Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ахвяры «ушчыльненьня»: гомельскі варыянт


Кастусь Жукоўскі ў судзе
Кастусь Жукоўскі ў судзе

20 лістапада ў судзе Цэнтральнага раёну Гомеля адбыўся папярэдні разгляд пазову грамадзкага актывіста Кастуся Жукоўскага да таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Цэнтар Лізінг» і гарадзкога выканаўчага камітэту. Прыватныя дамы Кастуся Жукоўскага і ягоных суседзяў хочуць зьнесьці, а куды перасяляцца — незразумела.

Гісторыя ў Кастуся Жукоўскага — тыповая й не тыповая. Шэсьць гадоў таму ягоны прыватны дом у Гомелі на Кніжнай вуліцы, як і, дарэчы, дамы некаторых іншых тутэйшых гаспадароў, рашэньнем гарвыканкаму прызначылі пад знос.

З дазволу гарвыканкаму таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Цэнтар Лізінг» пачало будаваць тут шматпавярховы дом, ушчыльняючы забудову, а тым, хто трапіў пад знос, гарантавала раўнацэннае жытло.

Але да справы не дайшло. Спачатку на словах прапаноўвалі кватэры, якія пазьней фігуравалі ў крымінальнай справе былога старшыні гарвыканкаму Віктара Піліпца. Жукоўскі нават мусіў даваць тлумачэньні з гэтай нагоды ва ўправе КДБ, якая пачынала раскручваць махінацыі з кватэрамі пад знос.

Жукоўскі: «Проста прыйшоў адказ, што нам прапанавалі кватэры, але мы адмовіліся. Гэта была хлусьня, і мы яе абскардзілі. Гэта акурат была справа Піліпца. Тады яны наагул працавалі па-чорнаму.

Потым быў такі варыянт: яны прапанавалі нам кватэры побач, у доме, які будуецца. Мы пагадзіліся. Яны нам далі гарантыйныя лісты і павінны былі заключыць дамову. Але цягнулі, цягнулі... Прайшло два гады. Рашэньне гарвыканкаму страціла моц, і цяпер, адпаведна, яны гэтыя кватэры прадаюць».

Сёлета ў лютым гарвыканкам прыняў чарговае рашэньне № 125-10, паводле якога зямельны ўчастак Жукоўскага зноў забіраюць для дзяржаўных патрэбаў, а дом пастаноўлена зьнесьці. Пачалася новая чарада абяцаньняў.

У ліпені «Цэнтар лізінг» зноў пісьмова прапанаваў свае варыянты перасяленьня. Кастусь Жукоўскі ды іншыя гаспадары пагадзіліся пераехаць у прапанаваны дом на Яраслаўскай вуліцы. Тым больш што гэты варыянт прапаноўваўся яму на прыёме ў старшыні гарвыканкаму Пятра Кірычэнкі, дзе прысутнічалі й прадстаўнікі таварыства «Цэнтар Лізінг».

Жукоўскі: «Варыянт нас задаволіў, мы сказалі: „О’кей“. Напісалі пісьмова, што згодныя. Рабіце рамонт — і мы пераяжджаем. Будзе лепей, калі гэта будзе да школы, да 1 верасьня. Але ўжо лістапад, і ўсё засталося на тым жа месцы. Яны проста людзям прапануюць варыянт — і не выконваюць».

Палотнішча на даху дома Кастуся Жукоўскага
Палотнішча на даху дома Кастуся Жукоўскага

Таму актывіст і зьвярнуўся ў суд, каб той абавязаў «Цэнтар Лізінг», а заадно і гарвыканкам выканаць свае абавязаньні, як таго патрабуе ўказ прэзыдэнта № 58 «Аб некаторых мерах па абароне маёмасных правоў пры адчужэньні зямельных участкаў для дзяржаўных патрэбаў».

Прадстаўнік таварыства «Цэнтар Лізінг» Андрэй Васільеў у судзе пазоў не прызнаў:

«На сёньня той аб’ект, на які прэтэндуе спадар Жукоўскі, нам не належыць».

Судзьдзя: «Вы прапаноўвалі гэты варыянт?»

Васільеў: «Гутарка пра яго як пра адзін з варыянтаў ішла».

Судзьдзя: «Дык каму ён належыць?»

Васільеў: «Я ня ведаю. Відаць, таму, хто вёў забудову на Яраслаўскай, 19».

Як высьвятляецца, таварыства «Цэнтар Лізінг» прапаноўвала прыватнікам, чые сядзібы прызначаныя пад знос, дамы, якія яму не належалі.

Варта дадаць, што на пачатку году Кастусь Жукоўскі ад імя гараджанаў, чые дамы прызначылі пад знос, зьвяртаўся ўжо ў суд Цэнтральнага раёну, патрабуючы ад гарадзкіх уладаў грамадзкага абмеркаваньня тэмы «ўшчыльненьня» жылой забудовы паміж вуліцамі Тэльмана і Кніжнай. Аднак судзьдзя Цалкова адхіліла тады ягоную скаргу на дзеяньні ўлады ў гэтай справе.

Ня так даўно на забудоўшчыка, які перакрываў вялікагрузнымі машынамі пад’езд да прыватнага дома, Жукоўскі выклікаў міліцыю. Але скончылася гэта тым, што яго самога пасадзілі за краты.

Судзьдзя Андрэй Цалуйка, які гэтым разам разглядае пазоў актывіста да гарвыканкаму і таварыства «Цэнтар лізінг», прызначыў чарговае судовае паседжаньне на 18 сьнежня — з абавязковай прысутнасьцю прадстаўніка выканкаму.

Вольга Парашкова, якая прысутнічала на судзе і чый дом у цэнтры гораду таксама спрабавалі зьнесьці пад шматпавярховік, апавяла:

«Уся бяда ў тым, што людзі ня ведаюць законаў. Яны жывуць і лічаць, што дзяржава абавязаная абараняць іх правы. Насамрэч дзяржаўныя органы карыстаюцца няведаньнем грамадзянамі законаў і іх парушаюць. І гэта вельмі часта можна назіраць пры кампэнсацыі ўласьнікам нерухомасьці, якая трапляе пад знос. Таму што не выконваюцца ні ўказ № 58, ні ўказ № 667 з дадаткамі да іх».

А пакуль на Кніжнай вуліцы на даху прыватнага дома Кастуся Жукоўскага прымацавана белае палотнішча з надпісам вялікімі чорнымі літарамі: «Піліпец сядзіць, а справа яго жыве. Патрабую выкананьня ўказу прэзыдэнта № 58. Стоп карупцыя!» Гэты надпіс бачны зь любога паверха шматкватэрніка, які дарабляе таварыства «Цэнтар лізінг».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG