Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леанід Маракоў выдаў кнігу эўрапейскіх навэлаў


Леанід Маракоў

Леанід Маракоў

У выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшла новая кніга пісьменьніка Леаніда Маракова. У «Крымінальных аповедах пра каханьне» — 30 навэлаў, кароткіх, ёмістых і зь нечаканым фіналам.

Пра тое, чым прывабліваць да літаратуры сучаснага чалавека, і пра хібы беларускай літаратуры зь Леанідам Мараковым пагутарыла карэспандэнтка Радыё Свабода.

— Гэта спроба зьвярнуць беларускага чытача да сучаснай прозы. У нас у асноўным пішуць бясконцыя апавяданьні пра вайну, пра вёску. Бывае, што жыве пісьменьнік ужо 50 гадоў у Менску, а ўсё пра вёску і пра вёску... Я пісаў эўрапейскія навэлы зь нечаканымі фіналамі. Цяпер 21-е стагодзьдзе, кампутарныя тэхналёгіі, інтэрнэт, чалавеку няма часу чытаць апісаньні на 80 старонак кветачак і дрэваў у лесе.

— Чаму кніга выйшла на расейскай мове?

— Расейскі варыянт зроблены, каб прачытаць маглі ўсе, нават тыя, хто не валодае беларускай мовай. У любым разе будзе і беларускамоўны варыянт, а таксама англамоўны, нямецкі і польскі. Аднак частка навэлаў, якія ўвайшлі ў «Крымінальныя аповеды пра каханьне», ужо друкавалася на беларускай мове, проста ў розных кнігах. Цяпер я зьяднаў іх у адно выданьне.

— Вы друкуецеся ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». Не было ніякіх праблемаў падчас працы зь дзяржаўнай установай?

— У «Мастацкай літаратуры» выйшлі два тамы маёй грунтоўнай працы «Галоўная вуліца Менску». Я вельмі дзіўлюся, што нічога ня выразалі, не скарацілі, а я там вельмі сьмела пісаў пра рэпрэсіі. «Крымінальныя гісторыі пра каханьне» таксама выйшлі ў гэтым выдавецтве, і зноў нічога не парэзалі, нічога ня выкінулі.

— Вы шмат кніг напісалі пра сталінскія рэпрэсіі. Чаму вырашылі зьвярнуцца да бэлетрыстыкі?

— Калісьці маю кнігу «Непамяркоўныя» Радыё Свабода прызнала лепшай мастацкай кнігай пра рэпрэсіі. Тады, у 90-я гады, стаялі стогны: «вой, расстралялі, усё, сьмерць». А я, зьвяртаючыся да тэмы рэпрэсаваных, заклікаў да непамяркоўнасьці, не пагаджаючыся з тым, што беларусы — гэта такія цямці-лямці. І ў кнізе «Непамяркоўныя» ў кожным апавяданьні быў заклік змагацца, але напісаныя яны былі ў лёгкім стылі і зь нечаканымі фіналамі, напаўдэтэктыўнымі і містычнымі. Дык вось, «Крымінальныя аповеды пра каханьне» — гэта тое самае, толькі на іншую тэму. Калі ў «Непамяркоўных» было змаганьне за гонар у палітычным сэнсе, то ў «Крымінальных аповедах» — змаганьне за сям’ю, любоў, каханьне. І мне здаецца, што тут удалося трымацца фармату эўрапейскай навэлы.

— Вы наракаеце, што ў беларускай літаратуры шмат увагі аддаецца тэме вёскі. А дзе адбываюцца падзеі ў вашых творах?

— Толькі ня ў вёсцы. У маіх навэлах месца падзеяў — плянэта Зямля. Герой можа быць у Індыі, Кітаі, на Блізкім Усходзе, у Швэцыі, Нямеччыне, Нідэрляндах, Польшчы, Арабскіх Эміратах, Кувэйце, але асноўнае — гэта горад Менск.

Як пісаць, каб і чыталі, і каб ня быць графаманам?

— Трэба, каб кожны сказ чытаўся лёгка, на адным дыханьні. Трэба, каб кожны абзац меў цікавую інфармацыю. Трэба, каб быў нечаканы фінал. Менавіта па гэтым рэцэпце і напісаныя «Крымінальныя аповеды пра каханьне». Хоць гэта апавяданьні пра каханьне, але там і містыка, і крымінал, і палітыка, і дэтэктыў.

— Як падзеі ў сьвеце адлюстроўваюцца ў вашай творчасьці? Ці сочыце за крызісам ва Ўкраіне?

— Так, і ня толькі я. Я бачу, што беларусы вельмі захопленыя падзеямі ў суседняй краіне і, магчыма, нават менш цікавяцца беларускімі падзеямі і літаратурай. Калі выйшаў першы том «Галоўнай вуліцы Менску», яго імгненна разьмялі з крамаў. А вось калі выйшаў другі том — якраз пачаліся забурэньні ва Ўкраіне — цікавасьць значна зьнізілася. Але я думаю, што сытуацыя ня дойдзе да Трэцяй усясьветнай вайны і Ўкраіна здолее вырвацца з лапаў свайго ўсходняга суседа.

— Калі зладзіце прэзэнтацыю новай кнігі?

— Я як сьлед яшчэ і «Галоўную вуліцу Менску» не прэзэнтаваў. Лічу, што пакуль у сьвеце неспакойна, нельга гэтага рабіць. Як толькі стане спакайней, то будзе прэзэнтацыя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG