Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвінавачаны ў зьбіцьці гея працаваў настаўнікам у 29-й гімназіі


Дзьмітры Лукашэвіч на лаве падсудных

Дзьмітры Лукашэвіч на лаве падсудных

На сёньняшнім паседжаньні былі агалошаныя дадзеныя пра асобу Дзьмітрыя Лукашэвіча, якога абвінавачваюць у нанясеньні цяжкай траўмы гею Міхаілу Пішчэўскаму. Як стала вядома са словаў пракурора, Дзьмітры Лукашэвіч скончыў акадэмію фізычнай культуры і ў канцы 2010-х гадоў больш за 2 гады працаваў настаўнікам фізкультуры ў менскай гімназіі № 29.

У справе з гэтай гімназіі фігуруе станоўчая характарыстыка. Пазьней абвінавачаны працаваў апэратарам вакуўмнай устаноўкі і наладчыкам станкоў на розных прадпрыемствах, адкуль яму таксама далі станоўчыя характарыстыкі. А вось паводле гарадзкой міліцыі Дзьмітрыя Лукашэвіча шмат разоў прыцягвалі да адказнасьці за расьпіцьцё сьпіртных напояў у грамадзкіх месцах і адзін раз пакаралі за парушэньне правілаў дарожнага руху. У момант затрыманьні 25 траўня, пасьля інцыдэнту, у крыві Лукашэвіча было 1,8 праміле алькаголю, што лічыцца моцным ап’яненьнем.

У зьвестках пра асобу Міхаіла Пішчэўскага пазначана, што ён адзін раз прыцягваўся за дробнае хуліганства і некалькі разоў — за парушэньні ПДР.

Істотныя паказаньні даў адзін зь міліцыянтаў, якія затрымлівалі Дзьмітрыя Лукашэвіча. Паводле гэтага сьведкі, пасьля затрыманьня Лукашэвіч зьвязаў свой учынак з тым, што ў клюбе «Андэрворлд», як ён сказаў, «сабраліся геі».

Пра тое, у якім цяпер стане пацярпелы Міхаіл Пішчэўскі, апавёў суду ягоны брат Віталь Барташэвіч, які ўжо 5 месяцаў яго даглядае ў шпіталі. За гэты час сам Віталь звольніўся з працы, ад яго сышла жонка, але ён працягвае кожны дзень дапамагаць цяжка хвораму брату:

Міхаіл Пішчэўскі

Міхаіл Пішчэўскі

«Мне даводзіцца па 12–14 гадзін штодня сядзець у бальніцы, бо іншага выйсьця няма. Брат ператвараецца ў камень, калі яго спрабуеш перавярнуць на бок, бо ў яго вялікія пролежні, ён заціскаецца. З кожным днём яго стан усё горшы. Ён ня рухаецца, нічога ня можа сказаць і патлумачыць. Раніцай ён кожны раз мокры, я яму перасьцілаю. Потым прыходзіць лекар рабіць працэдуры. Мы яму ставім зонд, празь які ўводзяць ежу, бо сам ён есьці ня можа. Таксама яму мяняецца трубка, празь якую ён дыхае. З-за таго, што ён увесь час ляжыць, яна забіваецца вадкасьцю, і калі раніцай яе не замяніць, ён ня ў стане дыхаць. Ежу Мішу прыносіць мама, але каля яго я не магу маці пакідаць больш як на 15 хвілін, бо ёй становіцца вельмі дрэнна. І Мішу ад гэтага становіцца дрэнна, ён пачынае плакаць. Яшчэ ён плача, калі яму робяць перавязку ў сувязі з пролежнямі. Тады яго ажно трасе, ён скручваецца, пачынае сінець. Гэта не перадаць словамі», — казаў брат пацярпелага і пры гэтым сам плакаў.

Прадстаўнікі пацярпелага на сёньняшнім паседжаньні заявілі пазоў аб кампэнсацыі шкоды: 63 мільёны рублёў за матэрыяльную шкоду і 500 мільёнаў — за маральную. Абвінавачаны Лукашэвіч пагадзіўся кампэнсаваць матэрыяльную шкоду цалкам, а вось з сумы маральнай шкоды ён гатовы выплачваць у 5 разоў меней — 100 мільёнаў рублёў.

12 студзеня ў працэсе пачнуцца судовыя спрэчкі.

XS
SM
MD
LG