Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты ў Горадні спрачаюцца, як рэстаўраваць каралеўскі замак


Стары замак у Горадні
Стары замак у Горадні

На сайце Hrodna.life сярод гісторыкаў разгарнулася дыскусія наконт рэстаўрацыі Старога гарадзенскага замка. За аснову рэканструкцыі ўзяты праект Уладзімера Бачкова, створаны ўжо больш як 30 год таму. У гэтага праекту ёсьць як прыхільнікі, так і крытыкі.

Гісторыя рэстаўрацыі гарадзенскага каралеўскага Старога замка налічвае больш за 30 гадоў. І вось цяпер, калі на гэта зьявіліся рэальныя сродкі, на мурах абабілі тынкоўку, дыскусія вакол рэстаўрацыі заходзіць на новы віток.

Праект перабудовы Старога Замка паводле архітэктара Ўладзіміра Бачкова. Фота з сайту http://hrodna.life
Праект перабудовы Старога Замка паводле архітэктара Ўладзіміра Бачкова. Фота з сайту http://hrodna.life

Праект рэстаўрацыі павінен адпавядаць гістарычным рэаліям

Найперш прыцягвае ўвагу думка менскага гісторыка Міколы Волкава, якая прынцыпова разыходзіцца з бачаньнем рэстаўрацыі Старога замка аўтарам праекту, архітэктарам Уладзімерам Бачковым.

Мікола Волкаў, навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі НАН Беларусі, два месяцы таму абараніў дысэртацыю: «Забесьпячэньне абароназдольнасьці рэзыдэнцыі роду Радзівілаў у XVI — пачатку XVIII стагодзьдзяў». Яшчэ летась Волкаў выступаў у Горадні на навуковай канфэрэнцыі з дакладам, у якім прааналізаваў усе памылкі праекту Бачкова, прадставіў іх грамадзкасьці і аўтару — і, паводле яго, не пачуў у адказ ніводнага аргумэнта.

Мікола Волкаў
Мікола Волкаў

З дасьледаваньняў Волкава вынікае, што праект Бачкова, якім кіруюцца ўлады, і блізка не дае ўяўленьня пра гістарычныя рэаліі.

— Сур’ёзных дасьледаваньняў перад падрыхтоўкай праекту праведзена не было, — кажа Волкаў.

Паводле яго, аўтар фактычна «дадумаў» некаторыя ранейшыя неправераныя гіпотэзы адносна архітэктуры замка, каб яго штучна «ўпрыгожыць».

— Па факце прапануецца дабудаваць на цяперашняй браме і галерэі каля яе паверхі, якіх ніколі не існавала, — працягвае Мікалай Волкаў, — а разам з тым разбурыць другі паверх прыбудовы да брамы першай паловы XVII стагодзьдзя. Жаданьне разбурыць гістарычны будынак, які функцыянаваў чатыры стагодзьдзі, я лічу недаравальнай памылкай архітэктара.

Яшчэ адна важная хіба праекту, паводле Волкава, — гэта прапанова нарабіць грунтоўных будынкаў на схіле з боку Нёмана.

— Але схіл вельмі няўстойлівы, што ў свой час і прывяло да разбурэньня даўнейшых будынкаў на гэтым месцы. Капітальнае будаўніцтва прывядзе да зьнішчэньня багатай археалёгіі замкавага дзядзінца. Асноўныя высілкі варта скіраваць на рэстаўрацыю брамы і палаца, якія захаваліся да нашага часу.

Мікола Волкаў падкрэсьлівае каштоўнасьць гарадзенскага замка і заклікае рэстаўратараў зьвярнуць увагу на тое, што гэта адзіная каралеўская рэзыдэнцыя на тэрыторыі Беларусі, і ставіцца да яе рэстаўрацыі адпаведна.

Трэба захаваць, што засталося

Гарадзенскі гісторык і блогер Мечыслаў Супрон цалкам падтрымлівае канцэпцыю Волкава. Ён зьвяртае ўвагу на відавочныя хібы праекту Бачкова:

«Бачкоў настойвае на тым, што першапачаткова палац XVI ст. у замку меў тры паверхі, нягледзячы на тое, што менскі гісторык Мікола Волкаў, абапіраючыся на інвэнтары замка, даказаў, што ў сапраўднасьці палац меў іх толькі два».

Мечыслаў Супрон
Мечыслаў Супрон

Супрон прапаноўвае, пакуль будуць весьціся размовы пра рэстаўрацыю замка, зрабіць першачарговыя захады, каб захаваць тое, што засталося:

«Па-першае, умацаваць пагорак ад асяданьня. Пасьля выпілоўкі дрэў на склонах Старога і Новага замкаў пачалі фарміравацца апоўзьні. (...)

Па-другое, закансэрваваць раскрытыя часткі „казематаў Баторыя“. За апошнія гады з трох аркадаў, якія выступаюць зь зямлі, захавалася адна, ды і тая ў вельмі аварыйным стане. (...)

Па-трэцяе, неабходна як мага хутчэй атынкаваць аголеныя сьцены брамы, каб такім чынам засьцерагчы ад далейшага атмасфэрнага ўзьдзеяньня».

Праект рэстаўрацыі Старога замка — грунтоўны

Да дыскусіі далучыўся гарадзенскі краязнаўца і дасьледчык Ігар Лапеха. Ён сказаў Свабодзе, што прынцыпова падтрымлівае праект Бачкова.

Паводле яго, праект «грунтоўна прапрацаваны, навукова абгрунтаваны» і «базуецца на шматлікіх крыніцах і багажы папярэдніх дасьледчыкаў».

Ігар Лапеха
Ігар Лапеха

«Маё глыбокае перакананьне, праект рэканструкцыі Старога замка здавальняючы і заслугоўвае рэалізацыі. Грамадзкі кантроль павінен быць больш прадметным і менш эмацыянальным. А горад ужо даўно чакае крокаў па рэстаўрацыі Старога замка», — піша Лапеха.

Праўда, Лапеха ў сваёй публікацыі не прадстаўляе навуковага аналізу сваёй думкі, як гэта робіць Волкаў, а толькі выказвае меркаваньне.

Што ні «адновім», усё будзе наватворам

Гісторык, гарадзенец Сьцяпан Стурэйка, які цяпер працуе ў Вільні, таксама не аналізуе ў сваёй публікацыі канкрэтны праект. Ён лічыць, што дакладна не вядома, як выглядаў замак.

«Ёсьць толькі больш і менш пераканаўчыя вобразы, якія мы ствараем», — піша Стурэйка. Таму колькі паверхаў было на вежы, паводле яго, ня так і важна.

Сьцяпан Стурэйка
Сьцяпан Стурэйка

«Што ні «адновім», усё будзе наватворам. (...) Якое б рашэньне ні прымалася, аўтэнтыка ўсё адно будзе пакутаваць, бо любая рэстаўрацыя — гэта перабудова і пазбаўленьне ад нечага — піша Стурэйка. — Так што тут я б больш разважліва ставіўся да сытуацыі. (...) Рэстаўрацыя — гэта не аднаўленьне «як было». Проста выкіньце з галавы гэты міт. Ніколі ў выніку не паўстае тое, што некалі было. Паўстае заўсёды «цяпер».

Паводле Стурэйкі, якасную рэстаўрацыю нельга выканаць на раз-два-тры.

«Супэр-замежныя ці якія заўгодна спэцыялісты ня здольныя прыехаць і „зрабіць усім харашо“, бо рэстаўрацыя — гэта працэс пераасэнсаваньня і ўпісаньня аб’екта ў бягучую грамадзкую і культурную рэчаіснасьць, тым больш такога знакавага, як Стары замак. Але ж акурат пра пераасэнсаваньне і ўпісаньне мы сёньня думаем менш за ўсё. Шкада», — заключае Стурэйка.

У размове з карэспандэнтам Свабоды Стурэйка пашкадаваў, што ягоную думку многія апанэнты зразумелі няправільна:

— Тое, што я прапаную, — гэта ссунуць фокус абмеркаваньня з вузкаспэцыялізаванай спрэчкі на больш шырокае абмеркаваньне сучаснай ролі замка. Падкрэсьлю яшчэ раз — не спыніць абмеркаваньне архітэктурных дэталяў, а дапоўніць яго тым, што мае большае значэньне і пра што сёньня наагул не вядзецца гаворкі.

Трэба выводзіць рэстаўрацыю на міжнародны ўзровень

Доктар гістарычных навук, археоляг Алесь Краўцэвіч кажа, што сочыць за дыскусіяй. Гаворку пачынае з таго, што галоўная задача рэстаўрацыі — захоўваць тое, што назьбіралася стагоддзямі. Паводле яго, вартасьць мае і тое, што зроблена ў XVI ст. Баторыем, і тое, што было зьменена пры рамонце ў XVII–XVIII стагоддзях.

Алесь Краўцэвіч
Алесь Краўцэвіч

— Захоўваць трэба комплекс, а не бурыць XVII ст., каб зрабіць навадзел на XVI стагодзьдзе. Трэба максымальна захаваць аўтэнтычнае. Да праекту Бачкова і арганізацыі «Гроднаграмадзянпраект» ёсьць відавочныя пытаньні, хоць ён, як я разумею, працуе над ім больш за 30 гадоў.

Краўцэвіч узгадвае, што ўжо не адно дзесяцігодзьдзе час ад часу інстытут «Гроднаграмадзянпраект» нібыта бярэцца за праект рэстаўрацыі замка, «выбівае» дзяржаўныя грошы на рознага кшталту дасьледаваньні, а потым усё замірае, каб праз 5–10 гадоў аднавіцца з новай просьбай, каб дзяржава дала грошы на тыя ж самыя дасьледаваньні. Паводле Краўцэвіча, гэта нагадвае нішто іншае, як пустую трату дзяржаўных сродкаў.

— На добры лад, трэба правесьці канфэрэнцыю па рэстаўрацыі Старога замка, прычым міжнародную, запрасіць адмыслоўцаў з Польшчы. А не даваць проста грошы гэтаму «Грамадзянпраекту». Правесьці міжнародны конкурс на рэстаўрацыю. Думаю, што польскія адмыслоўцы, прызнаныя ў сьвеце, узялі б удзел у гэтым. Тым больш яны зацікаўленыя ў рэстаўрацыі замка, бо лічаць яго і сваёй спадчынай. Карацей, справу варта выводзіць на міжнародны ўзровень, Стары замак варты, каб ім заняліся сапраўдныя адмыслоўцы. А інакш грошы будуць праядацца, а рэстаўрацыя так і застанецца толькі размовай.

Стары замак у Горадні
Стары замак у Горадні

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG