Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Паўленскі: Паміж Расеяй і турмой розьніцы няма


Пётар Паўленскі

Пётар Паўленскі

Зьняволены мастак Пётар Паўленскі адказвае з «Бутырак» на пытаньні пра ФСБ, рэвалюцыю і страх.

Пятра Паўленскага абвінавачваюць у «вандалізьме па матывах ідэалягічнай нянавісьці» — у ноч на 9 лістапада мастак правёў акцыю «Пагроза»: абліў бэнзінам і падпаліў уваходныя дзьверы будынка ФСБ Расеі на Лубянцы. Яму пагражае зьняволеньне тэрмінам да трох гадоў.

— Ваша акцыя выклікала буру водгукаў, і інтэрпрэтацыяў нямала. Але, здаецца, большасьць зразумела яе няправільна: не здагадаліся, што ёсьць сувязь з абвінавачваньнямі, высунутымі супраць Алега Сянцова па крымскай справе. Ці дакладна, што вы ў першую чаргу думалі пра справу Сянцова, якога абвінавачвалі, у прыватнасьці, у падпале дзьвярэй офіса Партыі рэгіёнаў, якая ператварылася ў офіс «Адзінай Расеі»?

— У гэтай акцыі я казаў пра пагрозу. Пагрозу, якая зыходзіць ад тэрарыстычнай арганізацыі. Гэтая арганізацыя ў розны час мела розныя імёны: НКВД, ОГПУ, КДБ, ФСБ. Арганізацыя ўтрымлівае ўладу мэтадам бесьперапыннага тэрору. Гэты мэтад закрануў і ахвяраў чырвонага тэрору, і ўсе пераселеныя народы. Калянізаваныя краіны былога савецкага блёку, чачэнскі і ўкраінскі народы — гэта з таго, што было зусім нядаўна. Ёсьць краіны, народы, а ёсьць асобныя людзі. У паслужным сьпісе арганізацыі справы, сфабрыкаваныя супраць Малевіча, Філонава, прадстаўнікоў «Аб’яднаньня рэальнага мастацтва» (група пісьменьнікаў і дзеячаў культуры, якая існавала ў 1927- пачатку 1930 гг. у Ленінградзе — РС), Мандэльштама і многіх іншых. Але гэтыя людзі абароненыя гісторыяй, культурай і, як гэта ні парадаксальна, той жа самай дзяржавай, якая іх зьнішчала. Але ёсьць людзі, справы супраць якіх сфабрыкаваныя сёньня. Гэта Сянцоў і Кольчанка, гэта Стамахін і асуджаныя па так званай «справе АБТА (Аўтаномнай баявой тэрарыстычнай арганізацыі)». Гэта нашы сучасьнікі, і іх узяла ў сваю вытворчасьць тэрарыстычная арганізацыя ФСБ. Таму так, безумоўна, я пра іх казаў.

— Вы прапанавалі судзіць вас за тэрарызм. Гэта проста адсылка да абсурднага працэсу над Сянцовым, ці вы і на самай справе лічыце сябе тэрарыстам у нейкім сэнсе?

— Не, гэта адсылка да чарговага абсурднага парушэньня судова-праваахоўнай лёгікі. І вінаватыя ў гэтым парушэньні два бакі. З аднаго — улада зь яе ірацыянальнай непасьлядоўнасьцю, а з другога — грамадзтва зь яго гатоўнасьцю здавольвацца ілжывымі паўмерамі. Пачынаць трэба зь сябе. Менавіта таму мяне трэба вінаваціць у тэрарызьме або наогул ні ў чым не вінаваціць, а разглядаць дзеяньне як прэцэдэнт палітычнага мастацтва. Перад намі паўстала складаная бюракратычная задача. Я думаю, што выхад — у яе этычным рашэньні. Гэтых рашэньняў можа быць два. Першае: ФСБ — гэта тэрарыстычная арганізацыя. Другое: тэрарыст — гэта я (кіруючыся лёгікай фабрыкацыі спраў). Мне, па праўдзе сказаць, бліжэй варыянт першы, і на ім я буду настойваць да канца.

— Ці ёсьць у вас асабістыя рахункі да ФСБ? Сталінскі тэрор закрануў вашу сям’ю?

— Асабістыя рахункі — гэта толькі пытаньне, наколькі тэрор, які вядзецца ад імя культуры, часткай якой я зьяўляюся, тычыцца і мяне асабіста. І наколькі я нясу за яго ўскосную адказнасьць.

Мы павінны перагледзець наша стаўленьне да жывёльнага інстынкту страху. З дапамогай гэтага інстынкту апараты ўлады кіруюць намі і пазбаўляюць нас жыцьця.

