Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камандзіроўка да маці прэзыдэнта


Александрыя.

Александрыя.

Празь некалькі месяцаў пасьля выбараў 1994 году на загад свайго тагачаснага галоўнага рэдактара Аляксандра Ўліцёнка (тыднёвік «Свободные новости») мы з фотакарэспандэнтам Генадзем Лахтанавым выправіліся адведаць мясцовасьць, якая ўзгадавала першага прэзыдэнта Беларусі. Зразумела, галоўным пунктам камандзіроўкі была абраная вёска з гучнай назвай Александрыя, дзе жыла маці Аляксандра Лукашэнкі.

Вёска як вёска, нічога адметнага, за выключэньнем цаглянага дому, які на фоне астатняй кволай забудовы выглядаў, безь перабольшаньня, нават прэзэнтабэльна. Яго для Кацярыны Трафімаўны ўзьвялі неўзабаве пасьля абраньня Лукашэнкі на кіраўніка краіны — статус абавязваў. Ужо ў працэсе збору матэрыялу высьветлілася, што ў новыя харомы жанчына пераехала з хаціны, якую, каб не развалілася, даводзілася падпіраць бярвёнамі.

Мы падышлі да дому, Кацярына Трафімаўна працавала на гародзе. Праз плот гукнуў: маўляў, прыехалі зь Менску, хацелі б пагаварыць пра сына, як яна ставіцца да таго, што ён абраў сабе такі нялёгкі шлях. У адказ пачулі ня вельмі прыязнае: «Езьдзяць тут, усё нешта вынюхваюць». Яшчэ адна спроба схіліць суразмоўніцу хоць бы на пару слоў безь мікрафона скончылася зусім нечакана: жанчына падняла зь зямлі важкую груду ды шпурлянула ў наш бок. Пасьля чаго заскочыла ў хату і зачынілася. Рафінаваны Генадзь ледзь пасьпеў падхапіць акуляры і з расчараваным стогнам споўз на зямлю.

Нічога не заставалася, як пайсьці па суседзях. Сяброўкі Кацярыны Лукашэнкі аказаліся нашмат больш адкрытымі. Яно і зразумела — над імі арэол сына-прэзыдэнта не навісаў. Расказалі, што такі ў «Лукашэнчыхі» характар: за сямейнымі ды калгаснымі клопатамі проста не было часу на балбатню.

Хоць вяскоўцам да нагрузак не прывыкаць, але працаздольнасьці Трафімаўны дзівіліся нават тутэйшыя мужыкі: у свае тагачасныя 70 гадоў сама цягала са склепа бульбу, пад рыдлёўку яе саджала, гэткім жа чынам ураджай зьбірала і складавала. Упрогшыся, магла нават прабаранаваць свой надзел ля хаты. Адным словам, ніколі не прасіла дапамогі, толькі пасьля кар’ернага ўзьлёту Аляксандра пэрсанальнае шэфства над ёй узяў мясцовы саўгас.

Тыя ж суседкі казалі, што сынава прэзыдэнцтва ўспрыняла як бяду: як прыходзіла, дык увесь час са сьлязьмі прычытала, што не патрэбна яму гэта, што хапіла б яму і ранейшага дырэктарства. Адзін зь мясцовых інтэлігентаў — экс-кіраўнік тутэйшай гаспадаркі — падзяліўся назіраньнем, што нечаканае ўзвышэньне сына зрабіла яе яшчэ больш закрытай, нават было адчуваньне, што ёй чамусьці няёмка перад аднавяскоўцамі.

Назаўтра вырашылі наведаць Лукашэнкавых сваякоў. На ўскрайку Александрыі мясцовыя паказалі хату роднай сястры Кацярыны Трафімаўны — Ганны. Пакуль шукаў, дзе ў таго барака дзьверы, голас зь ніадкуль пацікавіўся, што мне тут патрэбна. Муж Ганны Трафімаўны завіхаўся ў хляве. Крыху пагаварылі, па-сялянску прыклаў што жонку, што яе сястру — збольшага дзеля прафіляктыкі. Прапанаваў пачаставацца «чарнілкам» з загашніка. Але антураж неяк напружваў.

Зайшлі ў хату, на сьценах — сямейныя здымкі. За невялікі хабар на бутэльку ўсё таго ж «чарнілка» гаспадар сам выцягнуў пару архіўных фатаграфіяў — з умовай, што потым вярну поштай. Празь дзень выявы самых блізкіх сваякоў маладога прэзыдэнта ўпершыню былі растыражаваныя на старонках тыднёвіка «Свободные новости». А здымкі, як і абяцаў, адправіў законным уладальнікам.

У 2000 годзе Аляксандар Лукашэнка перавёз маці бліжэй да сябе. За натуральным бугром уздоўж праспэкта Пераможцаў пры павароце на «аджатыя» ў замежных дыпляматаў Дразды для Кацярыны Трафімаўны збудавалі невялікі катэдж з абавязковым вясковым атрыбутам — хлявом. Адзін з будаўнікоў, зь якім выпала ляжаць у шпіталі, расказваў, што ў хляве быў абсталяваны стаяк для каровы.

Аднак на практыцы выявілася, што трымаць карову каля ажыўленай трасы — занадта авантурна. У выніку хлеў пераабсталявалі пад домік для аховы: падлогу аздобілі пліткай, а месца ў стаяку заняў міліцыянт. А каб не сумаваў, яму там паставілі тэлевізар. Усе паўтара дзясятка гадоў, пражытых у сталіцы, Кацярына Трафімаўна правяла без аніякай публічнасьці. Гэтак жа, як і ў сваёй Александрыі.

XS
SM
MD
LG