейскай мовай, веданьне расейскай гісторыі і асноў заканадаўства. Разам з тым, улічваючы асаблівы характар расейска-беларускіх адносін, мы прынялі прынцыповае рашэньне не распаўсюджваць дзеяньне дадзеных нормаў на грамадзян Беларусі», — сказаў Уладзімер Пуцін.

Гандаль

Беларусь зьбіраецца ўсяляк спрыяць задавальненьню патрэбаў расейскага рынку.

«Мы гатовыя ўсяляк садзейнічаць задавальненьню патрэбаў расейскага рынку па тых групах тавараў, якія мы можам вырабляць канкурэнтна па цане і якасьці», — адзначыў прэзыдэнт Беларусі. Ён нагадаў, што шэраг ключавых экспартных пазыцый Беларусі вырабляецца з расейскіх камплектуючых, расейскай сыравіны, гэта значыць зьяўляецца рэальным прадуктам беларуска-расейскай каапэрацыі.

Бюджэт саюзнай дзяржавы

У 2016 годзе ён будзе адпавядаць сёлетнім парамэтрам.

«Падчас перамоваў закраналіся таксама пытаньні функцыянаваньня саюзнай дзяржавы, — сказаў Уладзімер Пуцін. — Дамоўлена, што тэрміны правядзеньня чарговага Вышэйшага дзяржаўнага савету будуць узгодненыя ў пачатку наступнага году. Падчас фармаваньня бюджэту саюзнай дзяржавы на 2016 год арыентуемся на парамэтры бягучага году. Асноўныя сродкі пойдуць на рэалізацыю 40 саюзных праграм у розных сфэрах: у энэргетыцы, будаўніцтве, на транспарце», — заявіў прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін па выніках перамоваў з прэзыдэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

Украіна

Пазыцыі Масквы і Менску блізкія ў пытаньнях ўрэгуляваньня ўкраінскага крызісу і барацьбы зь міжнародным тэрарызмам.


Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў яго няма рознагалосьсяў з Уладзімірам Пуціным па сытуацыі ва Ўкраіне і на Блізкім Усходзе.

«Беларусь па-суседзку зацікаўленая ў міры на ўкраінскай зямлі, на Блізкім Усходзе. У нас абсалютна няма разыходжаньняў з прэзыдэнтам Расеі па гэтых праблемах», — заявіў Лукашэнка пасьля сустрэчы з Пуціным у Маскве.

Запуск беларускай АЭС

Будаўніцтва Беларускай АЭС вядзецца ў строгай адпаведнасьці з графікам. Пра гэта сказаў прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін і назваў будаўніцтва БелАЭС найважнейшым беларуска-расейскім інвэстыцыйным праектам.

«Запуск першага энэргаблёка плянуецца ў 2018 годзе, другога — у 2020-м», — адзначыў Пуцін.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG