Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Стывэн Сыгал паабяцаў пасяліцца ў «Маяку Менску»


Галівудзкі актор Стывэн Сыгал «забраніраваў» сабе цэлы паверх у доме «Пікаса» жылога комплексу «Маяк Менску», што будуецца на паўночным усходзе беларускай сталіцы, перадае БЕЛТА.

Актору спадабаўся від на Нацыянальную бібліятэку, архітэктура будынкаў і канцэпцыя жылога комплексу, дзе ў пэрспэктыве маюць зьявіцца бізнэс-цэнтар, школы і дзіцячыя садкі. Актор кажа, што такія комплексы бачыў толькі ў Арабскіх Эміратах, Флорыдзе і Сынгапуры.

Сыгал таксама выказаў намер стаць партнэрам і інвэстарам сэрбскай кампаніі Dana Holdings, якая будуе комплекс. Інвэстыцыйны клімат Беларусі ён назваў «надзвычай спрыяльным».

Стывен Сігал у офісе кампаніі Dana Holdings

Стывен Сігал у офісе кампаніі Dana Holdings

Днём раней старшыня Менгарвыканкаму Андрэй Шорац назваў «надуманымі» скаргі на будоўлю «Маяка»: дольнікі наракаюць на нізкую якасьць будоўлі і адстройваньня, кепскую працу ліфтаў, малыя пад’езды, махінацыі з цэнамі.

На мінулым тыдні Сыгал сустрэўся з Аляксандрам і Мікалаем Лукашэнкамі, якія пачаставалі яго морквай і двума кавунамі з градкі, а таксама пабываў у офісе распрацоўшчыка відэагульняў Wargaming, дзе пагадзіўся стаць гістарычным кансультантам.

Сыгал сказаў, што мае карані ў Беларусі, хаця раней сьцьвярджаў, што ягоныя карані ў Расеі ці Ўкраіне (ягоныя дзядуля і бабуля па бацькоўскай лініі — габрэі з Санкт-Пецярбургу, дзядуля, па словах Сыгала, быў «манголам» з будысцкіх раёнаў Расеі, паходжаньне маці, па непацьверджаных зьвестках, ірляндзкае).

На пачатку 2016 году Сыгал атрымаў сэрбскае грамадзянства, сустрэўся з прэзыдэнтам Сэрбіі і абяцаў прыцягваць у гэтую краіну інвэстыцыі.

XS
SM
MD
LG