Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС: пытаньне пра далучэньне Беларусі да расейскіх санкцыяў не стаіць


Дзьмітры Мірончык

Дзьмітры Мірончык

У Міністэрстве замежных спраў адзначылі, што пытаньне пра далучэньне Беларусі да расейскіх санкцыяў супраць Эўразьвязу не стаіць на парадку дня.

Камэнтуючы заяву міністра замежных справаў Расеі Сяргея Лаўрова пра магчымае далучэньне Беларусі і Казахстану да санкцый супраць Эўразьвязу, прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык сказаў карэспандэнту Свабоды:

«Калі расейскі бок не выключае, што такая неабходнасьць можа ўзьнікнуць у будучыні, то гэта меркаваньне расейскага боку. І гэта права расейскага боку, таксама як права беларускага боку ставіць на парадак дня інтэграцыйных аб’яднаньняў тыя ці іншыя пытаньні. Ня бачу тут нагоды для нейкага адмысловага камэнтара. Гэта невялічкі пасаж з даволі вялікага інтэрвію міністра. Ніякіх сыгналаў ці выказваньняў, якія б былі зроблены менавіта для таго, каб пачуць адказ беларускага ці казахстанскага боку ў гэтай частцы інтэрвію я асабіста ня бачу. Ёсьць характарыстыка нарматыўна-прававой базы Мытнага саюзу, ёсьць канстатацыя таго факту, што гэтае пытаньне на парадку дня не стаіць, і ёсьць канстатацыя таго факту, што Расея можа паставіць гэтае пытаньне ў парадак дня», — сказаў Дзьмітры Мірончык.

Казахстан і Беларусь могуць далучыцца да расейскіх санкцый супраць Эўразьвязу, заявіў 9 сьнежня міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў у інтэрвію агенцтву «РИА Новости».

«Нарматыўна-прававая база Мытнага саюзу дазваляе яго ўдзельнікам прымаць сумесныя крокі гандлёвага характару ў выпадку аказаньня трэцімі краінамі эканамічнага націску на адну з дзяржаў — сяброў Мытнага саюзу. Тым ня менш на сёньняшні дзень на парадку Мытнага саюзу пытаньне аб рэалізацыі гэтых дзеяньняў у адказ на абмежавальныя меры Захаду ў адносінах да Расеі не стаіць. Не выключаем, аднак, што такая неабходнасьць можа паўстаць у будучыні», — адзначыў Сяргей Лаўроў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG