Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржава мінімізуе дапамогу ў будаўніцтве жыльля


У Беларусі значна зьменшаны лік жылых дамоў, якія будуюцца зь дзяржаўнай падтрымкай. Прычына банальная — брак рэсурсаў.

Сям’я Сьвятланы Лойкі стаіць на чарзе на жыльлё ў Менску з 1988 году. У іх ужо вырасла дачка, нарадзіліся ўнукі — і праз 25 гадоў яны нарэшце дачакаліся чаргі:

«У чэрвені 2014 году вырылі катлаван, пачалася будоўля, абяцалі пабудаваць дом да сьнежня. Натуральна, гэта было нерэальна. У сьнежні стаяла толькі каробка. Перанесьлі тэрмін на сакавік 2015 году. Да сакавіка нічога асабліва не зьмянілася, акрамя таго, што зьявіліся вокны. Цяпер тэрмін здачы перанесены на чэрвень. Але мы разумеем, што гэта можа зацягнуцца не на адзін год, таму што нашы знаёмыя будаваліся 3 гады, і гэта лічыцца цалкам нармальна».

Дзяржаўная падтрымка чаргавікам палягае ў ільготных коштах квадратнага мэтра. Раней можна было ўзяць ільготны крэдыт пад будаўніцтва, але цяпер гэтая практыка спыненая.

Сьвятлана будуе трохпакаёвую кватэру па ільготным кошце — 7 мільёнаў 500 тысяч рублёў за квадратны мэтар, пры тым, што камэрцыйны кошт будаўніцтва жыльля ў Менску — 1300 даляраў за мэтар (19 мільёнаў 500 тысяч рублёў).

Прыклад Сьвятланы сьведчыць, што жылыя дамы, будаўніцтва якіх ужо пачалося, узводзяцца з парушэньнем усіх тэрмінаў здачы. І гэта нягледзячы на тое, што ў кожным раёне ў адміністрацыях ёсьць пералік так званых «праблемных» дамоў, ёсьць жорсткія ўказаньні «вэртыкалі» сур’ёзна кантраляваць усе будоўлі і жорстка караць вінаватых.

Сьвятлана Лойка пільна і вельмі зацікаўлена сочыць за ўсімі навінамі ў галіне будаўніцтва. Яна спадзяецца, што яе дом усё ж дабудуюць.

10 сакавіка на Нацыянальным прававым партале была апублікаваная пастанова Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва № 6 ад 27 лютага. У ёй праграма жыльлёвага будаўніцтва на 2015 год, зацьверджаная пастановай ураду № 1055 ад 9 лістапада 2014 году, істотна скарэктаваная.

Спачатку меркавалася пабудаваць у 2015 годзе 2,5 мільёна квадратных мэтраў жытла зь дзяржпадтрымкай, цяпер жа — прыкладна 1,5 мільёна. А агульны ўвод жытла, паводле новага прагнозу, складзе 4 мільёны квадратаў (у 2014 годзе было пабудавана на 1,5 мільёна больш: 5 мільёнаў 522,4 тысячы кв.м).

Паводле тлумачэньня міністра архітэктуры і будаўніцтва Анатоля Чорнага, пераглядаць прагнозы прымусіла сытуацыя на валютным рынку. Пасьля падзеньня беларускага рубля ў сьнежні — студзені, як выказаўся міністар, «пралічылі магчымасьці бюджэту, і, каб, груба кажучы, не нарошчваць дэвальвацыю і не рабіць ніякіх непапулярных дзеяньняў, вырашылі жыць па сродках».

Сяргей Чалы

Сяргей Чалы

На думку эканаміста Сяргея Чалага, цяпер у дзяржавы іншы прыярытэт — будаўніцтва арэндных дамоў. Што да скарачэньня будаўніцтва зь дзяржпадтрымкай — гэта асэнсаваная палітыка абмежаваньня прапановы жытла на першасным рынку.

На думку Сяргея Чалага, прычына ня толькі ў тым, што ў дзяржавы няма грошай. Такія абмежаваньні робяцца і тады, калі чакаецца спад рынкавага кошту кватэр. Традыцыйна пэўныя катэгорыі людзей, у якіх ёсьць вялікія сродкі, свае ашчаджэньні трымаюць у банкаўскіх укладах і ў нерухомасьці:

«Паглядзіце статыстыку: ёсьць людзі, якія маюць па 4 кватэры і болей. І яны хваравіта ставяцца да таго, што кошты іх укладаньняў падаюць. У дзяржавы ёсьць два інструмэнты рэгуляваньня на рынку попыту і прапановы: гэта фактычна дзяржзаказ, будаўніцтва жытла зь дзяржпадтрымкай, і — ільготныя крэдыты. Але на льготныя крэдыты, зразумела, грошай няма, і магчымасьць іх выкарыстаньня цяпер даволі сумнеўная, таму што працэнтныя стаўкі высокія, і цяпер з пункту гледжаньня макрастабільнасьці не зусім правільна іх выкарыстоўваць. Таму абраны другі мэханізм. Калі мала будуюць, падзеньне кошту хаця б на першасным рынку можна спыніць. Такія захады рабіліся ў 2009 годзе. То бок, акрамя відавочнага — што грошай няма і будаўніцтва новага жытла ў вялікіх аб’ёмах адбывацца ня можа, — гэта яшчэ спроба падтрымаць кошт укладаньняў, актываў».

Самыя вялікія чэргі на будоўлю жытла зь дзяржпадтрымкай — у сталіцы. Цяпер тут падышла чарга тых, хто стаіць з 1987–88 гадоў. Сёлета ў Менску для грамадзянаў, якія маюць патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў і маюць права на дзяржпадтрымку, будуецца 3616 кватэр агульнай плошчай 217 тысяч квадратных мэтраў. Калі чаргавік, як Сьвятлана Лойка, ужо ўступіў у каапэратыў і будаўніцтва дома пачалося, то дом дабудуюць. Іншым — горш.

«Тыя каапэратывы, якія будаўніцтва не пачалі, будуць расфармаваныя, ім будзе дадзена права будаваць на ўмовах дзяржзаказу», — заявіў намесьнік прэм’ер-міністра Анатоль Калінін.

Па дзяржзаказе ў Менску ў 2015 годзе будуць будавацца ўсяго 3 дамы — 334 кватэры агульнай плошчай 20 тысяч квадратных мэтраў. Прычым, гэта не жытло «павышанай камфортнасьці» — звычайныя «панэлькі».

XS
SM
MD
LG