Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”. Эфір 19 верасьня

Семдзесят гадоў таму, у верасьні 1939-га, з польскіх турмаў у Заходняй Беларусі выходзілі тысячы вязьняў, каб неўзабаве трапіць у турмы савецкія. Чым адрозьніваліся ўмовы ўтрыманьня ў польскіх і савецкіх вязьніцах, і які рэжым – санацыйны ці сталінскі – быў больш рэпрэсіўным у адносінах да чатырох з паловай мільёнаў насельнікаў Заходняй Беларусі? Госьць “Вольнай студыі” – гісторык Леанід Маракоў.

Міхась Скобла
Міхась Скобла:
“Леанід, мы ведаем, як зладжана ў 30-я гады працавала рэпрэсіўная машына ў Беларусі савецкай. Але ж і польская ўлада таксама ўзмацняла рэпрэсіі супраць беларускага руху – усім вядомы канцлягер Картуз-Бяроза. А ці можна супаставіць рэжым польскай санацыі з рэпрэсіямі савецкага рэжыму па абодва бакі мяжы?”

Леанід Маракоў: “Толькі за 1927–1929 гады ў Заходняй Беларусі польскімі ўладамі былі арыштаваныя наступныя асобы (я пералічу толькі самых вядомых): грамадзка-палітычны дзеяч Фабіян Акінчыц (у 1943 годзе ён будзе застрэлены савецкімі партызанамі), паэт Хведар Ільяшэвіч (па вайне загіне ў Нямеччыне ў аўтамабільнай катастрофе), паэт Макар Краўцоў (будзе зьнішчаны энкавэдыстамі ў 1939-м), палітык Антон Луцкевіч (загіне ў сталінскім канцлягеры ў 1942-м), пэдагог Пётра Мятла (загіне на Беламор-Канале), паэт Сяргей Новік-Пяюн (сядзеў і пры паляках, і пры немцах, і пры саветах), палітык Васіль Рагуля (яму ўдасца ўцячы пасьля арышту чэкістамі ў 1941-м), грамадзка-палітычны дзеяч Сымон Рак-Міхайлоўскі (пазьней будзе забіты ў Менскай унутранай турме НКВД), мовазнаўца Браніслаў Тарашкевіч (будзе закатаваны ў той самай турме)… Так, пры паляках усе яны былі вязьнямі, але пры саветах сталіся ахвярамі… Адзначу, што ўсе пералічаныя ў Польшчы арыштоўваліся за канкрэтную антыдзяржаўную дзейнасць. І ў польскіх турмах іх ніхто на кол не саджаў і да сьмерці ботамі ці шомпаламі не зьбіваў. Чаго ня скажаш пра савецкія турмы…”

Скобла: “А якія катэгорыі грамадзянаў пасьля верасьня 1939 году найперш падпалі пад савецкія рэпрэсіі ў Заходняй Беларусі?”

Маракоў: “Таксама, як і ва ўсходняй Беларусі, саветы найперш арыштоўвалі адукаваных, потым заможных. Сталін паралельна з Гітлерам (які гэта рабіў у Польшчы) прайшоўся і па габрэях, падтрымаў, што называецца, хаўрусьніка. Органы савецкай дзяржбясьпекі арыштавалі бургамістраў Баранавічаў, Дзятлава, Докшыцаў, Нясьвіжу, Сямятычаў, шэраг былых вайскоўцаў, паліцыянтаў, пажарных, аграномаў, адвакатаў, артыстаў, інжынэраў, настаўнікаў, дырэктараў школаў і гімназій, земляўласьнікаў, лекараў, каталіцкіх і праваслаўных сьвятароў, царкоўных старастаў, псалёмшчыкаў і арганістаў, сялянаў-аднаасобнікаў. У БССР арыштоўваліся нават непаўналетнія вучні, чаго пры паляках не было”.

Скобла: “Колькі агулам жыхароў Заходняй Беларусі пацярпела ад гэтак званых “вызваліцеляў”?”

Маракоў: “Па маіх падліках за няпоўныя два перадваенныя гады было рэпрэсавана каля 100 000 чалавек. Прычым, усё рабілася паэтапна. Спачатку арыштоўвалі бацьку – галаву сям’і. Калі гэта быў чалавек адукаваны, яго зьнішчалі, як правіла, адразу – без суду і сьледзтва. Адукаваны ўяўляў найбольшую небясьпеку для таталітарнага рэжыму. Ён мог мысьліць, а значыць – аналізаваць, ацэньваць нечыя дзеяньні лягічна, рабіць высновы, адносіцца да ўсяго крытычна. Такі чалавек мог раскрыць вочы іншым людзям, сказаць ім праўду, чаго больш за ўсё баяліся бальшавікі. Пасьля бацькі прыходзіла чарга жонкі і дзяцей. Многім тысячам рэпрэсаваных сямейнікаў толькі праз пятнаццаць-дваццаць гадоў удалося зноў пабачыцца”.

Скобла: “Вось як апісваў прыход саветаў у Заходнюю Беларусь дваццацісямігадовы паэт Максім Танк: “Я пазычыў ровар, і мы паехалі ў Мядзела, дзе, чуваць, была ўжо Чырвоная армія. І сапраўды, мы ўбачылі натоўп сялянаў, якія віталі байцоў, крычалі “ўра”, калі міма праходзілі машыны ці танкі. Увесь гэты бясконцы паток людзей, нябачанай намі тэхнікі з шумам і грукатам пераможна плыў на захад…” Крычалі “ўра”, несьлі кветкі… Як хутка да людзей прыйшло працьверазеньне?”

Маракоў: “Працьверазеньне ў разумныя галовы прыйшло раней за “вызваленьне”. Вы што, думаеце, у Заходняй Беларусі ня ведалі, што адбываецца ва ўсходняй? Цягам 1937 і 1938 гадоў, дзень і ноч, сотнямі і тысячамі энкавэдысты катавалі, душылі, стралялі нявінных людзей – і пра гэта ніхто нічога ня ведаў? Кожны дзень зь менскага чыгуначнага вакзала адпраўляліся вагоны-цялятнікі, набітыя спалоханымі, зьбітымі на горкі яблык людзьмі – і ніхто нічога не бачыў? Паэт Алесь Салагуб, колішні вязень Лукішак, у 1928 годзе нелегальна перайшоў польска-савецкую мяжу, вучыўся ў БДУ, выдаў зборнік вершаў з прадмовай Бэндэ. Папісваў “клясава” правільныя артыкулы ў “Зьвязду”, але і папярэджваў сяброў па той бок мяжы, каб не ўцякалі ў Савецкі Саюз, “бо тут нас саджаюць у свае, пралетарскія турмы”. Яго вылічылі, пасадзілі і праз паўгода расстралялі”.

Скобла: “Пры польскай уладзе ў Заходняй Беларусі зачыняліся беларускія школы і гімназіі, уціскаўся беларускі пэрыядычны друк, але не забаранялася вера ў Бога. Што сталася з рэлігійным жыцьцём заходніх беларусаў пры савецкай уладзе?”

Маракоў: “Тое самае, што сталася з рэлігійным жыцьцём у Беларусі ўсходняй значна раней. Усіх сьвятароў арыштавалі, каго пагналі ў канцлягер, а каго расстралялі на месцы. Сярод арыштаваных – прэфэкт пачатковых школаў пры касьцёле Найсьвяцейшай Тройцы ў Драгічыне Баляслаў Дзудзевіч, законьнік Францішак Марцынкоўскі, пробашч касьцёлу ў Відзах Станіслаў Матышчык, законьнік Стэфан Мішкоўскі, пробашч парафіі ў вёсцы Ідолта на Мёршчыне Станіслаў Эліяш ды многія іншыя. Усяго ў маім даведніку “Рэпрэсаваныя каталіцкія сьвятары…” больш за 700 біяграмаў. У Заходняй Беларусі, у адрозьненьне ад усходняй, разам са сьвятаром, звычайна, арыштоўваўся і актыў парафіі”.

Скобла: “Ведаю, што ты цяпер працуеш над даведнікам “Рэпрэсаваныя мэдыкі”. Давай параўнаем ахову здароўя ў Беларусі савецкай і Беларусі Заходняй”.

Маракоў: “Некаторымі фактамі я быў проста шакаваны. Цягам 1936–1938 гадоў з маўклівай згоды Масквы адбылося поўнае запусьценьне сыстэмы мэдыцынскага абслугоўваньня насельніцтва БССР. Запрацавала іншая сыстэма. Сыстэма вынішчэньня хворых праз неаказаньне ім дапамогі. Дайшло да таго, што ў большасьці раённых бальніц працаваў толькі адзін лекар. Адзін – на тысячы і тысячы людзей! А кожны трэці-чацьвёрты ўчастак аказаўся зусім бяз лекарскай дапамогі, нават бяз фэльчара і акушэркі! Прывяду канкрэтныя прыклады. 1937 год. 20-годдзе савецкай улады. У Церахаўскім раёне (30 000 чалавек), у Чэрыкаўскім (40 000), у Краснапольскім (54 000) раёнах БССР – ніводнага стаматоляга! На 124 000 насельніцтва! Сталічны лекар Левін у 1938 годзе наведаў Магілёўскую псыхіятрычную лякарню (дзе Цішку Гартнага чэкісты дабілі). Пасьля наведваньня запісаў: “Дети синие, дрожащие от холода, жмутся по углам и все вместе напоминают загнанных зверей… Отделение производит впечатление изолятора закрытого тюремного типа…” Вось такая ахова здароўя была ў БССР… А цяпер вернемся ў Заходнюю Беларусь да 1939 году. Бальніцы, як правіла, цагляныя, патынкаваныя, пабеленыя. У беласьнежных палатах людзі у піжамах – неверагодная рэч для бальніц у савецкай Беларусі. Пасьля “вызваленьня” прыватныя аптэкі нацыяналізавалі, і бальніцы падагналі пад агульны “ўзор”.

Скобла: “У міжваеннай Заходняй Беларусі існаваў гэткі праклён – каб цябе немцы акупавалі, а саветы вызвалілі… Калі ўзяць тры ўлады, якія зьмянялі адна другую, – польскую, савецкую і нямецкую – якая зь іх была найбольш рэпрэсіўнай у адносінах да заходніх беларусаў?”

Маракоў: “Адразу падкрэсьлю, што рэпрэсіі супраць свайго народу і рэпрэсіі падчас вайны – гэта вельмі розныя рэчы. Як супаставіць польскія рэпрэсіі і савецкія? Гэта – як супаставіць ровар і танк… Сотні арыштаваных за сапраўды антыдзяржаўную дзейнасьць у Польшчы і – дзясяткі тысячаў расстраляных ні за што ў Менску... Сталін мільёны людзей паклаў у магілы, пакуль узлазіў на гару бязьмежнай улады. Вешаў, страляў, душыў людзей галадаморам дзень і ноч, без выходных і перапынкаў. Апошнім часам пасьлядоўнікі дыктатара прыдумалі новую “фішку”: Сталін, маўляў, “быў проста вялікім менэджэрам”. Менэджэр, нагадаю, гэта чалавек, які робіць зь меншых грошай — большыя, нарошчвае свой ці чужы капітал. “Сталін-мэнэджэр” прыслаў да нашых суайчыньнікаў сваіх васалаў са зброяй, якія іх абрабавалі, забралі хату і ўсё, што было ў хаце, выслаў у канцлягеры цэлы рэгіён... Дык які гэта мэнэджэр? Гэта бандыт. Любы таталітарны рэжым баіцца свайго народу і таму трымаецца менавіта на рэпрэсіях, забойствах, здрадніцтве, хлусьні, запалохваньні. Але рана ці позна над краінай зноў устае сонца, паветра робіцца сьвежым, дыхаецца лягчэй. Ажываюць і людзі. Яны ўбачылі сьвятло, і ўжо ніхто і ніколі не прымусіць іх жыць у цемры. Рана ці позна чорная хмара сыходзіць”.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG