Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі Беларусь будзе праглынаць крыўды, нічога добрага з гэтага не атрымаецца, — расейскі палітоляг


Канстанцін Калачоў
Канстанцін Калачоў

Дзеяньні беларускіх памежнікаў і мытнікаў на мяжы з Расеяй ня толькі не пагаршаюць беларуска-расейскія адносіны, а ў пэрспэктыве могуць наадварот спрыяць іх паляпшэньню.

Такую думку ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў расейскі палітоляг, кіраўнік «Палітычнай экспэртнай групы» Канстанцін Калачоў.

Калачоў падкрэсьлівае, што дзеяньні беларускага боку на мяжы з Расеяй сталі адказам на забарону прадуктаў харчаваньня зь Беларусі.

«Справа ў тым, што ў дадзеным выпадку Лукашэнка паводзіць сябе роўна так, як паводзіць сябе Пуцін. Магчыма, Беларусь не такая вялікая, як Расея, але Лукашэнка таксама паводзіць сябе паводле пэўных паняцьцяў — прынцып, „ня вер, ня бойся, не прасі“ ён вызнае гэтак жа, як і Пуцін. У гэтым сэнсе ён паказвае, што зь ім трэба лічыцца як з раўнапраўным партнэрам. Наагул, для таго, каб эканамічны саюз стаў рэальнасьцю, для таго каб паўнавартасна працаваў, неабходна каб Расея ставілася і да Беларусі, і да Казахстана як да роўных партнэраў — у іншым выпадку ў гэтага ўтварэньня будучыні няма. Абапірацца можна на тое, што супраціўляецца, а супраціўленьне Беларусі тым расейскім мерам, якія беларусы лічаць несправядлівымі ў дачыненьні да сябе, якія наносяць шкоду беларускай эканоміцы, — абсалютна лягічны, апраўданы крок, і, з майго пункту гледжаньня, гэта ня толькі не азмрочыць, а нават палепшыць адносіны паміж дзьвюма краінамі», — кажа экспэрт.

На думку Калачова, сёньняшнія дзеяньні Лукашэнкі — гэта таксама спроба зьвярнуць увагу на сытуацыю самога Пуціна, які стараецца пакуль публічна ня ўмешвацца ў канфлікт.

«Насамрэч, калі казаць пра разумную палітыку, то што перашкаджала заплюшчыць вочы на рээкспарт Беларусьсю тых ці іншых тавараў, якія ў Расеі апынуліся пад санкцыямі? У рэшце рэшт, расейскія спажыўцы атрымліваюць тое, што яны хочуць, а Беларусь атрымлівае магчымасьць трохі зарабіць. Мы ж цудоўна разумеем, што контрасанкцыі Расеі наўрад ці могуць нанесьці вялікую шкоду вытворчасьці хамону або пармэзану, — яны носяць больш сымбалічны характар і ня ставяць сваёй мэтай падрыў эканомікі краінаў ЭЗ, бо гэта проста нерэальна. У гэтым сэнсе мне падаецца, што Расея перагнула палку. У Расеі ня так шмат саюзьнікаў засталося ў сьвеце, і трэба рабіць усё, каб не абвастраць адносіны ні зь Беларусьсю, ні з Казахстанам», — канстатуе палітоляг.

Расейскія чыноўнікі дагэтуль не ўсьведамляюць той факт, што ў Беларусі як у сувэрэннай дзяржавы ёсьць сваё пачуцьцё годнасьці, свой гонар, свае інтарэсы

Калачоў лічыць, што цяперашні беларуска-расейскі канфлікт будзе «спушчаны на тармазах». Пры гэтым ён упэўнены, што Беларусь робіць правільна, калі імкнецца адпаведным чынам адказваць на несяброўскія паводзіны Расеі.

«З майго пункту гледжаньня, калі Беларусь будзе праглынаць крыўды, нічога добрага з гэтага не атрымаецца, і ў рэшце рэшт мы прыйдзем да сытуацыі, падобнай да сытуацыі з расейска-ўкраінскімі адносінамі. Калі з самага пачатку Беларусь дэманструе сваю палітычную суб’ектнасьць, сваё жаданьне будаваць адносіны толькі на ўмовах раўнапраўя, то ў такім выпадку Расеі ў цяперашняй сытуацыі давядзецца з гэтым лічыцца. Расейскія чыноўнікі дагэтуль не ўсьведамляюць той факт, што ў Беларусі як у сувэрэннай дзяржавы ёсьць сваё пачуцьцё годнасьці, свой гонар, свае інтарэсы. І часам ёсьць сэнс сапраўды на нешта заплюшчваць вочы. Калі гаворка ідзе пра эканамічную і палітычную інтэграцыю, дык мэтад шантажу, пагрозаў і ціску відавочна не спрыяе гэтаму», — падкрэсьлівае палітоляг.

Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі ў інтэрвію Радыё Свабода адзначыў: сёньня ўпэўненасьці ў тым, што дамова аб стварэньні Эўразійскага эканамічнага саюза паўнавартасна запрацуе, няма.

Раман Якаўлеўскі
Раман Якаўлеўскі

«Пра гэта сьведчыць тое, што адбываецца на беларуска-расейскай мяжы, а там адбываюцца дзіўныя для такіх моцных хаўрусьнікаў рэчы: вайна, бойка супраць адзін аднаго наконт перамяшчэньня тавараў і дагляду. Адным словам, адбываецца адраджэньне дзяржаўнай мяжы. Нас заўсёды запэўнівалі, што яе няма, а цяпер атрымліваецца, што яна ёсьць», — кажа ён.

Якаўлеўскі выказаў думку, што дамоўленасьці паміж Менскам і Масквой насамрэч ня цалкам вядомыя грамадзкасьці, і ў іх, магчыма, ёсьць нейкія непублічныя пункты, якія Лукашэнка не выконвае.

«Хутчэй за ўсё, рэакцыя Крамля зьвязаная з тым, што Лукашэнка гэтыя дамоўленасьці не выконвае. Я мяркую, што гэта датычыцца славутага пакета беларускіх прадпрыемстваў, якія абяцалі Маскве. Пра адмову выконваць гэтыя дамоўленасьці нагадваюць праз такі інструмэнт як мытнае „выхаваньне“. То бок, гэта пуцінскі стыль: ён бачыць першым сябе, а не старшыню Вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы, якім амаль ужо 15 гадоў зьяўляецца Лукашэнка», — кажа палітычны аглядальнік.

Якаўлеўскі зьвяртае ўвагу на тое, што ўчора падчас сустрэчы зь дзяржсакратаром саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі Рыгорам Рапотам Лукашэнка праявіў нэрвовасьць, сказаўшы, што ён зноў не разумее паводзіны расейскага кіраўніцтва, якое ў дадзеным выпадку прапануе 23 сьнежня правесьці за адзін дзень тры саміты — АДКБ, Эўразійскага эканамічнага саюзу і Вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы.

«Для Лукашэнкі гэта незразумела, бо за адзін дзень — натуральна, ну што можна вырашыць? А Лукашэнка настроены вырашыць тыя пытаньні, якія сёньня існуюць у двухбаковых адносінах. А паводзіны расейскага боку, менавіта Пуціна, сьведчаць аб тым, што на гэты час ён ня лічыць, што ён павінен нешта асабіста растлумачваць Лукашэнку. Такое ўражаньне, што адзін другому надакучыў», — адзначае палітычны аглядальнік.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG