Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мудры Сталін працягнуў палітыку геніяльнага Леніна», — навошта Лукашэнку саюз з «чырвоным» Зюганавым


Генадзь Зюганаў дэманструе грамату Мікалая Сьлюнькова

Генадзь Зюганаў дэманструе грамату Мікалая Сьлюнькова

Увосень парлямэнцкія выбары адбудуцца ня толькі ў Беларусі (11 верасьня), а і ў Расеі (18 верасьня). Аляксандар Лукашэнка ўжо вызначыўся з прыярытэтамі на ўсходзе, словам і справай падтрымаўшы кандыдата ў Дзярждуму, лідэра расейскіх камуністаў Генадзя Зюганава.

Ня так даўно ідэйны «ленінец» наведаўся ў Менск, дзе з рук Лукашэнкі атрымаў ордэн Дружбы народаў — за значны асабісты ўнёсак ва ўмацаваньне сяброўскіх адносін паміж краінамі і станаўленьне саюзнай дзяржавы. Узамен кіраўнік Беларусі атрымаў збор сьвежых анэкдотаў — як выявілася, Зюганаў тысячнымі накладамі выдае анэкдоты, якія сам і прыдумляе.

Навошта беларускім уладам сябра, які ўслаўляе Сталіна, сумуе па Савецкім Саюзе і абражае Захад? Цытатнік ад камуніста №1.

Калі Лукашэнка вылучаўся на прэзыдэнта, дапамагаў яму атрымаць трыбуну ў Думе

«Мы рэгулярна сустракаемся, абменьваемся вопытам, практыкай, падтрымліваем адзін аднаго. Гэта цалкам натуральна. Яшчэ калі Аляксандар Рыгоравіч першы раз вылучаўся на пасаду прэзыдэнта, ён прыехаў у Думу, і я яму дапамагаў атрымаць трыбуну ў расейскім парлямэнце — каб ён мог выкласьці свае праблемы, свае погляды, сваю праграму. У мяне, трэба сказаць, сабраныя ўсе вашы праграмы за апошнія 25 гадоў.

Я заўсёды з прыемнасьцю ўдзельнічаю ў вашым Усебеларускім народным сходзе, слухаю справаздачы, зьвязаныя зь мінулымі гадамі, пляны на чарговую пяцігодку. Дарэчы, вы адзіныя на постсавецкай прасторы, хто захаваў гэтую традыцыю. А цяпер яе яшчэ дапоўнілі надзвычай важным элемэнтам: кожны год будзе зьбірацца фінансава-гаспадарчы актыў, каб, падводзячы вынікі, скарэктаваць свае высілкі і вызначыць задачы на будучыню. Гэта вельмі добрая практыка».

Гарбачоў і Ельцын учынілі найвялікшае злачынства перад усёй плянэтай

«Разбурэньне адзінай саюзнай дзяржавы, здрада інтарэсам агульнанароднага рэфэрэндуму з боку Гарбачова і Ельцына —найвялікшае злачынства перад нашымі народамі і нашай плянэтай у цэлым. Яны зламалі балянс, які трымаў у цуглях і глябалістаў Амэрыкі, і тых, хто сёньня прыдумляе санкцыі, абкладае нас сваімі натаўскімі злучэньнямі. Сёньня гэты балянс парушаны. Без аднаўленьня адзінай эўразійскай прасторы мы з вамі ў гэтым сьвеце будзем абслугоўваць чужыя інтарэсы, што б вам хто ні казаў.

Нам гаварылі пра тое, што НАТО ня будзе пашырацца. А яно вось, ужо побач: 30 тысяч войскаў толькі што бегалі ў Прыбалтыцы, за 3–4 кілямэтры ад расейскай і беларускай межаў. Можа, каму гэта і падабаецца, але асабіста мне не падабаецца абсалютна. Таму стварэньне эўразійскага саюзу і саюзнай дзяржавы — гэта выключна важны крок да незалежнасьці, сувэрэнітэту і канкурэнтаздольнасьці. І я ўсё рабіў і раблю дзеля таго, каб гэта адбылося».

Велікаросы, маларосы і беларосы — адзіны народ, які склаўся гістарычна

«Я, Рыжкоў і Старадубцаў у свой час езьдзілі да Назарбаева, сустракаліся зь ім у Алма-Аце, пераконвалі, што, развальваючы СССР, рвём па жывому. Ніколі не было мяжы ад Пскова праз Смаленск і наўпрост да Кубані. Яе Гарбачоў і Ельцын правялі гвалтоўна, разрэзаўшы адзінае цела адзінага народа. Велікаросы, маларосы і беларосы — гэта адзіны народ, які склаўся гістарычна. У кожнага ёсьць свае асаблівасьці — моўныя, культурныя, гэта ўсё натуральна і нармальна. Але рваць тое, што зрасталася тысячу гадоў, і падпарадкоўваць чужым інтарэсам, — трагедыя і бяда.

Таму я ўдзячны Лукашэнку, ягонай камандзе, усёй Беларусі, якая паказвае прыклад. У гэтым сэнсе вы былі першымі амаль ва ўсім. Вы не стралялі па сваім парлямэнце, правялі рэфэрэндум. Не забаранялі размаўляць на расейскай мове, а ўвялі, па сутнасьці, дзьве дзяржаўныя мовы — з павагай да адной, другой і лепшых традыцыяў. Ад вас ніхто не зьбягаў у іншыя краіны, у вас захоўвалася інфармацыйная прастора, заставалася магчымасьць вучыцца, разьвівацца, гандляваць. І мы павінны максымальна гэтаму спрыяць».

Амэрыка выціскае нас з Эўропы, абкладае натаўцамі, распальвае вайну ва Ўкраіне

«Калі ў Рыё-дэ-Жанэйра сабралася вялікая нарада па ўстойлівым разьвіцьці, там упершыню паспрабавалі напісаць пагадненьне аб справядлівасьці міждзяржаўных адносінаў. Але амэрыканцы сказалі: не, хлопцы, мы будзем гаспадарамі на гэтай плянэце, прадыктуем далярам свае ўмовы і прымусім скакаць пад сваю дудку. Будзем кантраляваць галоўныя фінансавыя, інфармацыйныя і энэргетычныя патокі; усё зробім дзеля таго, каб і Пэрсыдзкая затока нам падпарадкоўвалася, і каб Расея была выціснутая з Эўропы, і ўвогуле прадыктуем свае ўмовы. І вы зараз гэта бачыце — спробы выціснуць нас з Эўропы, абкласьці натаўцамі, падпаліць чарговую вайну ва Ўкраіне і раскалаціць Блізкі Ўсход.

Пачалі зь Югаславіі. Слабадан Мілошавіч крыкам крычаў: паглядзіце, што вы робіце, гэта ваш заўтрашні лёс. Потым Муамара Кадафі прыдушылі на дарозе, той увогуле роў на ўвесь сьвет і асабліва ў бок эўрапейцаў: спыніцеся, я апошні бар’ер. Я, дарэчы, перакладаў на расейскую мову ягоную «Зялёную кнігу» пра лібійскую рэвалюцыю, некалькі гадзін сядзелі з Кадафі ў пустыні, абмяркоўвалі надзённыя праблемы. Сёньня мы пажынаем тыя плады».

Нацысты-бандэраўцы пад кіраўніцтвам цээрушнікаў захапілі ўладу ў Кіеве і гвалцяць народ

«У вас на стадыёне „Дынама“ ў Менску працуе будаўнічы атрад, дзе сабраныя расейцы, украінцы, беларусы. Працуюць дружна, на мірнай пляцоўцы. Я тым часам прымаю чарговы паток дзяцей з Данбасу: летась аздаравілі тысячу дзяцей, а сёлета прыедзе паўтары тысячы. Прыяжджаюць кантужаныя вайной дзядкі, а зьяжджаюць нармальныя дзеці. Яны не вінаватыя, што дзядзькі паміж сабой не дамовіліся, не вінаватыя, што нацысты-бандэраўцы пад кіраўніцтвам цээрушнікаў захапілі ўладу ў Кіеве і гвалцяць таленавіты, працавіты народ, якім ёсьць Украіна і ўсе, хто там пражывае.

Таму наша задача — максымальна ўзмацніць і аднавіць наш саюз з Украінай. У нас добрыя пэрспэктывы: калі ўдасца скласьці ўвесь наяўны патэнцыял, то, адпаведна, будзе зроблена ўсё магчымае, каб настаў мір і аднавіліся нармальныя адносіны з братэрскай краінай».

Ва ўрадзе па-ранейшаму сядзяць гайдараўцы, якія працуюць на шкоду Расеі

«У нас няма адзінага ўраду. Але ёсьць блёкі, варожыя па сваёй сутнасьці. Прыкладам, эканамічны, фінансавы і сацыяльны. Там па-ранейшаму сядзяць гайдараўцы, тыя, хто працягвае ельцынска-гайдараўскую палітыку. Кудрын зараз зноў зьявіўся. Адкрыта вам кажу — гэта ўбоства. 11 гадоў чалавек сядзеў на банках, на фінансавай сыстэме. Што ён зрабіў? Мы вязём мора нафты, вязём газ, лес, алмазы, золата і г.д. Выручаем вялізныя грошы.

Але гэтыя сродкі, замест таго каб укласьці ў вытворчасьць, у новыя тэхналёгіі, у таленавітых людзей, Кудрын вязе і хавае ў чужых банках, пераважна ў амэрыканскіх. Аддае пад 2–3%. Самі пры гэтым сядзяць без капейкі. Едуць туды і бяруць даўгі — ужо пад 5–8%. А сваім дзелавым людзям даюць пад 20–25%. Ды вас у Амэрыцы за такія апэрацыі пасадзяць на электрычнае крэсла як жуліка ў асабліва буйных памерах. А ў нас ён 11 гадоў быў міністрам, ды яшчэ лічыўся на Захадзе лепшым.

Канечне, лепшы. Прадалі нафту і газ, выручылі грошы, адвезьлі за паперкі, казначэйскія абавязаньні. І сядзяць, ня ведаюць, што рабіць і якім чынам падтрымаць сваю эканоміку, сваю вёску і сваіх таленавітых людзей».

Пры сыходзе з Эўропы трэба было патрабаваць: нікога, з кім мы працавалі, перасьледаваць ня будзеце

«Каб у Гарбачова замест латкі на мазгах была галава, а Ельцын меней піў, то пры сыходзе з Эўропы трэба было падпісаць усяго адзін дакумэнт з трох параграфаў. Перакананы, што немцы і палякі на каленцы падпісалі б. Першы пункт: мы краіна-пераможца, мы разграмілі фашыстаў. І сыдзем у свае прасторы, высока ўзьняўшы чырвоны сьцяг. Але на гэта трэба 4–5 гадоў. І вы нам заплаціце за ўсю інфраструктуру, якую мы вам збудавалі. У нас там была 500-тысячная армія і столькі ж цывільных. Былі заводы авіяцыйнай і аўтамабільнай тэхнікі, па рамонце танкаў і сыстэмаў сувязі. Уся інфраструктура. Немцы ня толькі падпісалі б, а яшчэ 150 мільярдаў далі б на аднаўленьне гарадкоў, нават на гэта розуму не хапіла.

Другое: вы ні ў якія ваенныя блёкі ў бліжэйшыя 500 гадоў уступаць ня будзеце. Тады ніякіх праблемаў з НАТО ў нас не было б. І трэцяе: нікога з тых, з кім мы працавалі, не перасьледуеце. Яны Эгана Крэнца, колішняга прэм’ера, пасадзілі ў турму. Я абышоў усю Эўропу, каб выцягнуць яго адтуль. Са Шродэрам сустракаўся, угаворваў. 60 парлямэнтароў з эўрапейскіх краінаў паставілі подпісы, і яго ўрэшце з турмы выпусьцілі. Але ж ён там адседзеў».

Ад Харкава натаўскія ракеты даляцяць да Цэнтру кіраваньня ў Маскве за 3–4 хвіліны

«Калі заўтра ўцягнуць Украіну ў натаўскую абойму — а цягнуць літаральна за вушы — і пад Харкавам паставяць свае ракетныя сыстэмы, у тым ліку і тыя, якія дрэнна ловяцца радарамі, то ў Маскву да Цэнтру кіраваньня ракетна-касьмічнымі сыстэмамі гэтыя аб’екты прыляцяць за 3–4 хвіліны. Вы кашулю не надзенеце, як вам усё абясточаць, вырубяць і прадыктуюць свае ўмовы...

Мне Садам Хусэйн паказваў у Багдадзе бамбасховішча — я да яго лятаў, калі ўжо запахла вайной, меў цэлую місію на гэтую тэму. Дык вось ён расказваў: першая ракета прабіла ў сховішчы амаль мэтровы арміраваны бэтон, а другая ўляцела ў гэтую дзірку і спаліла ўсіх, хто там быў. 500 чалавек зьнішчылі, сьцены паленым мясам пахлі. Жах проста. Асабіста я не хачу, каб гэта паўтарылася, катэгарычна не хачу. А вось НАТО ня супраць».

Лукашэнку крытыкавалі, што аднавіў «Лінію Сталіна», а ён зрабіў усё правільна

«Аднавіў Лукашэнка «Лінію Сталіна». Некаторыя яго за гэта падкрытыкоўвалі, а вы на ўсялякі выпадак часьцей туды заяжджайце і паглядзіце. Калі сталі ламаць Савецкі Саюз, заяўляючы, што Сталін абсалютна неабгрунтавана заключыў пакт Молатава-Рыбэнтропа, я запрасіў вядучых ваенных спэцыялістаў і сказаў: патлумачце мне, чаму Гарбачоў і Якаўлеў, уся гэтая праамэрыканская зграя, так абрынулася на тую дамову?

І яны падрабязна на мапах і матэрыялах патлумачылі. Каб не было гэтай дамовы і на 200–250 кілямэтраў заходнюю мяжу не пасунулі, то фашысты пачыналі б вайну не зь Берасьцейскай крэпасьці, дзе на 30 сутак загрузьлі, а пад Менскам. Не ад цяперашняга Калінінграду, а ад эстонскай мяжы. Да Ленінграду ўсяго 140 кілямэтраў. Першыя месяцы фашысты прасоўваліся з хуткасьцю 30–35 кілямэтраў за суткі, то бок былі б у Ленінградзе праз 5 сутак. І ні Пулкаўскія вышыні, ні Ладага не дапамаглі б».

Ленінска-сталінская мадэрнізацыя — найлепшая за апошняе стагодзьдзе

«За 100 гадоў апраўдалі сябе толькі два тыпы мадэрнізацыі. Калі некаторыя малаадукаваныя людзі пачынаюць пальцам тыкаць у Леніна-Сталіна, яны нічога ня ведаюць і не чыталі ніводнай працы. Не разумеюць ні той эпохі, ні іхняга подзьвігу. Ленін у 26 гадоў пералапаціў 500 крыніц, каб зразумець разьвіцьцё капіталізму ў Расеі. І даказаў з матэматычнай дакладнасьцю, што ніякіх пэрспэктываў няма.

У любым выпадку будзе сутыкненьне буйных дзяржаваў, і нас уцягнуць у гэтую вайну. З улікам адсталасьці і шмат чаго іншага спаляць імпэрыю. І калі Расея пачала згараць, ён знайшоў рашэньне — прапанаваў новую ідэалёгію. Не імпэрскую, не расейскага нацыяналізму, а ідэалёгію пабудовы на аснове справядлівасьці, сяброўства народаў і павагі да чалавека працы. Разваленая імпэрыя на вачах пачала зьбірацца. Ашаламляльна!»

Усім, хто ўцёк за кардон, адчынілі дзьверы: гатовыя прыняць без усялякіх наступстваў

«Сталін працягнуў палітыку Леніна. Ён выпакутаваў гіганцкую індустрыялізацыю. Ніякіх крэдытаў, ні шыша не было. А ён сваю ідэю рэалізаваў геніяльна. Празь цяжкасьці падняў калгасы, ня будзь іх — голад зьнішчыў бы краіну ў вайну. Ён стварыў 100 інстытутаў за два гады. Калі гавораць, што ўсе на яго агрызьліся, няпраўда гэта. Перад самай вайной былі праведзеныя тры ўнікальныя апэрацыі. У 1934–35-х савецкая ўлада прымірылася з кулакамі. У 1935–36-х быў зьняты перасьлед з казакоў і адноўленыя казацкія вайсковыя часткі.

Перад самай вайной маёмасныя клясы, пазбаўленыя палітычных правоў, былі ў іх адноўленыя. У 1945-м, пасьля перамогі, усім, хто ўцёк за кардон, адчынілі дзьверы: мы перамаглі, вяртайцеся, гатовыя прыняць вас без усялякіх наступстваў».

XS
SM
MD
LG