Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У судзе нанова разглядаецца справа аб зьбіцьці гея. Сваякі абвінавачанага нападаюць на журналістаў


У Цэнтральным судзе Менску распачаўся новы працэс па справе аб зьбіцьці менчука Міхаіла Пішчэўскага. Падставай для нападу стала ягоная нетрадыцыйная сэксуальная арыентацыя.

Восьмы месяц Міхаіл Пішчэўскі ляжыць у коме. За гэты час адбыўся першы суд над Дзьмітрыем Лукашэвічам, якога прызналі вінаватым у нанясеньні пацярпеламу траўмы па неасьцярожнасьці і асудзілі на 2 гады і 8 месяцаў зьняволеньня. Маці Міхаіла Пішчэўскага і пракуратура аспрэчылі гэтае рашэньне ў гарадзкім судзе і дамагліся прызначэньня новага разгляду справы, бо патрабуюць больш жорсткага пакараньня і грашовай кампэнсацыі. 6 студзеня ў Цэнтральным судзе судзьдзя Міхаіл Хома пачаў новы працэс.

Абвінавачаны Дзьмітры Лукашэвіч прызнаў сваю віну толькі часткова. Ён прызнаў, што абразіў сяброў пацярпелага словам, якое груба вызначае іх сэксуальную арыентацыю, а таксама — што першы ўдарыў Міхаіла Пішчэўскага, як ён сказаў, «у сківіцу», але зрабіў гэта, «бо адчуваў пагрозу ў свой бок». Падсудны публічна папрасіў прабачэньня ў маці пацярпелага і зноў паўтарыў, што нанёс траўму яе сыну не наўмысна, а таму, што «гэтак здарылася».

Між тым у судзе выступіў сьведка Іван Д., супрацоўнік Дэпартамэнту аховы менскай міліцыі, які ў той вечар, 25 траўня, адпачываў у рэстарацыі і бачыў канфлікт на свае вочы, а таксама чуў размовы ягоных удзельнікаў. Паводле сьведкі, пра неасьцярожнасьць дзеяньняў абвінавачанага Лукашэвіча казаць не выпадае, бо ён біў Пішчэўскага сьвядома з прычыны нянавісьці да геяў. Чаму менавіта гэта была галоўная прычына? Сьведка згадаў, што пацярпелы паспрабаваў высьветліць, на чый адрас лаецца Лукашэвіч, і тады той кінуўся да яго з кулакамі.

«Падсудны быў у такім настроі, такая ў яго была энэргія, што не перадаць! Падбег да Міхаіла і без усякіх словаў ударыў яго кулаком з размаху ў скронь. Той падае. Да Міхаіла кідаецца ягоны сябар, кажа абвінавачанаму, каб больш ня біў, бо чалавек ужо ляжыць. І тут абвінавачаны ўдарыў ужо гэтага сябра ў сківіцу».

Падбег да Міхаіла і без усякіх словаў ударыў яго кулаком з размаху ў скронь

Прынамсі, пасьля інцыдэнту сьведка Іван, як ён кажа, дапамог міліцыі затрымаць Дзьмітрыя Лукашэвіча. Маўляў, той спачатку зьбег зь месца здарэньня, але потым вярнуўся. У гэты момант сьведка яго ўбачыў і пабег за ім па вуліцы, і толькі тады Лукашэвіч спыніўся. Сам Лукашэвіч гэтыя акалічнасьці адмаўляе і кажа, што вярнуўся, бо перажываў за пацярпелага, а потым добраахвотна здаўся міліцыянтам.

Таксама Дзьмітры Лукашэвіч не прызнае, што наносіў удар сябру пацярпелага. Сьведка Аляксей Бараноўскі, які быў разам з Лукашэвічам каля начнога клюбу, пацьвердзіў ягоныя словы: што той, ударыўшы Пішчэўскага, больш нікога ня біў. Сьведка, які нібыта таксама пацярпеў ад рукі Лукашэвіча, у суд сёньня не зьявіўся. Увогуле сьведкі з боку Міхаіла Пішчэўскага просяць не даваць у друк іхнія прозьвішчы, баючыся помсты другога боку.

У тым, што варожасьць паміж бакамі ў справе рэальная, пераканаўся і карэспандэнт Свабоды падчас інцыдэнту, якія здарыўся адразу пасьля паседжаньня. Калі судзьдзя абвясьціў перапынак, журналісты паспрабавалі зрабіць фота і відэаздымкі абвінавачанага Лукашэвіча ў жалезнай клетцы, бо падчас працэсу суд здымкі забараніў. Але раптам сваякі і сябры абвінавачанага сталі гэтаму перашкаджаць, у тым ліку выбіваючы з рук камэры і мабільныя тэлефоны.

Працэс адновіцца ў чацьвер, 8 студзеня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG