Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Могілкі Лукашэнкаў у Александрыі


Тры магілкі памерлых родзічаў Аляксандра Лукашэнкі.

Тры магілкі памерлых родзічаў Аляксандра Лукашэнкі.

Дзе пахаваюць маці Аляксандра Лукашэнкі, пакуль невядома, раней сам Лукашэнка выказваўся, што ён хоча, каб яго пахавалі на радзіме, у вёсцы Александрыя Шклоўскага раёну.

Год таму Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію расейскаму тэлеканалу «Дождь» на пытаньне, ці ўяўляў ён калі-небудзь сваё пахаваньне, адказаў, што не, але зазначыў: «Я больш схіляюся да таго, каб мяне пахавалі ў маёй роднай вёсцы. Гэта больш спакойнае месца для мяне».

Пытаньне расейскай журналісткі Ксеніі Сабчак тады стала нечаканым для кіраўніка Беларусі, і ён гэта прызнаў. Год таму карэспандэнт Свабоды пабываў у Александрыі на могілках і пагутарыў зь землякамі Аляксандра Лукашэнкі.

Насупраць могілак (удалечыні) – спарткомплекс

Насупраць могілак (удалечыні) – спарткомплекс



Могілкі ў Александрыі — звычайныя вясковыя. Агароджаныя бэтонным плотам. Яны ў невялікім узьлеску, які ўзвышаецца па-над дагледжаным паселішчам. Насупраць — спарткомплекс з футбольным полем і тэніснымі кортамі. З могілак відаць і пляцоўка, дзе штогод праводзіцца купальскі фэст «Александрыя сустракае гасьцей».

Пасьля некалькіх дзён дажджоў у старой частцы могілак добра ўзьнялася трава, схаваўшы некаторыя магілы з надгробкамі. Месцамі звалена ў грудкі нявывезеная леташняя лістота. Абламанага нядаўнімі навальніцамі гальля ніхто не пазьбіраў.

Пасьля дажджоў добра ўзьнялася трава

Пасьля дажджоў добра ўзьнялася трава



На александрыйскіх кладах удалося адшукаць тры магілы, на мармуровых надгробках якіх высечанае прозьвішча Лукашэнка. Тут пахаваныя Генадзь Фёдаравіч, Ганна Паўлаўна ды Фёдар Трафімавіч Лукашэнкі. Паводле вяскоўцаў — гэта сваякі Аляксандра Лукашэнкі.

Магіла Генадзя Фёдаравіча Лукашэнкі зарастае дзьмухаўцамі

Магіла Генадзя Фёдаравіча Лукашэнкі зарастае дзьмухаўцамі



Пра выказваньне кіраўніка дзяржавы, што ён хацеў бы, каб яго пахавалі на кладах у роднай вёсцы, ягоныя землякі ня чулі, але ўхваляюць такое рашэньне. Нямногія, аднак, наважваліся тлумачыць, чаму ўхваляюць. Пытаньне пра гэта іх бянтэжыла.

«Радзіма яго цягне сюды. Кожнага ж чалавека радзіма цягне, — заўважае адна зь вясковак, — там жа пахаваныя ягоныя бабуля і цёця, якая жыла ў Менску. А мама ягоная Кацярына Трафімаўна яшчэ жывая», — кажа жанчына.

Суразмоўніца пераконвае, што для кіраўніка дзяржавы дужа дарагая Аляксандрыя. Ён тут усе сьцежкі абхадзіў, кажа яна.

«Маці ягоная таксама прасіла, каб яе пахавалі абавязкова тут, на нашых могілках. Вось і ён таму хоча, — тлумачыць яшчэ адна вяскоўка, пачуўшы пра заяву свайго вядомага земляка. — Чалавек ён дужа добры. Вырас тут. Таму і хоча быць пахаваным на сваёй радзіме», — зазначае жанчына. Яна не згаджаецца, што вясковыя могілкі ня месца для пахаваньня такіх выбітных асобаў, як кіраўнік дзяржавы: «Калі ён так жадае, то супраць нельга ісьці, — лічыць яна, — і тут яму можна зрабіць добры помнік».

Паводле суразмоўніцы, на александрыйскіх кладах не хавалі вядомых асобаў. Усе тутэйшыя, кажа яна.

Да гутаркі далучаецца і суседка. Сталага веку жанчына перакананая, што месцам апошняга спачыну павінна быць тое, дзе пахаваныя продкі: «Ня дзе-небудзь замураваны, а ў зямлі ля сваіх продкаў. Цяпер жа ўсе сваіх продкаў шукаюць, — тлумачыць вяскоўка. — Мамка ягоная там жа будзе ляжаць. У Менску яе ж не пахаваюць. У нас жа тут пахаваная ягоная ўся радзіна — там і цёткі, і дзядзькі, і пляменьнікі. Чаму ён мусіць адзін ляжаць?».

Усё будуць вырашаць родзічы, дзе будзе пахаваны Аляксандар Лукашэнка, пераканана заяўляе яшчэ адзін жыхар Александрыі. «Гэта ўсё залежыць ад сваякоў, дзе яго пахаваюць. Яны ведаюць, дзе лепей. Можа, яны выберуць месца ў Менску, а можа, сюды на радзіму, — даводзіць вясковец, — сваякі ж ягоныя тут пахаваныя».



Стаўленьне жыхароў Александрыі да свайго вядомага земляка, кіраўніка Беларусі, выключна пазытыўнае. Яны наперабой прыводзяць прыклады таго, як раней жыла і выглядала вёска і як яна выглядае цяпер. Дагледжаныя заасфальтаваныя вуліцы. Большая частка паселішча забудаваная катэджамі. Гасьцініца, спарткомплекс, школа, некалькі крамаў. У будзённы дзень зранку на вуліцах ні душы — усе на працы, цьвердзяць пэнсіянэры.

Так выглядаюць Александрыскія могілкі

Так выглядаюць Александрыскія могілкі

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG