Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стагодзьдзе рэпрэсаванага паэта Валерыя Маракова не сьвяткуецца ў Беларусі


Валеры Маракоў, 1925 год.
Валеры Маракоў, 1925 год.

Сёньня — сто гадоў Валерыю Маракову. Гэтая дата ў біяграфіі аднаго з самых таленавітых беларускіх паэтаў 20-30 гадоў мінулага стагодзьдзя замоўчаная. Ня выдадзеныя кнігі, ня зладжана юбілейных вечарынаў, няма публікацый нават у афіцыйнай газэце «ЛіМ». Пляменьнік расстралянага бальшавікамі паэта дасьледчык рэпрэсій у Беларусі Леанід Маракоў лічыць, што такой непавагі да памяці яго родзіча не было за ўсе гады пасьля яго рэабілітацыі.

Сямнаццацігадовы падлетак зь менскага прадмесьця Акалёнія стаў вядомым беларускім паэтам адразу па выхадзе першай кнігі «Пялёсткі», а выдаўшы праз год новую — «На залатым пакосе» — зрабіўся адным з куміраў маладых чытачоў. Іх вабіла паэзія каханьня, надзей і расчараваньняў, так не падобная да траскучага афіцыёзу песьняроў бальшавізму.

Гэтае стаяньне «ў баку ад сацыялістычнай рэчаіснасьці» каштавала паэту кулі, якую ён стрэў 29 кастрычніка 1937 году ў менскай турме, дзе перад тым яго год катавалі. Дасьледуючы рэпрэсіі ў Беларусі, пляменьнік Валерыя Маракова Леанід прыйшоў да высновы, што такія катаваньні вытрымлівалі адзінкі.

«Толькі адзін чалавек на прыблізна дзесяць тысяч можа вытрымліваць любыя катаваньні, любыя. Ёсьць такія моцныя людзі, але іх вельмі мала, і такім чалавекам аказаўся мой дзядзька».

Спадар Леанід даведаўся пра Валерыя Маракова ўжо даволі сталым чалавекам — у сям’і застаўся жыць страх нават пасьля рэабілітацыі іх родзіча ў 1957-м.

«У 1997 годзе мне патэлефанавалі з выдавецтва „Мастацкая літаратура“ і спыталіся, ці ёсьць у мяне рукапісы дзядзькавы. А я прыехаў толькі з Далёкага Усходу, там меў свой бізнэс электронны, і проста нават ня ведаў пра дзядзьку. Мне стала цікава — што і як. І я тады застаўся ў Менску, пайшоў па бібліятэках, музэях, архівах, пазнаёміўся з пляменьніцай Янкі Купалы, і яна мне сказала: „Дык ваш жа дзядзька быў любімым вучнем Купалы!“ Я зьдзівіўся, бо нічога ж ня ведаў — усё жыцьцё ў сям’і баяліся расказваць нешта».

Вынікам стала дакумэнтальная кніга «Валеры Маракоў: лёс, хроніка, кантэкст». А потым Леанід Маракоў выдаў кнігу выбраных твораў рэпрэсаванага дзядзькі, цяпер рыхтуе да выданьня поўны збор ягоных твораў.

Увогуле пасьля забойства Валерыя Маракова выйшла тры яго паэтычныя кнігі. Да стогадовага юбілею ня выдадзена нічога, ня ладзяцца і вечарыны памяці, што вельмі дзівіць Леаніда Маракова.

«Татальнае замоўчваньне. Я не чакаў, што так будзе, што толькі адгукнецца адна „Зьвязда“, і ні „Советская Белоруссія“, ні іншыя выданьні нічога не напішуць. „ЛіМ“ — цішыня...»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG