Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Князь Мацей Радзівіл прывёз у Менску прыватную калекцыю карцін


Мацей Радзівіл (справа) на выставе
Мацей Радзівіл (справа) на выставе

Нашчадак слыннага роду Мацей Радзівіл прывёз у Менск 99 прадметаў са сваёй калекцыі твораў мастацтва.

Выстава пад назвай «Радзівілы: лёсы краіны і роду» праходзіць у Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі з 15 лютага.

«Я маю цьвёрдае перакананьне, што мастацкія калекцыі трэба заўсёды паказваць, нельга закрываць у доме калекцыянэра. Таму гэта ўжо другая выстава, якую я раблю ў Беларусі. Два гады таму назад была маленькая выстава ў Нясьвіжы, там таксама ўдзельнічалі творы мастацтва з маёй прыватнай калекцыі. Я лічу, вельмі важна, каб гэтыя карціны, зьвязаныя з родам Радзівілаў, выстаўляліся ў Беларусі. Таму што найвялікшая спадчына Беларусі — гэта Вялікае Княства Літоўскае. А род Радзівілаў непарыўна зьвязаны з гэтай дзяржавай. Я, дарэчы, калі пыіаюцца пра нацыянальнасьць, кажу, што я грамадзянін Вялікага Княства Літоўскага. І шмат маіх сяброў робяць гэтак».

У экспазыцыі можна пабачыць партрэты Барбары Радзівіл, ейнага бацькі Юрыя Радзівіла, Мікалая Крыштафа Радзівіла «Сіроткі», яго брата Юрыя, Катажыны з Сабескіх, Міхала Казіміра Радзівіла «Рыбанькі», Караля Станіслава Радзівіла «Пане Каханку» ды іншых прадстаўнікоў роду.

Мацей Радзівіл сказаў, што гэтым разам прывёз у Менск 99 адзінак — гэта партрэты Радзівілаў, гравюры, графіка, мініятуры, мэдалі, мастацкія тканіны. Ён расказаў, што вырашыў калекцыянаваць творы мастацтва пасьля таго, як стварыў бізнэс і зарабіў грошы.

«Калі ўжо займеў грошы, пачаў набываць карціны на аўкцыёнах. Да таго ж я заўсёды імкнуся даведацца ня толькі гісторыю асобы, партрэт якой набываю, але і гісторыю самой карціны: каму яна належала, дзе знаходзілася».

Аднак самыя дарагія для Мацея Радзівіла карціны — тыя, якія прыйшлі ў ягоную калекцыю з дому ягонай бабулі:

«Я памятаю іх зь дзяцінства, я рос зь імі, таму гэтыя карціны для мяне самыя дарагія і важныя. Самая дарагая карціна — майстра Юліяна Фалата, яна вісела ў доме маёй бабулі, і я ведаў гісторыю кожнага чалавека, які тут намаляваны. Тут сцэна зімовага паляваньня, і незвычайна, што паляўнічыя забілі мядзьведзя (яны ж сьпяць узімку). У нас у сямʼі быў жарт, што мядзьведзя разбудзілі, бо на паляваньне прыехаў нямецкі кронпрынц. Пасьля гэтая карціна трапіла ў дэпазыт нацыянальнага музэю ў Варшаве, назад яна вярнулася ў канцы 60-х гадоў».

Мацей Радзівіл таксама адзначыў, што на аўкцыёнах вельмі пільна дбае пра арыгінальнасьць твораў, якія набывае. Кожны твор праходзіць як мінімум дзьве экспэртызы.

«Цяпер няцяжка зразумець узрост карціны. Да таго ж большасьць партрэтаў Радзівілаў пісалі або чальцы іхнай жа сямʼі, або невядомыя мастакі. Таму вельмі вялікай каштоўнасьці ў большасьці карцін няма. Я маю на ўвазе, што наўрад ці іх будуць падрабляць, як, скажам, карціны Леанарда да Вінчы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG