Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цурпанаў на волі. Настойвае, што затрымалі яго паводле незаконнай інструкцыі пракурора і Дэпартамэнту аховы


Валадар Цурпанаў

Валадар Цурпанаў

Пасьля сутак зьняволеньня магілёўскага праваабаронцу Валадара Цурпанава вызвалілі ў судзе з-пад варты. Судзьдзя Ленінскага суду Вольга Бекешава адправіла матэрыялы адміністрацыйнай справы супраць актывіста на дапрацоўку. Яго вінавацяць у непадпарадкаваньні патрабаваньням міліцыі. Сваёй віны праваабаронца не прызнае.

Увесь сёньняшні дзень пра месцазнаходжаньне Валадара Цурпанава зьвестак не было. Позна ўвечары 30 траўня жонцы актывіста Ірыне патэлефанаваў супрацоўнік міліцыі і паведаміў, што муж затрыманы і што ён у парадку. На пытаньне жанчыны, ці можна прывезьці яму паесьці міліцыянт адказаў:

«Куды вы паедзеце на ноч гледзячы ў ізалятар часовага ўтрыманьня?»

З гэтага Ірына зрабіла выснову, што Валадар на «сутках». На раніцу ж высьветлілася, што ў ізалятары яго не было. У Ленінскім аддзеле міліцыі, куды пасьля афармленьня папераў павезьлі актывіста, заяўлялі жонцы і праваабаронцам, што і там яго няма. Пазьней міліцыянты пачалі адказваць, што з канвоем яго павезьлі ў суд. Тым часам ад 9 гадзіны раніцы і амаль да 17 гадзіны ў суд яго не прывозілі.

Бліжэй да 17 гадзіны Цурпанава разам зь іншымі затрыманымі па адміністрацыйных справах прывезьлі ў суд. Актывіст адразу ж заявіў, што ўмовы, у якіх яго ўтрымлівалі ў Ленінскім аддзеле міліцыі Магілёва, ён расцэньвае як катаваньне.

Першы званок жонцы.

Першы званок жонцы.

Паводле Валадара, апроч таго, што суткі ён быў у няволі бязь ежы, дык яшчэ ў малой камэры (2 на 1,5 м) разам зь ім начавалі яшчэ трое затрыманых. Адзін зь іх мусіў спаць у нагах у сукамэрнікаў. У міліцыі, казаў Цурпанаў, ніякіх заяваў наконт катаваньня ён не рабіў, але фіксаваў парушэньні, каб потым іх абскардзіць.

«Тое, што нас позна прывезьлі ў суд, — гэта сьведчаньне таго, як у міліцыі арганізавана праца. Супрацоўнікі аддзелу міліцыі не маглі знайсьці машыны, каб нас даставіць у суд. Што да ежы, дык утрыманьне ў аддзеле міліцыі не прадугледжвае кармленьня. Іншая рэч, што тыя міліцыянты, якія вакол мяне былі, у іх нават думкі ня ўзьнікла прапанаваць мне гарбаты зь якім печывам. Мяне больш за ўсё засмучае адсутнасьць гэтага людзкага складніка. Міліцыянты ж разумелі, што я не звычайны затрыманы, але гэта не спрацоўвала» — казаў пра ўмовы знаходжаньня ў міліцыі Валадар Цурпанаў.

Актывіст даводзіў, што ў камэры ён выварочваў кашулю і нагавіцы, як клаўся спаць, каб у судзе выглядаць прыстойна. Паводле Валадара, у камэры яму даводзілася спаць на бруднай падлозе.

Затрымалі ж актывіста 30 траўня ў будынку пракуратуры блізу 13 гадзіны. Туды ён прыйшоў, каб падаць скаргу з пратэстам на распачаты супраць яго раней адміністрацыйны працэс. Паводле актывіста, на ўваходзе ў яго пачалі патрабаваць дакумэнты і высьвятляць, чаму ён ідзе да памочніка пракурора. Цурпанаў палічыў і першае, і другое незаконным, запатрабаваў кнігу скаргаў і прапановаў. Ахоўнік, у сваю чаргу, зьвінаваціў актывіста ў непадпарадкаваньні ягоным патрабаваньням. На гэта актывіст адказаў, што такога правапарушэньня ён не рабіў, пра што сьведчыць запіс у кнізе наведнікаў. Аднак яго ўсё адно затрымалі.

Апынуўшыся на волі, праваабаронца заявіў, што працягвае настойваць: практыка, калі міліцыянты патрабуюць дакумэнты і высьвятляюць, навошта чалавек прыйшоў у дзяржаўную ўстанову, супярэчыць закону.

«Выходзіць, што камэрцыйная структура Міністэрства ўнутраных спраў прыйшла і ўсталявала ў грамадзкіх будынках, якія паслугоўваюць народу, свой рэжым.

У матэрыялах справы ёсьць інструкцыі, паводле якіх гэты рэжым усталяваны. Зь іх вынікае, што пракурор гораду з начальнікам Дэпартамэнту аховы дамовіліся, што супрацоўнікі Дэпартамэнту, якія стаяць на ахове, будуць патрабаваць, як, каму і куды ісьці ў пракуратуры. Калі нехта ня будзе падпарадкоўвацца гэтай лякальнай незаконнай інструкцыі, то апынецца там, дзе я пабываў».

З падобнымі паводзінамі супрацоўнікаў Дэпартамэнту аховы сутыкнуліся і журналісты ў будынку суду. Ім міліцыянт забараняў ня толькі рабіць фота- і відэаздымкі, але і весьці аўдыёзапіс. Свае патрабаваньні ён абгрунтоўваў таксама інструкцыяй. Дазвол на аўдыёзапіс у будынку, казаў ахоўнік, павінен даць старшыня суду.

Што да адміністрацыйнага працэсу супраць Цурпанава, дык яму паведамяць, калі ён мусіць прыйсьці ў суд.

Пасьля сутак няволі актывіст выглядаў бледна. Перадаць яму прадукты канвой забараніў: «не паложана».

У Магілёве Валадар Цурпанаў вядомы як руплівец і абаронца беларускай мовы. Акрамя таго, ён дамагаецца, каб супрацоўнікі камунальных службаў гораду выконвалі свае абавязкі як мае быць. Свае патрабаваньні ён рэгулярна пазначае ў кнігах скаргаў і прапановаў жыльлёва-эксплюатацыйных участкаў.

Раней адносна актывіста ўжо распачалі адміністрацыйны працэс, яму інкрымінуюць ілжывы выклік міліцыі. Валадар выклікаў міліцыю, калі яму адмовіліся ў той жа пракуратуры даць кнігу скаргаў і прапановаў. Гэтак сьцьвярджае праваабаронца. У матэрыялах гэтай справы пазначана, што выклік міліцыі быў беспадстаўны.

Валадар Цурпанаў больш як паўтара года ня мае працы. Адмовы ўзяць яго на працу аспрэчвае ў судзе.

Кантактуючы з рознымі ўстановамі, ён вымушаны быў адзначаць свае патрабаваньні ў кнізе скаргаў і прапановаў. Калі ж кнігу не давалі, ён выклікаў міліцыю.

Ужо калі яго затрымалі, Цурпанаў казаў журналісту, што зьняволеньне — спроба нэўтралізаваць ягоную актыўнасьць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG