Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваякі зьбітага гея Міхаіла Пішчэўскага зноў абскардзілі рашэньне суду


Міхаіл Пішчэўскі, фота Gazetaby.com
Міхаіл Пішчэўскі, фота Gazetaby.com

Сваякі Міхаіла Пішчэўскага падалі наглядную скаргу на рашэньне Менскага гарадзкога суду, які 31 сакавіка пагадзіўся з ранейшым прысудам Цэнтральнага раённага суду Менску ў справе аб зьбіцьці Міхаіла Пішчэўскага.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміла Тацяна, сястра Міхаіла Пішчэўскага, які ўжо год і 2 месяцы застаецца ў амаль вэгетатыўным стане пасьля зьбіцьця менчуком Дзьмітрыем Лукашэвічам. За гэтае злачынства Дзьмітрый Лукашэвіч атрымаў 2 гады і 8 месяцаў зьняволеньня і абавязаны кампэнсаваць пацярпелым 213 мільёнаў рублёў маральных і матэрыяльных стратаў. Між тым пракуратура дамагалася пакараньня ў 7 гадоў, гэтага ж прасілі і пацярпелыя.

«Мы з маці і адвакатам даўно склалі скаргу, але ў маці ўсё не было часу яе аднесьці ў суд. Сёньня я гэта раблю — накіроўваю скаргу ў Менскі гарадзкі суд», — паведаміла Тацяна.

Пасьля разгляду сваёй касацыйнай скаргі на рашэньне Цэнтральнага раённага суду Менску сваякі Міхаіла Пішчэўскага казалі журналістам, што больш абскарджваць рашэньне суду ня будуць. Чаму вырашылі зноў падаваць скаргу?

Дзьмітрый Лукашэвіч
Дзьмітрый Лукашэвіч

«Мы абмеркавалі і вырашылі, што ўсё ж нязгодныя з рашэньнем суду. Ані з тым тэрмінам зьняволеньня, які суд пакінуў Лукашэвічу, ані з сумай кампэнсацыі за страты», — патлумачыла сястра Міхаіла Пішчэўскага.

У траўні ў інтэрвію Свабодзе Тацяна распавядала, што іхняя сям’я амаль зусім не атрымлівае кампэнсацыі ад Лукашэвіча. Ці што зьмянілася?

— Вось апошнія месяцы па 180 тысяч ад яго прыходзіць з калёніі, але ў нас на лячэньне Міхаіла ідзе па некалькі мільёнаў у месяц, і ягоных грошай ніяк не хапае. Але справа ня толькі ў грашах. Кожны раз, як я прыходжу да брата і бачу ягоныя пакуты, мяне злосьць бярэ, што той там у калёніі зусім інакш пачуваецца. Ёсьць такое пачуцьцё.

— Які стан у Міхаіла цяпер? Ён па-ранейшаму ў шпіталі?

— Так, па-ранейшаму ў 5-м шпіталі, па-ранейшаму нічога не гаворыць, яму ўводзяць ежу, даюць лекі, і ён гэтак трымаецца. Паступова ён худзее, губляе вагу, нават ня толькі цягліцы, але і косткі сталі танчэйшыя. Хутка будзем баяцца яго пераварочваць з боку на бок, каб не паламаць косткі. Шмат якія лекі, якія мы самі куплялі, цяпер нам не прадаюць, бо не далі эпікрызу, як мы прасілі. Самі купляем некалькі прэпаратаў, а астатнія выдаюць. Але ўсё роўна гэта дорага. Вось нядаўна купілі прэпарат ад пролежняў, які каштуе 50 даляраў, але яго ненадоўга хопіць, потым трэба купляць зноў. Мы лекарам вельмі ўдзячныя, што яго глядзяць. Доктарцы, якая лечыць Мішу, вельмі вялікі дзякуй.

— А хто даглядае брата — па-ранейшаму ваша маці?

— Так, кожны дзень яна, з раніцы да вечара. Стаў зноў прыходзіць брат, які даглядаў да суду, а потым у яго быў перапынак, бо стаміўся. Прачытаў у вашай ранейшай публікацыі пра сябе і цяпер зноў заходзіць. І яшчэ часам даглядае сябар Мішы, але ён, бывае, зьяжджае зь Беларусі. Вось гэтак і трымаемся.