— Адзін зь лейтматываў камэнтароў у дыскусіях аб вашай акцыі: «Ён зрабіў тое, што 146 мільёнаў рабіць баяцца». Чаму вы не баіцеся, і што б вы сказалі тым, хто не такі адважны, як вы, але падзяляе вашыя погляды?

— Баюся я таго ж самага і гэтак жа, як і ўсе з 146 мільёнаў, хто абумоўлены тым жа сацыяльным рэфлексам. І ўсім, хто падзяляе мае погляды, я б сказаў толькі пра тое, што мы павінны перагледзець наша стаўленьне да жывёльнага інстынкту страху. З дапамогай гэтага інстынкту апараты ўлады кіруюць намі і пазбаўляюць нас жыцьця. Пазбаўляюць і літаральна прымушаюць зношвацца ў рэжыме працоўна-выхаднога дня. І пазбаўляюць нас той формы існаваньня, якую мы б выбралі, калі б валодалі такой свабодай. Гэты жывёльны інстынкт страху нясе для грамадзтва і асобнага чалавека значна больш зла, чым усе «Лубянкі» і імпэрыялістычныя дзяржавы разам узятыя. Ён трымаецца на бяздумным жаданьні пазьбегнуць імгненнай небясьпекі, але робіць непазьбежным сутыкненьне зь ёй у будучыні. Гэты інстынкт працуе супраць нас, ён дазваляе пагрозе разрасьціся да такога неймавернага стану, што зь ёй ужо нічога зрабіць будзе нельга.

— Вы марыце аб рэвалюцыі? І якой яна павінна быць?

Рэвалюцыя неабходная нам як паветра. Любое грамадзтва і яго культура без абнаўленьня проста перасыхаюць і становяцца па-старэчы нямоглымі.

— Рэвалюцыя неабходная нам як паветра. Любое грамадзтва і яго культура без абнаўленьня проста перасыхаюць і становяцца па-старэчы нямоглымі. Само гэта слова поўнае прыгажосьці і рамантыкі, але на справе ўсё значна больш складана. Як правіла, пад выглядам гэтай рамантыкі народам «упарваюць» поўную туфту. Рэвалюцыя павінна ісьці знутры. Бяз гэтага яна ператвараецца ў бясконцыя рэвалюцыі «гаваркіх галоў». Адна галава трыюмфальна зьмяняе іншую. Вось і ўсё. А людзьмі кіруе ўсё той жа рэглямэнт штодзённасьці. Усе тыя ж самыя наборы кодаў. «Герой, злыдзень, працаўнік, злачынец, патрыёт, дэзэрцір і г. д.» А на справе ўсё вызначана радзільняй, дзіцячым садком, школай, працай, пяцідзёнкай або суткі праз трое — закаханыя пары, жонкі, мужы і, нарэшце, дзеці. А чым ты будзеш карміць дзяцей? Ты павінен выкарміць іх і забясьпечыць адукацыю, каб яны атрымалі дыплём і іх пагадзіліся прыняць на працу. Падман коштам у жыцьцё. Проста як двойчы два. Цела зношваецца, старэе — яно ўжо ня можа функцыянаваць без мэдыкамэнтаў. Увогуле вынік гэтай дынамікі відавочны. Палітычныя рэвалюцыі неабходныя — гэта ўзварушваньне і глыток сьвежага паветра для народа і яго гістарычнай памяці. Але без рэвалюцый у культуры, без трансфармацыі формаў існаваньня ўсе рэвалюцыйныя надзеі асуджаныя на бясконцы паўторны правал.

— Вам падабаецца хто-небудзь з апазыцыйных палітыкаў?

— Не.

— Вы казалі, што адразу пасьля арышту вас дапытвалі нейкія людзі і спрабавалі на вас ціснуць. Ці працягваецца гэты ціск, і чаго яны ад вас хочуць?

Іх трое, яны кажуць адзін за адным, любое сьцьверджаньне яны абвяргаюць фактамі, якія ў момант размовы праверыць немагчыма.

— Так, пасьля арышту ўжо днём прыяжджалі тры чалавекі. Гэта былі апэратыўнікі ФСБ. У іх была даволі фармальная мэта — атрымаць ад мяне паперу зь нейкім раскаяньнем і падрабязным тлумачэньнем, чаму гэта было зроблена ў гэты час, дзень. І галоўнае — гэта мае запэўніваньні на паперы, што ні на каго з супрацоўнікаў ФСБ я не рабіў замах і што ў будучыні замахвацца ня буду. Паперы я ім ніякай ня даў, і яны зьехалі, папрасіўшы ня ладзіць на іх тэрыторыях хаос. Мяне ніхто не катаваў, ціскам была іх мэтодыка весьці размову. Гэта цікава, таму што было відавочна, што іх адмыслова гэтаму вучылі. Іх трое, яны кажуць адзін за адным, любое сьцьверджаньне яны абвяргаюць фактамі, якія ў момант размовы праверыць немагчыма. Проста на ўсё ў іх былі назапашаныя нарыхтаваныя абвяржэньні. І ўвесь час хутка пераходзяць з тэмы на тэму. Увогуле, ціснуць колькасьцю галасоў, меркаваньняў, фактаў. Відавочна, што яны былі эрудыяваныя і падрыхтаваныя да размовы аб палітычным і сацыяльным кантэксьце таго, што адбываецца. У пытаньнях мастацтва і яго гісторыі справа ішла горш. У той момант мне гэта дало магчымасьць трымаць пазыцыю. Ну і, вядома, там была пагроза артыкулам — здаецца, 317-ым. Гэта нешта аб стварэньні небясьпекі жыцьцю і здароўю супрацоўнікаў. Я сказаў ім, што пакідаю гэта на іх погляд, паколькі Крымінальны кодэкс — гэта дакладна не мая сфэра.

— Ці трэба вам цяпер нейкая дапамога? Лекі, прадукты, грошы на адваката? Як ставяцца да вас іншыя зьняволеныя?

Старонка зь ліста Пятра Паўленскага з турмы

Старонка зь ліста Пятра Паўленскага з турмы

— Не, нейкая дадатковая дапамога мне не патрэбная. Мяне падтрымалі многія людзі, за што я ім вельмі ўдзячны. Будзе лепш, калі людзі дапамогуць камусьці, хто ў гэтым мае патрэбу больш. А яшчэ лепш, калі магчымы рэсурс будзе накіраваны не на падтрымку абмежаваных у свабодзе, а на барацьбу з рэжымам. Бо рэжым гэтыя абмежаваньні і стварае. З арыштантамі ёсьць пра што пагаварыць, таму адносіны складваюцца добрыя. Гэта значыць, у большасьці людзі тут усё разумеюць і падтрымліваюць. Я размаўляў з рознымі людзьмі, і гэтага ўжо дастаткова, каб скласьці адэкватнае ўяўленьне. Таму, як я ўжо казаў, калі зьявіцца інфармацыя, што ў мяне нечакана здарыўся інфаркт, ці я вырашыў спыніць жыцьцё суіцыдам, ці ў мяне рознагалосьсі і канфлікты з арыштантамі, то ўсё з вышэйпералічанага — справа рук і помста ФСБ. А выканаўцы — гэта іх унутраныя памагатыя. Нічога падобнага ні маімі рукамі, ні рукамі прыстойных арыштантаў зроблена быць ня можа.

— Ці ёсьць істотная розьніца паміж турмой і гіганцкай турмой — аўтарытарнай дзяржавай?

— Практычна няма. Відавочная розьніца ў тым, што тут уся мэханіка адкрытая. І таму адносіны паміж чалавекам і дзяржаўнай уладай выглядаюць нашмат больш сумленна. Пра цябе клапоцяцца. Кормяць, пояць, будзяць з раніцы і паказваюць, калі лепш легчы спаць. Тут за табой таксама сочаць, але камэра відэаназіраньня вісіць наўпрост там, дзе ты сьпіш і ясі. Унітаз знаходзіцца за фіранкай, і там дадатковай камэры назіраньня пакуль няма. Тут усё гэтак жа падпарадкавана рэглямэнтам, і ад цябе патрабуюць выкананьня недарэчных прадпісаньняў. Аднак гэтыя правілы сумленна павешаныя на сьцяне. Гэтаму стэнду адведзенае цэнтральнае месца ў тваім жыцьці. На васьмі лістах. Напрыклад, ня спаць удзень пад коўдрай (незалежна ад тэмпэратуры паветра ў камэры). У калідоры трымаць рукі за сьпінай і станавіцца ўздоўж сьцяны. Зьвяртацца да дзяжурнага з асаблівай пачцівасьцю і павагай. Але ўсё даведзена да такой крайняй недарэчнасьці, што табе застаецца толькі ігнараваць гэтыя правілы або папросту сьмяяцца зь іх. Як вынік — зьбіраць вымовы і пагрозы зьмяшчэньня ў карцэр. І, вядома, тут ёсьць свая ўнутраная турма. Усё як у сьвеце звонку. Ператрус камэры — гэта частка распарадку дня. Гэта таксама вельмі нагадвае жыцьцё звонку. Толькі там гэта расьсеяна. Ператрус можа адбыцца ў кожнага, але ніхто ня ведае, у каго і калі менавіта. Я б сказаў, што асноўнае адрозненьне ў тым, што тут дзяржаўнасьць не хавае сябе. Тут ёй не патрэбная дэкарацыя. Формула клопату пра бясьпеку даведзеная да сваёй лягічнай завершанасьці.

Інтэрвію цалкам можна пачытаць тут.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG