Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 асаблівасьцяў вядзеньня бізнэсу ў Беларусі


У апублікаваным учора рэйтынгу Doing business Беларусь паднялася на 13 пазыцыяў і заняла 44-е месца.

Агулам за апошнія восем год Беларусь прасунулася ў рэйтынгу на 66 радкоў. Невядома, ці ўлічваюць заходнія спэцыялісты калярытныя нацыянальныя падыходы да вядзеньня бізнэсу.

Радыё Свабода сабрала сем рэчаў, зь якімі бізнэсовец можа сутыкнуцца ў Беларусі, а зь некаторымі — толькі ў Беларусі.

Прыбіральні рэгулюе Міністэрства аховы здароўя

У 2008 годзе Менгарвыканкам пастанавіў пабудаваць у сталіцы 38 новых грамадзкіх прыбіральняў у бліжэйшыя часы, а да гэтага моманту кожную сталічную кавярню абавязалі прапускаць гараджанаў у прыбіральні, нават калі яны прыйшлі толькі дзеля гэтага і грошы траціць не зьбіраюцца.

Дадзеных аб тым, колькі пабудавалі прыбіральняў да 2010 года, няма, але пастанову ў тым годзе адмянілі. А ў сярэдзіне кастрычніка Міністэрства аховы здароўя прыняло новае рашэньне — цяпер кожны можа скарыстацца службовай прыбіральняй у кавярнях, гандлёвых цэнтрах і нават мэблевых крамах. І гаворка ўжо ня толькі пра Менск, а пра ўсю краіну.

Гарэлка ў самых дарагіх рэстаранах па 0,5$

У канцы жніўня міністэрства гандлю вырашыла паклапаціцца пра менскія кавярні і бары і прыняло пастанову, якая абавязвала прадаваць беларускі алькаголь і абмежавала максымальную нацэнку на яго. Чыноўнікі патлумачылі дадзенае рашэньне «жаданьнем прыцягнуць дадатковых кліентаў ва ўстановы»

У Беларусі ўсё для народа

У Беларусі ўсё для народа

Такім чынам, нават у самым дарагім сталічным рэстаране кожны можа набыць 50 грамаў беларускай гарэлкі ад 7500 да 10 000 беларускіх рублёў, бутэлька будзе каштаваць адпаведна ад 75 тысяч. Для разуменьня таго, наколькі гэта танна, варта ведаць, што калі ня піць чыстую гарэлку, а набыць умоўную колу ў камплекце, то безалькагольны напой будзе каштаваць даражэй.

Дарэчы, у Мінгандлю лічаць, што дадзены захад паспрыяе «культуры спажываньня алькаголю». Таксама ў абарот вярнулі пладова-ягадныя віны. І вядома, зьнялі абмежаваньні на продаж алькаголю ноччу.

Дрэс-код не для народа

Тое, што ў беларускія клюбы могуць не пускаць, рэч вядомая, навіны пра гэта часам трапляюць ў СМІ. Напрыклад, у 2013-м у клюб Dozari не пусьцілі былога рэгіянальнага камэрцыйнага дырэктара Yahoo. Марвін Ляо быў абуты ў спартовыя боты. Ёсьць і больш трагічныя выпадкі — параалімпійскую спартоўку Людмілу Ваўчок не пусьцілі ў менскі клюб «Тытан», бо яна была на інвалідным вазку, а гэта, на думку ахоўнікаў, магло стварыць «аварыйную абстаноўку».

Людміла Ваўчок

Людміла Ваўчок

Добра гэта альбо не, але панятак «дрэс-код» у Беларусі адсутнічае і ў абодвух выпадках адміністрацыі начных клюбаў парушылі заканадаўства. Канкрэтна гэтыя два выпадкі трапілі ў навіны з-за абсурднасьці дзеяньняў аховы, але ў тэорыі, калі бяздомны захоча наведаць любы глямурны клюб, адмовіць яму ня могуць. Калі ён паўналетні, вядома. Прычым, быць цьвярозым неабавязкова, а вось ужываць таксічныя і наркатычныя рэчывы нельга. Фармальна клюбы і бары могуць усталёўваць унутраныя правілы, але якія не парушаюць заканадаўства. А там канкрэтна ўказана, што не пусьціць могуць тых, хто ня мае васямнаццаці, парушае грамадзкі парадак альбо мае з сабой зброю. Хадзіць у клюбы можна п’яным, пра гэта гаворыцца ў Пастанове аб арганізацыі працы дыскатэкаў і правядзеньні культурна-масавых мерапрыемстваў у Рэспубліцы Беларусь. Вось такі паварот.

П’яным у клюбы хадзіць можна

П’яным у клюбы хадзіць можна

Быў нават прэцэдэнт — менчука не пусьцілі ў клюб «Вэрнісаж», які, паводле рашэньня суду, прывёў свае ўнутраныя правілы ў парадак, дазволіўшы п’яным туды заходзіць і, дарэчы, не выкарыстоўваць англамоўнае слова «дрэс-код» ці «фэйс-кантроль». Наведнік, які быў, дарэчы, цьвярозым, атрымаў 450 тысяч рублёў кампэнсацыі.

75%

Столькі беларускай музыкі павінна быць у ратацыі кожнай беларускай радыёстанцыі, якая круціць музыку. Легендарнай пастанове сёлета споўнілася дзесяць год, хоць сёлета яе крыху падкарэктавалі — трымаць плянку трэба толькі дзевяць гадзінаў на суткі.

І ідэалёгія — у Беларусі існуюць чорныя сьпісы. Напрыклад, Brutto Міхалка пад забаронай.

Дарэчы, "айчыннага" — ня значыць беларускага. Музыка можа быць на дзьвюх дзяржаўных мовах. Таму пастанова не падабаецца амаль нікому, адэпты беларускай мовы таксама ня маюць нагодаў для радасьці. Іх маюць толькі выканаўцы, чые песьні прасьцей трапляюць у этэр.

Валютны інстынкт

Напрыканцы вясны і «гарачым» летам 2011-га Нацбанк упарта адмаўляўся прызнаваць, што беларускі рубель абваліўся. У краіне існавала тры курсы — афіцыйны, курс на біржы (вышэйшы за афіцыйны, але ніжэйшы за рэальны) і чорны. Тым, хто займаўся фармацэўтычным бізнэсам, шанцавала — дзяржава прадавала ім замежную валюту на біржы ў абмежаваных колькасьцях, бо лекі павінны былі быць у аптэках. Усе астатнія выкручваліся як маглі.

Чэргі па валюту

Чэргі па валюту

Праз чатыры гады Нацбанк стаў больш гнуткім, курс адпусьцілі, але 30% валютнай выручкі трэба прадаць. І гэта яшчэ паслабленьне, у сьнежні 2014 дзяржава хацела ажно 40%.

Выкуп для прэзыдэнта

Маючы ўсю паўнату ўлады ў краіне, кіраўнік ня можа абыходзіць і тэму прыватнага бізнэсу. Менавіта са словаў Лукашэнкі прагучаў выраз пра тое, што «ён пацісьне руку апошняму прадпрымальніку», а з апошніх пярлінаў — кіраўнік краіны назваў рэзыдэнтаў Парка высокіх тэхналёгій «яйцагаловымі». Дарэчы, пасьля арышту it-бізнэсоўца Пракапені.

Тым ня менш, Аляксандар Лукашэнка робіць выгляд альбо сапраўды верыць у тое, што кіруецца інтарэсамі дзяржавы. І калі дзяржаве які-небудзь бізнэсовец наносіць шкоду, кіраўнік адразу агучвае ўмовы «памілаваньня» і яго фінансавае вымярэньне. Так, напрыклад, было з былым уладальнікам рынку Ждановічы Яўгенам Шыгалавым. Ён сплаціў дзяржаве 85 млрд. рублёў у 2009 і паўдзельнічаў у пабудове спартовага комплексу ў Чыжоўцы. І Лукашэнка яго памілаваў.

Яўген Шыгалаў

Яўген Шыгалаў

Пасьля вызваленьня, Шыгалаў адправіўся на лекаваньне ў Лёндан.

Арышт пасьля сустрэчы з Лукашэнкам

У тым жа рэйтынгу Doing business гаворыцца, што Беларусь уваходзіць у 50 найлепшых краінаў сьвету па ступені абароненасьці капіталу. Хоць гэты пункт быў пастаўлены пад сумнеў у 2013-м. Тады генэральнага дырэктара «Уралкалію» Вячаслава Баўмгертнэра арыштавалі адразу пасьля сустрэчы з Лукашэнкам. У Беларусь тады, дарэчы, запрашалі і самога ўласьніка кампаніі мільярдэра Сулеймана Керымава і віцэ-прэм’ера Аркадзія Дварковіча. Ці зьмясьцілі б і іх у СІЗА КДБ?

Топ-мэнэджэр, які скончыў London School of economics, пасьля перамоваў з кіраўніком Беларусі

Топ-мэнэджэр, які скончыў London School of economics, пасьля перамоваў з кіраўніком Беларусі

Лукашэнка дзейнічаў традыцыйна і патрабаваў кампэнсаваць страты ў памеры больш чым 100 млн. даляраў. Ашаламляльныя дзеяньні беларускага боку ўразілі бізнэс-супольнасьць Расеі і сьвету, але шмат шараговых грамадзянаў РФ і Беларусі Лукашэнку ў барацьбе з «алігархамі» падтрымалі.

Скандал выйшаў на міждзяржаўны ўзровень, Беларусь доўга адмаўляла ў экстрадыцыі Баўмгертнэра, Лукашэнка ня проста камэнтаваў справу, а казаў «Не то Баум, не то Гертнэр, прыехаў, ногу за нагу закінуў, выйшаў, плюнуў і паехаў у аэрапорт». Па дарозе ў Менск-2 яго і арыштавалі, дарэчы.

У выніку, Керымаў прадаў сваю долю ва Ўралкаліі, Беларуськалій пачаў наладжваць зь ім стасункі, Баўмгертнэра адвезьлі ў Расею, патрымалі крыху ў СІЗА, перавялі пад хатні арышт і ўрэшце спынілі крымінальную справу. Страты, пра якія казаў Лукашэнка, так і не сплацілі.

Бізнэс і палітыка

Два гэтыя словы ў Беларусі нават ставіць побач небясьпечна. Анатоль Красоўскі, які быў адным з найбольш пасьпяховых бізнэсоўцаў краіны, зьнік разам зь сябрам Віктарам Ганчаром, былым віцэ-сьпікерам парлямэнту. Іншы пасьпяховы бізнэсовец і апазыцыйны дэпутат Андрэй Клімаў быў пазбаўлены актываў і тройчы сядзеў у турме. Мікалай Аўтуховіч, бізнэсовец і ўласьнік фірмы таксовак з Ваўкавыску, спрабаваў выкрываць карупцыю і займацца палітыкай — бізнэс развалілі, сам Мікалай двойчы быў асуджаны.

Анатоль Красоўскі

Анатоль Красоўскі

А Міхаіл Марыніч, былы міністар, дэпутат і амбасадар Беларусі ў Латвіі, быў асуджаны за тое, што скраў кампутары ў амэрыканскай амбасады. Сама амбасада гэта адмаўляла, але гэта не замінала беларускаму суду вымерыць тэрмін у пяць гадоў калёніі з канфіскацыяй маёмасьці.

Іншыя непрыемныя бонусы

Ня маючы фактычнага падзелу ўладаў, у Беларусі прадпрымальнік слаба абаронены ад праверак і ў іх крыецца вялікі карупцыйны складнік. Да таго ж, як і іншыя грамадзяне краіны, бізнэсоўцы павінны ўдзельнічаць у розных дабраахвотна-прымусовых ініцыятывах — ад складак на будову нацыянальнай бібліятэкі, цэркваў да дапамогі калгасам.

З калгасамі таксама свая гісторыя. Косач Аляксандар ставіў намёт у цэнтры Менску яшчэ ў 90-х. Фэрмэру зямлю выдалі, а вось працаваць не давалі. Падобныя гісторыі адбываліся і ў іншых рэгіёнах. У Салігорску ў 90-х трое прадпрымальнікаў уклалі каля 1 млн. даляраў у набыцьцё калгасу, але зьнішчэньню іх бізнэсу істотна паспрыяла мясцовая ўлада. Наогул, паводле статыстыкі, палова кампаній, якія ўдзельнічаюць ў прыватызацыі аграрнага сэктару ў Беларусі, сыходзяць з рынку.

Апошні раз прадпрымальнікі масава мітынгавалі ў 2008-м.

Апошні раз прадпрымальнікі масава мітынгавалі ў 2008-м.

Прадпрымальнікі скардзяцца і на адсутнасьць доступу да дзяржзакупак: існуе норма рэзэрваваньня 10 працэнтаў замоваў для малога і сярэдняга бізнэсу, але яна не выконваецца. Да таго ж, дзяржаўныя прадпрыемствы часта адмаўляюць бізнэсу ў дэфіцытных таварах і аддаюць перавагу такім жа дзяржаўным прадпрыемствам.

І ўрэшце варта паглядзець на працэнтныя стаўкі для крэдытаў для бізнэсу — вам моцна пашанцуе, калі выдадуць беларускія грошы пад 30 працэнтаў гадавых. З валютнымі крэдытамі прасьцей, «усяго» 12-15 працэнтаў, але трэба памятаць, траціну выручкі ў далярах прыйдзецца прымусова прадаваць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG