Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Стары замак у Горадні стане палацам Стэфана Баторыя


Са Старога замку ў Горадні здымаюць тынк. Гэта робіцца ў рамках стварэньня праекту яго перабудовы. У канцы ХVІ стагодзьдзя гэта быў палац караля Стэфана Баторыя, тагачасны выгляд яму і хочуць вярнуць.

Такі плян быў зацьверджаны раней Навуковай радай пры Міністэрстве культуры.

У Новым і Старым каралеўскіх замках разьмяшчаецца Гарадзенскі гісторыка-археалягічны музэй. Яго дырэктар Юры Кітурка патлумачыў, што тынк сёньня здымаюць, каб паглядзець — што пад ім, як выглядаюць сьцены, муроўка. Каб ведаць — як праектаваць далей, якія ўносіць зьмены.

Калі Баторы пабудаваў свой замкавы палац, той быў атынкаваны. А замкавыя сьцены, якіх цяпер няма, будуць складзеныя з каменю і цэглы, яны тынкавацца ня будуць, зазначыў спадар Кітурка. Але на дадзеным этапе «распранутыя» ад цэглы муры застануцца ў «аголеным» выглядзе. Паколькі старая муроўка паказала ўжо, што трэба будзе нешта мяняць, напрыклад — вокны. На ранейшых гравюрах відаць, што тады яны выглядалі інакш. Пасьля зьняцьця тынку стала відавочным, што яны былі большымі, кажа Юры Кітурка. Правялі таксама невялікія раскопкі пад сьценамі.

Цяпер працягваецца праца над праектам, кіруе якім Уладзімір Бачкаў, галоўны спэцыяліст у Беларусі па Старым замку. Калі яго скончаць, патрэбныя будуць грошы, каб перабудаваць цяперашні замкавы гмах у палац, якім ён быў у часы Стэфана Баторыя. А экспанаты вынесуць, каб аднавіць унутраны выгляд палаца. Пасьля гэтага будзе магчымасьць стварыць сучасна збудаваную экспазыцыю, што дазволіць палепшыць прывабнасьць музэю для наведнікаў, перакананы Юры Кітурка.

XS
SM
MD
LG