Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыянэраў працягваюць звальняць за палітыку


Сярод беспрацоўных нямала актывістаў апазыцыі. Бальшыня зь іх страціла працу праз удзел у выбарчых кампаніях, у дзейнасьці незалежных прафсаюзаў, альбо, як заяўляюць некаторыя зь іх, — баронячы правы працоўных. Фармальная прычына звальненьня — сканчэньне тэрміну дзеяньня кантрактаў, або, у асобных выпадках, парушэньне працоўнай дысцыпліны. Страціўшы працу, знайсьці новую надзвычай складана.

2 ліпеня актывіст Таварыства беларускай мовы з Магілёва Валадар Цурпанаў прайграў суд гарадзкой лякарні, якая не ўзяла яго на працу зваршчыкам. Гэтую вакансію прапанавалі актывісту ў службе занятасьці. Пасьля гутаркі ў бальніцы, кажа Валадар, у прыёме на працу яму адмовілі, сказаўшы, што гэтае месца ўжо занятае.

Валадар Цурпанаў

Валадар Цурпанаў

За дзевяць месяцаў свайго беспрацоўя Цурпанаў некалькі разоў спрабаваў уладкавацца, аднак усюды яму адмаўлялі. Тры месяцы таму ён выйграў суд у жыльлёва-камунальнай управы, якая таксама адмовілася яго браць на працу пасьля накіраваньня са службы занятасьці. Але і выйграўшы суд, ён усё адно застаўся беспрацоўным.

«Ня ведаю, колькі гэта ўсё будзе доўжыцца. Але працяглы час мне на працу не ўладкавацца, калі толькі хто па-людзку не паспагадае», — выказвае думку пра пэрспэктывы свайго беспрацоўя Валадар Цурпанаў.

«Галоўны складнік, які на гэта ўплывае, — мова. Гэта як сыгнал для наймальніка. Сеціва поўна зьвестак пра мае судовыя спрэчкі з наймальнікамі. А яны імкнуцца жыць спакойна. Маючы процьму парушэньняў Працоўнага кодэксу, тэхнікі бясьпекі, кожны зь іх будзе асьцерагацца пагрозы, што прыйдзе нехта і будзе патрабаваць выправіць парушэньні. Гэта ж турботы лішнія і грошы. А на халеру гэта наймальніку?», — зазначае Цурпанаў.

Праблемы ў Цурпанава пачаліся пасьля звальненьня з арматурнага заводу за нібыта «сыстэматычнае невыкананьне без паважных прычынаў абавязкаў, ускладзеных працоўнай дамовай і правіламі ўнутранага працоўнага раскладу». Праз суд спрабаваў абараніць сябе, аднак марна. Кажа, што пацярпеў за патрабаваньне палепшыць умовы працы работнікаў прадпрыемства.

У Хоцімскім раёне Пётар Басейка беспрацоўны ад 2012 году. Зь ім мясцовы жылкамгас не пажадаў працягваць працоўных адносінаў.

Пётар быў сябрам ініцыятыўнай групы свайго земляка Валера Каранкевіча, які наважыўся быў стаць дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Пасьля ўдзелу ў выбарчай кампаніі, як сьцьвярджае Басейка, у раёне працы яму не знайсьці.

Мяне нават у пастухі не ўзялі з вышэйшай адукацыяй

«Падазраю, што не бяруць на працу праз маю тутэйшую палітычную дзейнасьць. Мяне нават у пастухі не ўзялі з вышэйшай адукацыяй заатэхніка, каб алімэнты плаціць. Хоць нават калі ёй не займацца, усё роўна цяжка знайсьці працу. Толькі па вялікім блаце яе адшукаеш», — кажа Пётар Басейка.

Пра ўдзел у палітычнай кампаніі суразмоўца не шкадуе. Кажа, што ўжо запісаўся ў ініцыятыўную групу Тацяны Караткевіч. Заяўляе, што ўлада ў цяперашнім выглядзе яму не патрэбная.

Адказваючы на пытаньне, ці не турбуе яго новы закон пра дармаедзтва, актывіст заяўляе, што не баіцца.

«Няхай садзяць на пятнаццаць сутак. У законе ж ёсьць такое, здаецца. Дзе я тут за пятнаццаць дзён зараблю 3 мільёны 600 тысяч? А так пасадзяць, нават карміць там будуць».

Пётар прызнаецца, што час ад часу езьдзіць на заробкі ў Расею. «Трохі папрацую, — кажа ён, — і вяртаюся. Там цяпер плацяць няшмат, але неяк жа трэба на хлеб зарабляць».

Валер Каранкевіч

Валер Каранкевіч

Вылучэнец у Палату прадстаўнікоў Валер Каранкевіч таксама беспрацоўны. У 80-х гадах ён кіраваў Хоцімскім раёнам. Пазьней у розныя часы займаў кіроўныя пасады. Апошнія чатыры гады працы знайсьці ня можа. Чакае пэнсіі. Да яе, кажа, засталося чатыры месяцы. На пачатку году зарэгістраваўся ў службе занятасьці. «Каб ня быць дармаедам і законна выйсьці на пэнсію», — тлумачыць актывіст.

«Каб дамагчыся працы, тры разы зьвяртаўся да старшыні райвыканкаму Вішнеўскага, два разы да дэпутата Краўцова. Ён пры мне ледзьве стол у кабінэце Вішнеўскага не зламаў. Загадаў, каб мяне ўладкавалі і пісьмова яму адказалі. Працы, аднак, для мяне ўсё роўна няма».

Пра беспрацоўе як вынік сваёй палітычнай барацьбы Каранкевіч не шкадуе.

«Мяне гэтая барацьба шмат чаму навучыла ў жыцьці. Дала сілу. Людзі ня могуць таго сказаць, што я магу».

«Аднак ёсьць і расчараваньне, — працягвае актывіст. — Апазыцыі, як кажа прэзыдэнт, у нас няма. Няма сапраўдных ідэйных барацьбітоў».

Шэрагі «палітычных» беспрацоўных тым часам папаўняюцца. 1 ліпеня стала вядома пра чарговае звальненьне сябра Свабоднага прафсаюзу Беларускага Сяргея Пічугова з Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў. На прадпрыемстве ён адпрацаваў 11 гадоў. Фармальная прычына звальненьня — сканчэньне тэрміну дзеяньня працоўнага кантракту.

Сказалі — кантракт скончыўся, і ўсё. За дзень папярэдзілі

«Сказалі — кантракт скончыўся, і ўсё. За дзень папярэдзілі. Гэта ж самаўпраўства адміністрацыі. Папярэдзіць павінны былі за месяц. Можа, так толькі ў Бабруйску робяць, а можа, і паўсюль. Прычына ж асноўная, што я ў Свабодным прафсаюзе. Яны тут са многімі з Свабоднага прафсаюзу гэтак расправіліся. Не працягваюць кантракты, і ўсё», — камэнтуе звальненьне Сяргей Пічугоў.

Летась у кастрычніку чацьвёра сяброў Свабоднага прафсаюзу Беларускага, якіх звольнілі з Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў, праводзілі на знак пратэсту галадоўку. Аднаўленьня на працы не дамагліся. Іх зьвінавацілі ў правядзеньні несанкцыянаванага мерапрыемства і пакаралі штрафам. Трое з чатырох застаюцца беспрацоўнымі.

Як і Сяргея Пічугова, іх звольнілі на той падставе, што кантракт скончыўся. Паводле працоўнага заканадаўства наймальнік мае права не тлумачыць прычыны звальненьня.

XS
SM
MD
LG