Архіўнае фота Міхаіла Пішчэўскага
Архіўнае фота Міхаіла Пішчэўскага

— Са шпіталя вас не выпісваюць?

— Цяпер Міша ў такім стане, што яго ня выпішуць. Але такія размовы ўсё ж вядуцца. У брата не зажываюць пролежні, маса цела крытычна малая. Але лекарка спрабуе падмацаваць Мішу настолькі, каб ён змог быць без штодзённага дагляду дактароў. Вось калі ён будзе ў такім стане, мы яго забяром дамоў. Нават з пролежнямі, але забяром, хоць гэта будзе для нас і складаней, і даражэй. Але яму і маральна тут вельмі цяжка. Ён ляжыць у палаце ўсяго на двух чалавек, але там рэгулярна паміраюць ягоныя суседзі, а ён гэта бачыць і вельмі перажывае. За гэты год памёр сусед, потым суседка, а для яго гэта велізарны стрэс. У яго пасьля гэтага пачынаюцца як прыпадкі нейкія. То бок мы разумеем, што ён разумее, што вакол яго адбываецца. Гэта для яго вельмі цяжка фізычна і маральна.

Канфлікт здарыўся 25 траўня 2014 году каля менскай кавярні «Андэрволд», дзе сабраліся асобы нетрадыцыйнай арыентацыі. Сярод іх быў і Міхаіл Пішчэўскі.

Позна ўвечары ён выходзіў з кавярні сьледам за двума сябрамі, на адрас якіх Дзьмітры Лукашэвіч выказаўся абразьліва. «Хто тут п......ы?», — пасьпеў спытаць Міхаіл Пішчэўскі былога настаўніка фізкультуры, баксёра Дзьмітрыя Лукашэвіча, атрымаў ад яго моцны ўдар у твар, паваліўся і страціў прытомнасьць.

Дзьмітрыя Лукашэвіча Цэнтральны раённы суд прызнаў вінаватым у нанясеньні цяжкіх цялесных пашкоджаньняў Міхаілу Пішчэўскаму па неасьцярожнасьці. Адвакат пацярпелых даводзіў на працэсе, што Лукашэвіч адмыслова прыйшоў на месца, дзе сабраліся геі, і ўдарыў Пішчэўскага з прычыны адмоўнага стаўленьня да яго як да гея. Дзьмітры Лукашэвіч у судзе гэта адмаўляў і казаў, што адрэагаваў ударам на словы, якія палічыў абразай, але не разьлічыў сілу ўдару. У канцы паседжаньня Лукашэвіч папрасіў у сям’і Міхаіла Пішчэўскага прабачэньня.

У Цэнтральным судзе Менску ў розных складах гэтая справа разглядалася двойчы. Рашэньне першага суду, які скончыўся ў сьнежні 2014 году, аспрэчылі сваякі Пішчэўскага, і Менгарсуд вярнуў справу на новы разгляд у той жа Цэнтральны раённы суд. Другі суд, па сутнасьці, прысуд не зьмяніў, і ягонае рашэньне зноў аспрэчылі. Пракуратура настойвала, што Лукашэвіч меў намер учыніць хуліганскія дзеяньні, таму не пагаджалася з фармулёўкай пра неасьцярожнасьць. Таксама пракуратура настойвала на павелічэньні кампэнсацыі маральнай шкоды да 200 мільёнаў рублёў і прасіла пазбавіць злачынцу волі на 7 гадоў ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Бок пацярпелага таксама настойваў на перакваліфікацыі, павелічэньні сумы маральнай кампэнсацыі, а таксама прасіў улічыць матыў нянавісьці як абцяжарвальны. Аднак у выніку судовая калегія Менгарсуду касацыйныя скаргу і пратэст не задаволіла, а папярэдні прысуд пакінула ў сіле.

Калі наглядная скарга сям’і Пішчэўскіх у Менгарсуд ня дасьць выніку, у іх застанецца магчымасьць скардзіцца ў Вярхоўны суд.

На другім працэсе па справе аб зьбіцьці Пішчэўскага ў Цэнтральным судзе Менску сваякі абвінавачанага Лукашэвіча перашкаджалі журналістам рабіць фота- і відэаздымку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG