Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Індыя будзе надалей купляць у Беларусі ўгнаеньні, але акцыі «Беларуськалія» індыйцам не прапаноўваюць


Новы амбасадар Індыі ў Беларусі Саксена Панкадж на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі ў Менску заявіў, што Індыя па-ранейшаму зацікаўленая купляць беларускія калійныя ўгнаеньні.

Імпарт угнаеньняў дагэтуль застаецца галоўнай часткай індыйскага гандлёвага балянсу ў Беларусі. Так, у 2015 годзе Індыя закупіла калійных угнаеньняў на 300 мільёнаў даляраў.

Як паведаміў амбасадар, у лістападзе мінулага году індыйская дэлегацыя правяла перамовы зь Беларускай калійнай кампаніяй і наведала камбінат «Беларуськалій».

«Гэтая дэлегацыя, — сказаў амбасадар, — мела дзьве мэты: першая — падпісаць доўгатэрміновы кантракт, другая — дамовіцца пра закуп калійных угнаеньняў непасрэдна ў „Беларуськалія“ без пасярэднікаў».

«На дадзены момант беларускі бок абдумвае індыйскія прапановы, — сказаў спадар Панкадж. — Як толькі партнэры будуць гатовыя падпісаць гэтыя дамоўленасьці, яны будуць падпісаныя».

Адказваючы на пытаньне Свабоды, ці па-ранейшаму зацікаўленая Індыя набыць пэўны адсотак акцыяў «Беларуськалія», амбасадар адказаў:

«Усясьветныя цэны на калійныя ўгнаеньні апусьціліся ўніз. Тым ня менш Беларуская калійная кампанія заявіла нам, што ёй цяпер непатрэбныя дадатковыя інвэстыцыі і яна ня мае намеру прадаваць частку акцыяў, як гэта было 3–4 гады таму. Мы вырашылі, што абодва бакі вернуцца да гэтага пытаньня ў 2017 годзе, і гэта будзе абмяркоўвацца ўжо на роўні ўрадаў».

Звычайна краіна-вытворца пазьбягае прадаваць акцыі краіне-спажыўцу

«Аляксандар Лукашэнка не аднойчы падкрэсьліваў, што акцыі „Беларуськалія“ каштуюць вялікіх грошай», — адзначае ў размове са Свабодай аглядальніца онлайн-выданьня «Белрынак» Тацяна Манёнак:

«Я памятаю, як ён казаў: кладзіце на стол 32 мільярды даляраў, і тады будзем размаўляць пра продаж акцыяў. Гэтая сума, гэтая ўмова, на маю думку, сьведчыць пра тое, што беларускі бок ня хоча насамрэч прадаваць гэтыя акцыі. Бо за такія вялікія грошы „Беларуськалій“ купляць ня будуць.

Да таго ж зараз неспрыяльная каньюнктура на калійным рынку. Угнаеньні таньнеюць. Адпаведна зьмяншаецца і кошт камбінату, а значыць, і цана акцыяў. Сёньня ня той час, каб можна было весьці сур’ёзную размову пра продаж нейкага пакету акцыяў „Беларуськалія“.

І яшчэ пра адну рэч трэба абавязкова памятаць. Індыя — вялікі спажывец калійных угнаеньняў. Значыць, яна заўжды будзе зацікаўленая ў зьніжэньні коштаў калійных угнаеньняў. А гэта супярэчыць інтарэсам вытворцаў, у дадзеным выпадку „Беларуськалія“. Таму звычайна краіна-вытворца пазьбягае прадаваць акцыі краіне-спажыўцу».

XS
SM
MD
LG