Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пісьменьнік і дасьледнік сталінскіх рэпрэсіяў Леанід Маракоў знаходзіцца ў госьпісе


Леанід Маракоў, архіўнае фота

Леанід Маракоў, архіўнае фота

У яго пухліна галаўнога мозгу. Пра гэта Радыё Свабода паведаміў сын пісьменьніка Дзьмітры.

Па словах Дзьмітрыя Маракова, пухліна была прычынай таго, што на пачатку году Леанід перажыў інсульт. Цяпер ягоны стан цяжкі. Пра яго клапоцяцца сын і дачка.

На зьнікненьне Леаніда Маракова з публічнай прасторы зьвярнулі ўвагу ягоныя сябры ў сацыяльнай сетцы Фэйсбук. Пісьменьнік мае вельмі актыўны акаўнт і шмат падпісчыкаў. Апошні пост на ягонай старонцы зьявіўся 21 верасьня.

Леанід Маракоў (нар. у 1958 годзе) па прафэсіі інжынэр-радыёэлектронік, у 1990-я стаў вывучаць біяграфію свайго дзядзькі паэта Валера Маракова, які быў расстраляны 29 кастрычніка 1937 году. Вынікам працы стала маштабнае дасьледаваньне сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі — падрыхтаваны і часткова выдадзены 10-тамовы энцыкляпэдычны даведнік пад назвай «Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асьветы, грамадзкія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794–1991». Агулам сабраныя зьвесткі пра 20 тысяч ахвяраў.

Леанід Маракоў выдаў таксама дакумэнтальны досьлед «Ахвяры і карнікі», дзе прыводзіць біяграфіі ахвяраў і тых, хто датычны да рэпрэсіяў у Беларусі. Асобна выйшла кніга, дзе сабраныя зьвесткі пра рэпрэсаваных у Беларусі праваслаўных сьвятароў.

Леанід Маракоў таксама вядомы сваімі літаратурнымі творамі, аўтар некалькіх кніг.

У 2014 годзе выйшла ягоная манаграфія «Галоўная вуліца Мінска. 1880–1940».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG