Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве ў Трацьцякоўскай галерэі ёсьць вядомая карціна расейскага мастака Васілія Максімава «Усё мінула» («Все в прошлом»).

На пярэднім пляне намаляваныя дзьве пажылыя жанчыны — пані і яе служанка. На заднім пляне можна бачыць будынак сядзібы, якая знаходзіцца ў занядбаным стане, з забітымі вокнамі. Гэтая карціна згадалася мне, калі я глядзеў па БТ сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком Камуністычнай партыі Расеі Генадзем Зюганавым.

Камуністычны лідэр РФ даволі часты госьць у Беларусі. Былі часы, у 1990-2000-я гады, калі Лукашэнка і Зюганаў былі ідэйнымі і палітычнымі саюзьнікамі. Абодва рэзка крытыкавалі рынкавыя рэформы, выступалі за інтэграцыю, рэанімацыю СССР.

Тады КПРФ кантралявала Дзяржаўную думу. Лідэр Кампартыі быў моцным лабістам афіцыйнага Менску, заўзятым прыхільнікам зьяднаньня двух краін. Ён увесь час піярыў беларускую сацыяльную мадэль, прапаноўваў рэалізаваць яе ў Расеі. Лукашэнка скардзіўся Зюганаву на Ельцына, Пуціна, прасіў дапамогі, і часта яе атрымліваў.

У ходзе прэзыдэнцкіх выбараў 1996 году ў Расіі беларуская і расійская прэса пісала, што ўлады Беларусі фінансавалі выбарчую кампанію лідэра камуністаў Г. Зюганава. Гэта сьцьвярджаў, у прыватнасьці, адзін з кандыдатаў у прэзыдэнты — генэрал А. Лебедзь.

Лукашэнка катэгарычна адмаўляў такі факт:

«Гэта няпраўда! Я вам клянуся, што зь Беларусі Зюганаў не атрымаў ні кроплі! Гэта потым маё імя зьвязалі з апазыцыяй, каб пасварыць з Ельцыным, і я яму даказаў, што гэта хлусьня! „Камсамолка“, здаецца, нават назвала суму — 10 мільёнаў даляраў. Да я за 10 мільёнаў павесіўся б. Гэта для мяне калясальныя грошы — я б лепш на іх тры стадыёны аднавіў. Вы пакажыце мне дакумэнты, што грошы пайшлі зь Беларусі, я на калені ўстану і буду прасіць прабачэньня перад прэзыдэнтам Расеі і перад кім хочаш». («Совершенно секретно», 1997, № 9)

У выніку ўсё абышлося, беларускі лідэр ані рук на сябе не налажыў, ані станавіўся на калені перад прэзыдэнтам Расеі.
У тыя часы ў Менску праходзілі шумныя пракамуністычныя шоў, з удзелам Зюганава, кшталту Кангрэсу народаў СССР ці зьезду кампартый СССР. Лідэр КПРФ быў жаданым госьцем на Ўсебеларускіх народных зьездах.

Але тыя часы даўно мінулі. Тут здарыўся пэўны парадокс, грымаса гісторыі. Зюганаў так моцна піярыў у Расеі беларускую мадэль, што Пуцін, прыслухаўся, і стварыў у РФ падобную палітычную сыстэму. Але аказалася, што ў такой сыстэме ані рэальныя партыі, ані апазыцыя не патрэбныя.

Там цяпер, як у Беларусі, толькі адзін палітык, усе астатнія яго толькі абслугоўваюць. І месца Кампартыі ў Расеі зусім нязначная. Яна выконвае ролю добра кіраванай сыстэмнай, канструктыўнай апазыцыі. За што змагаўся Генадзь Андрэевіч, тое і атрымаў. Гэта дрэнна і для Лукашэнкі, бо цяпер лабіст з Зюганава ніякі.

Гэтым разам Зюганаў прыехаў па ўзнагароду, ён атрымаў з рук Лукашэнкі ордэн Дружбы народаў. Варта адзначыць, што ў Расеі, таксама як і ў Беларусі, ідзе перадвыбарчая парлямэнцкая кампанія. Выбары ў Дзяржаўную думу РФ адбудуцца 18 верасьня гэтага году. То бок, праз тыдзень пасьля выбараў у Беларусі. Таму варта разглядаць гэтую паездку як перадвыбарчы піяр.

На гэтым тле вельмі знамянальна прагучала фраза Лукашэнкі «Мы ўзнагародзілі вас не да выбараў, а даўно». Даўно, гэта 9 чэрвеня. Тут якраз той выпадак, калі абвяржэньне трэба чытаць як сьцьверджаньне.

Падчас сустрэчы Лукашэнкі і Зюганава суразмоўцы рабілі камплімэнты адзін аднаму. Кіраўнік расейскай кампартыі хваліў Беларусь, існыя тут парадкі. Ён казаў, што Беларусь мае надзвычайны машынабудаўнічы комплекс:

«Я быў на ўсіх вашых буйных прадпрыемствах. Ваш МАЗ стандарту Еўра-6 падобны на касьмічны карабель, адна з найлепшых машын».

Зюганаў, мусіць, не здагадваецца, што беларускі машынабудаўнічы комплекс знаходзіцца ў глыбокім крызісе, МАЗ выжывае толькі за кошт бюджэтнай падтрымкі. Якраз днямі зьявілася інфармацыя, што продаж МАЗаў ў Расеі ў першым паўгодзьдзі зьнізіліся на чвэрць. Зюганаў пра гэта, мусіць, проста ня ведае. Ён прыехаў у Менск зусім непадрыхтаваны.

А Лукашэнка чарговым разам выказаў настальгію па СССР:

«Мы страцілі краіну, але самае страшнае, што мы страцілі сыстэму, якую стваралі за дзесяцігодзьдзі і роўнай якой не было ў сьвеце, якую трэба было шліфануць, дапрацаваць — і мы б былі зусім іншай дзяржавай нават пры развале Савецкага саюзу».

Здаецца тут лёгікі ў беларускага кіраўніка трохі бракуе. Справа ў тым, што калі б сыстэма была такой цудоўнай, то не было б развалу СССР.
Абодва суразмоўцы, як і паложана, казалі пра беларуска-расейскую інтэграцыю. Але неяк дзяжурна, па інэрцыі, без былога надрыву. Няма таго, што раньш было.

Здаецца цяпер, акрамя настальгіі па мінуўшчыне ў былых саюзьнікаў няма пра што і гаварыць. Як на той карціне, усё мінула.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG