Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Месца пахаваньня маці прэзыдэнта фатаграфаваць непажадана


Старонка з дакумэнтальнай кнігі Міколы Жыгоцкага «Аляксандар Лукашэнка. Жыцьцё і дзейнасьць». Адзіны афіцыйны фатаздымак Кацярыны Трафімаўны Лукашэнкі, маці Аляксандра Лукашэнкі.

Старонка з дакумэнтальнай кнігі Міколы Жыгоцкага «Аляксандар Лукашэнка. Жыцьцё і дзейнасьць». Адзіны афіцыйны фатаздымак Кацярыны Трафімаўны Лукашэнкі, маці Аляксандра Лукашэнкі.

Маці Аляксандра Лукашэнкі Кацярыну Трафімаўну пахавалі 26 траўня на могілках вёскі Хімы, што ў Аршанскім раёне Віцебскай вобласьці. Яны непадалёк ад роднай вёскі кіраўніка дзяржавы — Александрыі-2, дзе Кацярына Трафімаўна пражыла амаль усё жыцьцё.

Ад Александрыі-2 да могілак з кілямэтар. Яны невялікія і дужа прыбраныя. Магіла нябожчыцы ў вянках. Сярод астатніх яна нічым не вылучаецца, хіба колькасьцю вянкоў. Над магілаю драўляны крыж з таблічкай, на якой пазначаныя гады жыцьця Кацярыны Трафімаўны. Да надмагільнага знаку не падступіцца, бо застаўлены вянкамі.

Фатаздымкі магілы і саміх могілак давялося выдаліць. На гэтым настаялі двое мужчын, якія назваліся прадстаўнікамі сям’і нябожчыцы. Сваю настойлівую просьбу яны патлумачылі нежаданьнем родзічаў Кацярыны Трафімаўны, каб такія фатаздымкі зьяўляліся ў прэсе да сарака дзён па нябожчыцы. Настойліва рэкамэндавалі журналісту не фатаграфаваць і сядзібу на месцы зьнесенай старой хаты, у якой жыла Кацярына Трафімаўна і вырас Аляксандар Лукашэнка. Мужчыны ветліва і карэктна параілі не турбаваць да саракавін пытаньнямі і вяскоўцаў. Перанялі яны журналіста, калі той вяртаўся з могілак.

Пагаварыць з аднавяскоўцамі Кацярыны Лукашэнкі пра тое, якой яе запомняць, удалося ля чыгуначнай станцыі Копысь. Адна з жыхарак адзначыла, што ў апошні шлях праводзіць нябожчыцу прыйшло нямала народу.

«Былі сваякі, суседзі, тыя, з кім яна працавала. Пахавалі яе з хрысьціянскай пашанаю, — казала жанчына. — Шмат добрага пра яе казалі. Плакалі. Яна чэснай была працаўніцай. Рабіла цялятніцай, даяркай. Гэта цяпер усё мэханізавана, а тады ўсё ж рукамі даводзілася рабіць. Сына годнага вырасьціла. Яна ім дужа ганарылася», — зазначыла жанчына.

Усе, з кім давялося пагутарыць, адзначалі, што ў Менск да сына яна ня дужа хацела ехаць. «Паехала, калі ў яе не было ўжо сіл», — зазначыў яшчэ адзін суразмоўца.

«Жыла яна ў Александрыі-2. Домік іхны зьнесьлі, які пабудавалі пасьля пажару ў 1958 годзе. Калі пачалі ў Александрыі будаваць катэджы, то яна перабралася ў адзін зь іх. На месцы зьнесенага старога дома пабудавалі новы», — кажа ён.

Паводле суразмоўніка, Кацярына Трафімаўна штогод старалася бываць у Александрыі. Прывозіў яе сын.

«Александрыю яна дужа любіла. Яна родам адсюль. Раней жа тут хутары адны былі. Потым людзей з хутароў аб’ядналі, і ўтварыўся такі пасёлак, у якім Кацярына Трафімаўна і жыла. Цяпер у той Александрыі адны прыежджыя засталіся. Старажылаў мо і не засталося».

Пра сьмерць Кацярыны Трафімаўны Лукашэнкі стала вядома 26 траўня. У гэты ж дзень яе пахавалі. Пражыла маці кіраўніка беларускай дзяржавы 90 гадоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG