Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Таямнічы расейскі вайскова-патрыятычны фонд і БРСМ будуюць у Берасьцейскай крэпасьці гатэль і моладзевы цэнтар


Будаўніцтва гатэля ў Берасьцейскай крэпасьці

Будаўніцтва гатэля ў Берасьцейскай крэпасьці

Гатэль «для вэтэранаў і гасьцей крэпасьці» пабудуе Санкт-Пецярбурскі фонд «Абаронцаў Неўскага пляцдарму». Фонд заключыў адпаведную інвэстыцыйную дамову зь Берасьцейскім аблвыканкамам. Агульная сума інвэстыцыяў — 2,5 мільёна даляраў.

Яшчэ да прыходу інвэстара з Расеі абласная арганізацыя БРСМ абвясьціла тут будоўлю «моладзевага патрыятычнага цэнтру», дзе будуць ладзіцца «вайскова-палявыя зборы і рэканструкцыі, фэстывалі, канцэрты». Праект БРСМ здабыў падтрымку дзяржавы. Мяркуецца, што моладзевы цэнтар будзе адчынены ўжо ў гэтым годзе.

Пра сам фонд «Абаронцаў Неўскага пляцдарму» амаль нічога не вядома. Ягоны прэзыдэнт — Васіль Булавінаў.

Фонд ужо некалькі гадоў удзельнічае ў сумесных акцыях з БРСМ. Летась у ліпені яны разам ладзілі рэканструкцыю абароны цытадэлі 1941 году.

Разам яны ладзяць і «Маратон мужнасьці», які адбываецца ў межах праекту «Расея і Беларусь — адзіная гісторыя і адзіная будучыня».

Будоўля вядзецца ў Кобрынскім умацаваньні Берасьцейскай крэпасьці. Яшчэ на пачатку 2000-х гадоў тут стаяла вайсковая часьць, пасьля яе ад’езду памяшканьні былі закінутыя. Казармы, дзе будзе гатэль і моладзевы цэнтар, збудавалі ў 30-я гады для польскіх артылерыстаў. У 1941 годзе тут разьмяшчаліся вайскоўцы 125 стралковага палку 6-й стралковай дывізіі Чырвонай Арміі.

Цяпер вядуцца зьнешнія будаўнічыя працы. На адной з казармаў шыльда — «Уваход забаронены, магчымае абрушэньне». Будаўнікі нешматслоўныя. Апавядаюць, што тут будзе моладзевы цэнтар ды гатэль, і просяць больш не фатаграфаваць.

Недалёка ад казармаў — пляцоўка, дзе штогод 22 чэрвеня ладзіцца міжнародны фэст рэканструктарскіх клюбаў.

Трэба сказаць, што гатэль ды моладзевы цэнтар — ня першы забаўляльны праект у крэпасьці. У самым цэнтры мэмарыялу месьціцца кавярня «Цытадэль», дзе ладзяцца карпаратывы, вясельлі ды іншыя імпрэзы.

Былыя казармы, пабудаваныя ў 1930-х

Былыя казармы, пабудаваныя ў 1930-х

Заходзіць на будоўлю забаронена

Заходзіць на будоўлю забаронена

Будаўнічая тэхніка і вагончыкі

Будаўнічая тэхніка і вагончыкі

Кавярня «Цытадэль» у Берасьцейскай крэпасьці

Кавярня «Цытадэль» у Берасьцейскай крэпасьці

Ідэя зьмясьціць гатэль у мэмарыяльным комплексе выклікала неадназначную рэакцыю ў берасьцейцаў. У апытаньні Свабоды сталыя жыхары Берасьця казалі, што можна было будаваць у іншым месцы. Хоць некаторыя і ня супраць — маўляў, гэта можа завабіць турыстаў.

Берасьцейскі актывіст руху «За свабоду» Дзяніс Турчаняк некалькі гадоў займаўся аналізам розных будаўнічых інвэстпраектаў у Берасьці, дабіваўся іх празрыстасьці ды галоснасьці. У інтэрвію распавядае, што ў расейскім інвэстпраекце бачыць прыхаваную небясьпеку.

— Дзяніс, на ваш погляд, ці дарэчна будаваць у крэпасьці гатэль?

Дзяніс Турчаняк

Дзяніс Турчаняк

— Расейскі фонд „Абаронцаў Неўскага пляцдарму“ займаецца вайскова-патрыятычнай падрыхтоўкай расейцаў. Гэты фонд атрымаў пад праект зямельны надзел у досыць незвычайным месцы. Тут не будавалі нават пры савецкай уладзе — мяжа. Хто стаіць за гэтым расейскім фондам — цяжка сказаць. Але зразумела, што будаўніцтва расейскага вайскова-патрыятычнага цэнтру літаральна за 300 мэтраў ад польскай мяжы можа прывесьці да напружаньня ў адносінах Беларусі і Эўропы. Палякі могуць у гэтым убачыць элемэнт „гібрыднай вайны“ і пачнуць небеспадстаўна непакоіцца.

— То бок гэта такое чарговае пашырэньне «рускага сьвету»?

— Лічу, што адбываецца яўнае фарсіраваньне разьвіцьця прарасейскіх вайскова-патрыятычных арганізацыяў у Беларусі. Нядаўна расейцы прывезьлі ў Берасьце сваіх непаўналетніх патрыётаў. Але прывезьлі іх ня ў строях народаў Расеі, а ў маскхалатах. Гэта для нас, беларусаў, павінна быць сыгналам, насьцярожваць як мінімум, калі мы ня хочам такой вайны, як ва Ўкраіне. Сёньняшнія хлопчыкі ў маскхалатах былі накіраваныя са сьцягам Расеі ў Беларусь, а іх старэйшыя суайчыньнікі штурмуюць са зброяй Украіну. І тыя, і другія называюць сябе патрыётамі Расеі, прыхільнікамі „русского мира“, як цяпер кажуць. Учора яны сказалі, што Крым — гэта сьвятая зямля для Расеі. Дзе гарантыя, што заўтра яны ня скажуць, што Берасьцейская крэпасьць — сьвятое месца для Расеі, і ня зробяць так, як у Крыме?

Вайскова-патрыятычныя цэнтры — адзін з кірункаў „гібрыднай вайны“, у якой прадугледжаныя ілжэпрапаганда, „зялёныя чалавечкі“ і ўсялякія там шахцёры з трактарыстамі, як мы бачым цяпер ва Ўкраіне. Мэта стварэньня такіх цэнтраў — вербаваць, рыхтаваць і накіроўваць у „гарачыя кропкі“ моладзь, уцягваючы ўсё больш дзяржаваў у ваенныя канфлікты, пашыраючы такім чынам геаграфію вайны.

Гатэль у Берасьцейскай крэпасьці — ня першае пашырэньне «рускага сьвету» ў Берасьці, кажа Дзяніс Турчаняк.

Раней Радыё Свабода паведамляла, што ў Берасьці зьявіўся «Расейскі цэнтар навукі і культуры». На яго адкрыцьцё прыяжджаў нават сьпікер Дзяржаўнай Думы Расеі Сяргей Нарышкін. Падобныя цэнтры адчыняюцца ў розных краінах сьвету на распараджэньне прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG