Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуд па справе аб зьбіцьці гея Міхаіла Пішчэўскага пакінулі бязь зьменаў


Міхаіл Пішчэўскі, архіўнае фота, фота Gazetaby.com,

Міхаіл Пішчэўскі, архіўнае фота, фота Gazetaby.com,

У выніку папярэдні прысуд Зьмітру Лукашэвічу пакінуты ў сіле: 2 гады 8 месяцаў плюс 150 мільёнаў маральнай кампэнсацыі і 63 мільёны матэрыяльнай кампэнсацыі.

Паводле праваабаронцы Тацяны Равякі, касацыю падаў ня толькі бок пацярпелага, але і пракуратура ўнесла касацыйны пратэст. На пасяджэньні старшынявала судзьдзя Шапашнікава.

Пракуратура настойвала на тым, што Лукашэвіч меў намер учыніць хуліганскія дзеяньні, таму не пагаджалася з фармулёўкай пра неасьцярожнасьць. Таксама пракуратура настойвала на павелічэньні кампэнсацыі маральнай шкоды да 200 мільёнаў рублёў і прасіла пазбавіць злачынцу волі на 7 гадоў ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Бок пацярпелага таксама настойваў на перакваліфікацыі, павелічэньні сумы маральнай кампэнсацыі, а таксама прасіў улічыць матыў нянавісьці як абцяжарваючы.

Аднак у выніку судовая калегія касацыйныя скаргу і пратэст не задаволіла, а папярэдні прысуд пакінула ў сіле.

Сваякі Міхаіла Пішчэўскага зьбіраюцца падаць наглядную скаргу і пры неабходнасьці — у Вярхоўны суд, каб «не было адчуваньня, што штосьці не зрабілі, што маглі».

Тацяна Равяка

Тацяна Равяка

«Міхаіл Пішчэўскі ў надзвычай цяжкім стане, кропельніцы бесьперапынна, па 50 таблетак у дзень, усё цела — пролежні, бясконцы боль — і ён гэта адчувае. Дактары кажуць, што жыцьцё трымаецца толькі на леках. Ён страціў 40 кіляграмаў. Родныя ўвесь час знаходзяцца зь ім і спадзяюцца толькі на цуд. Родныя прасілі выказаць падзяку тым, хто дапамагае, у тым ліку — сродкамі, якія вельмі патрэбныя, бо лекі неверагодна дарагія. Пералічаныя Лукашэвічам 27 мільёнаў так ніхто пакуль і не атрымаў, выплаты ім спыненыя», — распавяла Тацяна Равяка.

Падставай для нападу стала нетрадыцыйная сэксуальная арыентацыя Міхаіла Пішчэўскага. Ён быў зьбіты 25 траўня мінулага года каля менскай кавярні «Андэрволд» пасьля канфлікту на глебе варожага стаўленьня да геяў. У выніку траўмы галавы Міхаілу Пішчэўскаму былі вымушаны зрабіць апэрацыю і выдаліць 20% мозгу. Абвінавачаны Дзьмітры Лукашэвіч у судзе папрасіў прабачэньня ў сваякоў пацярпелага. Суд спачатку прысудзіў Лукашэвічу 2 гады і 8 месяцаў. Пасьля касацыйнай скаргі маці пацярпелага справа пераглядалася зноў у Цэнтральным судзе Менску. Судзьдзя зноў засудзіў Зьмітра Лукашэвіча да 2 гадоў 8 месяцаў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым у нанясеньні цяжкіх цялесных пашкоджаньняў па неасьцярожнасьці.

Дзьмітры Лукашэвіч скончыў акадэмію фізычнай культуры і ў канцы 2010-х гадоў больш за 2 гады працаваў настаўнікам фізкультуры ў менскай гімназіі № 29. РС

XS
SM
MD
LG