Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор ня ўбачыў у зьбіцьці прыкметаў варожасьці да геяў


Міхаіл Пішчэўскі, фота Gazetaby.com
Міхаіл Пішчэўскі, фота Gazetaby.com

Сямю гадамі зьняволеньня папрасіў дзяржаўны абвінаваўца пакараць менчука Дзьмітрыя Лукашэвіча, ад удару якога гей Міхаіл Пішчэўскі апынуўся ў коме.

12 студзеня на працэсе па справе аб зьбіцьці гея Міхаіла Пішчэўскага адбыліся судовыя спрэчкі. Прадстаўнік дзяржаўнага абвінавачаньня Андрэй Мігун папрасіў суд прызнаць Дзьмітрыя Лукашэвіча вінаватым у наўмысным нанясеньні цяжкай траўмы Міхаілу Пішчэўскаму і зьбіцьці ягонага сябра і агулам пакараць абвінавачанага 7 гадамі зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Нагадаю, папярэднія слуханьні гэтай справы скончыліся прысудам у 2 гады і 8 месяцаў зьняволеньня і былі абскарджаныя, у тым ліку пракуратурай Цэнтральнага раёну Менску, якая палічыла, што Лукашэвіч траўмаваў Пішчэўскага не «па неасьцярожнасьці», а наўмысна.

У чым пракурор Андрэй Мігун убачыў наўмыснасьць у дзеяньнях абвінавачанага Лукашэвіча? Вось што сказаў пракурор у сваёй сёньняшняй прамове:

Па-першае, ён спартовец, фізычна мацнейшы за пацярпелага. Ударыў ён Пішчэўскага ў момант, калі той гэтага не чакаў, знаходзіўся ў расслабленым стане.

«Па-першае, ён спартовец, фізычна мацнейшы за пацярпелага. Ударыў ён Пішчэўскага ў момант, калі той гэтага не чакаў, знаходзіўся ў расслабленым стане. Адпаведна, наступствы ў такім стане могуць быць больш цяжкія, чым калі чалавек да гэтага гатовы і можа гэтаму перашкодзіць. Лукашэвіч мусіў прадбачыць, што ад такога ўдару чалавек можа ўпасьці і атрымаць ад сутыкненьня моцныя пашкоджаньні, што і адбылося. Прычым пацярпелы дагэтуль знаходзіцца ў амаль нерухомым стане».

Міхаіл Пішчэўскі, фота Gazetaby.com
Міхаіл Пішчэўскі, фота Gazetaby.com

А ці была прычынай зьбіцьця нетрадыцыйная арыентацыя пацярпелага? Пракурор Андрэй Мігун такой сувязі ня ўбачыў.

Іншую пазыцыю займаюць сваякі пацярпелага Міхаіла Пішчэўскага. Іх прадстаўніца ў судзе Сьвятлана Н. нагадала суду, што канфлікт пачаўся менавіта пасьля абразы наконт сэксуальнай арыентацыі, якую Лукашэвіч выказаў на адрас сяброў пацярпелага Пішчэўскага. Таксама прадстаўніца пацярпелага нагадала пра сьведчаньні ахоўніка Івана Патапава, які распавёў, як Лукашэвіч пасьля зьбіцьця Пішчэўскага парываўся прайсьці ў начны клюб, дзе зьбіраліся геі, і там працягнуць зь імі разборкі. Варожасьць да геяў як да пэўнай сацыяльнай групы прадстаўніца пацярпелага лічыць фактарам, які абцяжарвае віну Лукашэвіча:

«Зусім відавочным зьяўляецца факт таго, што канфлікт, які мы разглядаем, узьнік на глебе нецярпімага стаўленьня з боку абвінавачанага да людзей нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі. Пішчэўскі атрымаў гэты ўдар менавіта таму, што быў чальцом гэтай групы, Лукашэвіч пра гэта публічна крычаў і потым паведаміў пра гэта свайму сябру».

Адвакат Лукашэвіча Тамара Старажэнка заявіла суду, што яе падабаронны ня біў пацярпелага наўмысна, а ўдарам адрэагаваў на пагрозу, якую нібыта ўбачыў у дзеяньнях і зьнешнім выглядзе Міхаіла Пішчэўскага. Чым менавіта пагражаў Міхаіл Пішчэўскі абвінавачанаму, засталося незразумелым. Нагадаю, паводле сьведак, у момант удару Пішчэўскі глядзеў на мабільны тэлефон. Варожасьці непасрэдна да геяў, паводле адваката Лукашэвіча, у ягоных дзеяньнях не было:

Лукашэвіч ня быў знаёмы зь Пішчэўскім і ягонымі сябрамі, пра іх сэксуальную арыентацыю ён ня ведаў. Яны абодва былі нецьвярозыя

«Лукашэвіч ня быў знаёмы зь Пішчэўскім і ягонымі сябрамі, пра іх сэксуальную арыентацыю ён ня ведаў. Яны абодва былі нецьвярозыя», — казала адвакат.

Тамара Старажэнка лічыць, што яе падабаронны нанёс пацярпеламу траўму па неасьцярожнасьці, і папрасіла суд пакараць яго без пазбаўленьня волі, даўшы магчымасьць працаваць і грашыма дапамагаць у лячэньні Пішчэўскага.

Сам Лукашэвіч паўтарыў у апошнім слове, што згодны кампэнсаваць 100 мільёнаў рублёў маральнай шкоды, а пра 500 мільёнаў рублёў, якіх патрабуе сям’я зьбітага, Лукашэвіч сказаў, што гэта для яго «непад’ёмныя грошы».

Прысуд па справе аб зьбіцьці гея Міхаіла Пішчэўскага будзе абвешчаны 13 студзеня а 10 гадзіне раніцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG