Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Джэкі Чан ляціць у Беларусь, хоча сустрэцца з Лукашэнкам


Джэкі Чан, архіўнае фота

Джэкі Чан, архіўнае фота

Славуты галівудзкі актор ганконскага паходжаньня Джэкі Чан ляціць у Менск: 23 лістапада ў Палацы спорту будзе паказана ягонае шоў «Dragon Kong». У плянах актора ёсьць цікавы пункт: сустрэча зь першымі асобамі дзяржавы.

«Проста ў райдэры напісана! — пацьвярджае Свабодзе прадстаўнік арганізатара шоў у Менску – дзяржаўнай установы «Музычная капэля „Санорус» Павал Якаўлевіч. — Ён прылятае на сваім уласным самалёце, у аэрапорце яго мусіць сустракаць ці прэм’ер-міністар, ці прэзыдэнт.

Гэта сур’ёзна: Джэкі Чан жа зорка ўсясьветнага маштабу. Цяпер гэтае пытаньне прапрацоўваецца. Мы былі ў кітайскай амбасадзе. Калі яны нам ня змогуць дапамагчы, пойдзем у Адміністрацыю прэзыдэнта. Думаю, Аляксандар Рыгоравіч будзе шчасьлівы пабачыцца з Джэкі Чанам. Калі пабачыўся з Сыгалам, чаму ж ня з Джэкі?»

Лукашэнка сапраўды сустракаўся з акторам Стывэнам Сыгалам у жніўні 2016 году, частаваў яго кавунамі і морквай. Годам раней ён касіў траву разам з Жэрарам Дэпардзьё.

Джэкі Чан зьняўся ў галоўных ролях у больш як ста фільмах, пераважна ў жанры баевіку і камэдыі. Актор заяўляе, што ў большасьці фільмаў сам выконвае каскадэрскую працу. Ён мае зорку на галівудзкай Алеі славы, 12 лістапада Амэрыканская кінаакадэмія мае ўручыць яму ганаровы «Оскар» за дасягненьні ў кінаіндустрыі. Таксама Джэкі Чан выступаў у якасьці кінарэжысэра, прадусара, сцэнарыста, пастаноўшчыка баявых сцэнаў і трукаў. У якасьці сьпевака ён запісаў два дзясяткі музычных альбомаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG